У МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ — НА СПАТКАННЕ ДА КУПАЛЫ

Общество

Так супала ў дзевяцікласнікаў гімназіі, што ў Чэрвеньскі краязнаўчы музей на выставу, прысвечаную народнаму паэту Беларусі Янку Купалу, патрапілі якраз у Міжнародны дзень роднай мовы.  Тут пазнаёміліся з цікавай экспазіцыяй пад назвай “Над Іматрай”, якую прадаставіў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, а таксама паслухалі па шасці стэндах расповед экскурсавода Станіславы Чаславаўны Баркоўскай і паглядзелі ілюстрацыі мастакоў да твораў паэта. Як заўжды, Станіслава Чаславаўна вяла экскурсію на мілагучнай беларускай мове. Гімназісты ўважліва слухалі пра Пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці песняра, яго падарожжа ў Фінляндыю.

Экспазіцыйную прастору аб’ядноўвае мастацкі вобраз вадаспада Іматра — сімвал свабоды ў інтэрпрытацыі Янкі Купалы. Вадаспад выклікаў настолькі моцнае ўражанне ў паэта, што ён напісаў верш “Над Іматрай”. У ім не толькі перадаў веліч вадаспада, але і раскрыў свой настрой, думкі, выкліканыя яго сузіраннем аб тым, што вадаспад — гэта жывы помнік самой свабодзе. Верш вельмі выразна і з пачуццём прачытала сваім равеснікам па просьбе экскурсавода Анастасія Жыгімонт (на здымку справа). Пазней дзяўчына шчыра прызналася, што на выставе даведалася пра многія раней невядомыя ёй факты з біяграфіі Купалы. А яшчэ яна ўражана ўбачанымі гравюрамі, выкананымі па творах песняра беларускімі мастакамі розных пакаленняў: Арленам Кашкурэвічам, Георгіем Паплаўскім, Васілем Шаранговічам, Міхаілам Басалыгам, Барысам Заборам. У яе ўзнікла моцнае жаданне пачытаць іншыя творы таленавітага паэта.

— Мяне асабліва ўразіла работа Шаранговіча “Калыханка”, створаная па матывах Купалы і пра якую шмат цікавага расказала нам Станіслава Чаславаўна, — сказала Вераніка Калеснік. — Мне, як і многім, таксама бачыцца ў маладой і прыгожай жанчыне-маці, працаўніцы вобраз Радзімы.

Гімназістка Кацярына Сігаева распавяла, што якраз цяпер на ўроках беларускай мовы і літаратуры яны вывучаюць творчасць Янкі Купалы. І разам з сяброўкай Дашай Лупенковай рыхтавалі рэферат, шмат дадатковай літаратуры перагледзелі ў бібліятэцы і інтэрнэце. А выстава асабіста ёй дапамагла звярнуць ўвагу на тыя моманты ў жыцці беларускага песняра, якія яна раней не ведала. І прачытала  верш, які нядаўна вывучыла — “На сход”.

Разам з вучнямі на выставе быў настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі Валерый Васільевіч Захараў. Вось што ён заўважыў:

— Школьная праграма не ў дастатковай меры выражае ўсю сутнасць творчасці Янкі Купалы. Цудоўна ведаем, што гэты паэт — знакавая фігура ў развіцці не толькі беларускай літаратуры, але і найлепшых якасцей у сусветнай. Постаць нашага таленавітага песняра з’яўляецца носьбітам агульначалавечай культуры: дабрыні, шчырасці, адвагі, свабодалюбства… Хачу падзякаваць навуковаму супрацоўніку краязнаўчага музея Станіславе Чаславаўне, што яна заўжды імкнецца папулярызаваць беларускую культуру і, у прыватнасці, творчасць Янкі Купалы. Выстава больш удакладняе творчасць паэта ў перыяд яго знаходжання на тэрыторыі Фінляндыі. Школьная праграма гэтыя пытанні амаль не закранае. Вершы, якія тут напісаны, дапамагаюць уявіць песняра шматпланавага, інтэрнацыянальнага…

Паэзія Янкі Купалы — каштоўны скарб беларускай культуры, годнае прадстаўленне Беларусі ў свеце, паэтычнае асэнсаванне духоўнай сутнасці беларускага народа. Нездарма, характарызуючы творчую спадчыну свайго блізкага сябра, другі геній беларускага слова Якуб Колас засведчыў: «Паэзія Купалы — гэта квітнеючы і чароўны сад, дзе сабраны водар беларускай зямлі…»

І як цудоўна, што ў нашым раёне ў вучняў з’явілася магчымасць праз выставу папоўніць ўласныя веды пра вялікага паэта.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *