ВІНШУЕМ, НАШ ШАНОЎНЫ ВЕТЭРАН!

Общество

У цэнтры вёскі Ляды знаходзіцца невялікі дагледжаны дамок. Агароджа з сеткі вакол сядзібы дазваляе прахожым з ранняй вясны і да позняй восені любавацца мноствам разнастайных кветак. А яшчэ — узорным парадкам у двары. І ўсе ведаюць, што тут жыве сям’я Вяржбіцкіх — Ала Пятроўна і Казімір Ваўжынцавіч.

Мой аповед пра гаспадара. Сёння ветэрану вайны і працы, шаноўнаму Казіміру Ваўжынцавічу спаўняецца 90 год! Гэтага чалавека добра ведаюць на Чэрвеньшчыне. Сябруе ён і з «раёнкай», дзе друкаваліся яго матэрыялы. Таму не буду паўтараць факты біяграфіі, а больш увагі звярну на чалавечыя якасці.

Яшчэ са школьных гадоў, калі я вучылася ў 9-10 класах Лядзенскай школы, давялося адчуць увагу Казіміра Ваўжынцавіча як дырэктара навучальнай установы. Быў ён строгі, але справядлівы. Пасля я і сама стала настаўніцай, у 1979 годзе прыйшла на працу ў Лядзенскую школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. Гэта быў вялікі гонар, бо ўстанова адукацыі пад кіраўніцтвам К.В.Вяржбіцкага была адной з лепшых у раёне. Тут працавалі вельмі добрыя настаўнікі. Казімір Ваўжынцавіч як дырэктар быў тактоўны, мудры. Заўсёды адзначыць станоўчае, а потым неўпрыкмет падыдзе да праблемы, якая яго хвалюе ў рабоце педагога.

З 1984 года сённяшні паважаны юбіляр — на заслужаным адпачынку. Але яшчэ некалькі гадоў працаваў настаўнікам, перадаваў свой багаты вопыт.

Зараз, гледзячы на высокую постаць Казіміра Ваўжынцавіча, здзіўляешся, што час не ўладны над гэтым чалавекам. Толькі сівізна валасоў ды маршчынкі на твары сведчаць аб шаноўным узросце ветэрана. А яшчэ хваробы даюць знаць аб сабе і аб тым, што маладосць прайшла…

Але, не зважаючы на гады, Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі любіць займацца вырошчваннем памідораў і перцаў. Гэта яго захапленне. І штогод, не зважаючы на надвор’е, ён атрымлівае добры ўраджай гэтых культур. Безумоўна, ёсць тут заслуга і Алы Пятроўны. Са сваёй другой палавінкай яны разам вось ужо 56 гадоў. Менавіта яе любоў, увага, клопат, як зазначае Казімір Ваўжынцавіч, дапамагаюць яму быць у форме.

Разам з Алай Пятроўнай яны выгадавалі дваіх дзяцей — сына і дачку, якія жывуць у Мінску. Гонарам бабулі і дзядулі з’яўляюцца ўнукі, іх чацвёра. Асаблівую радасць адчуваюць яны тады, калі прыязджае праўнук Паўлік.

І яшчэ адна дэталь. Часта да калодзежа, што знаходзіцца ля хаты Казіміра Ваўжынцавіча і Алы Пятроўны, ідуць жыхары вуліц Новай і Маладзёжнай, каб набраць вады для піцця. Яна ў калодзежы Вяржбіцкіх вельмі смачная.

Ад імя колішніх вучняў, калег па працы і сябе асабіста віншую шаноўнага юбіляра з адметнай датай. Здароўя Вам, паважаны Казімір Ваўжынцавіч, бадзёрасці, аптымізму, усіх даброт! Няхай шчасліва доўжыцца Ваш жыццёвы шлях!

З павагай —

Ваша колішняя вучаніца і калега

Клаўдзія Адамаўна МІХІЕВІЧ, в.Луч

 

АД РЭДАКЦЫІ:

Мы таксама шчыра і сардэчна віншуем нашага даўняга чытача і няштатнага аўтара, паважанага ветэрана Казіміра Ваўжынцавіча Вяржбіцкага з шаноўным юбілеем! Зычым моцнага здароўя, трывалага дабрабыту, прыгожага даўгалецця, пабольш радасці ад дзяцей, унукаў і праўнукаў, сонечных дзён у жыцці і добрых людзей побач!

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *