ТАМАРА БАРДЗІЯН: МЕСЦА ПРАЦЫ ЗМЯНІЦЬ НЕЛЬГА

Люди и судьбы

Бывае, людзям дадзена зразумець сваё прызванне яшчэ ў дзяцінстве ці юнацтве. Абраць захапленне, якое прыводзіць у прафесію. І ўсё жыццё прысвяціць любімай справе, не змяняючы першае працоўнае месца да самай пенсіі, а то і пасля яе. І ў гэтым — сапраўднае шчасце.

Так атрымалася і ў сённяшняга дырэктара Смілавіцкага гарпасялковага Дома культуры Тамары Платонаўны Бардзіян. З’явіўшыся на свет на малой радзіме продкаў, яна засталася ёй вернай. Як і прафесіі культработніка, цікавасць да якой праявілася яшчэ падчас вучобы ў школе. Актыўная, захопленая стасункамі з навакольнымі, Тамара часта прыбягала ў Дом культуры. Удзельнічала ў агітбрыгадзе, спявала ў вакальнай групе…

Мне ўсё тады падабалася, — тлумачыць. — І, забягаючы наперад, хачу сказаць: падабаецца і па сёння. Калі б наноў прапанавалі выбраць прафесію, я б прыйшла толькі ў гэтую, якой праслужыла ўсё жыццё…

Пасля заканчэння вучобы ў школе Тамара Платонаўна паступіла на рэжысёрскае аддзяленне тагачаснага Мінскага культасветвучылішча. Па заканчэнні атрымала спецыяльнасці «рэжысёр тэатральных пастановак», «кіраўнік тэатральнага калектыву». А працаваць прыехала ў свой любімы з дзяцінства гарпасялковы Дом культуры. Ды так і засталася. Летась быў працоўны юбілей — 35 гадоў.

Напачатку рабіла інструктарам, затым — метадыстам. А пасля Тамару Бардзіян прызначылі на пасаду дырэктара. З таго часу шмат змянілася тут маладых спецыялістаў. Адны — сыходзілі, другія — прыходзілі. І гэты працэс зменаў працягваецца і па сёння. І толькі пра Тамару Платонаўну Бардзіян можна сказаць, перафразуючы назву легендарнага фільма: месца працы змяніць нельга.

З аднаго боку, канешне, частая змена кадраў кіраўніку не ў радасць. А з другога, зазначае дырэктар гарпасялковага Дома культуры, ёсць і станоўчае. У кожнага новага маладога спецыяліста — мора энтузіязму, ідэй, праектаў… Кожны прыносіць у скарбонку ўстановы штосьці новае. Ды і тое, што гурткі мяняюцца, знаходзяцца ў пастаянным развіцці, не надакучае дзецям — юным цікаўным смілаўчанам, якія могуць паспрабаваць сябе і ў спевах, і ў танцах, і як вядучыя… А яшчэ — навучыцца ствараць прыгожыя вырабы сваімі рукамі ў самых розных тэхніках!

У свой час тут захапляліся то вырабамі з лазы, то выцінанкай… Саломкай, скурай, бісерам, лялькамі, цацкамі і многім іншым. Самыя ўдалыя работы і зараз упрыгожваюць памяшканні Дома культуры.

Хачу сказаць, што да мяне добрыя маладыя спецыялісты прыходзяць, —  зазначае Тамара Бардзіян. — Вось былі сёстры Альхімёнак — таленавітыя, адораныя, рознабакова адукаваныя. Адна з раёна з’ехала, а другая перайшла ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Яны займаліся выцінанкай, выраблялі адмысловыя лялькі, якія мы вазілі на выставы. Дарэчы, мне ўсе мае спецыялісты падабаюцца. А тое, што не затрымліваюцца, дык гэта спецыфіка нашай працы. Яна вельмі цікавая, але, скажам шчыра, не даходная. А чалавек, вядома, шукае там, дзе лепш…

Але ёсць у гарпасялковым Доме культуры штокольвечы і пастаяннае. Напрыклад, цудоўны хор са званнем «народны», даўно і добра вядомы далёка за межамі раёна.

Сёлета яму спаўняецца сорак гадоў, — тлумачыць Тамара Платонаўна. — А набыў наш хор папулярнасць, дзякуючы таленавітаму кіраўніку Антонію Вячаслававічу Міцкевічу, якога, на жаль, ужо няма з намі. Ён стварыў хор. Гэта яго дзецішча. І зараз мы працуем, у тым ліку, і ў памяць аб ім…

З задавальненнем прыбягаюць у Дом культуры займацца вакалам юныя смілаўчане. І хто ведае, магчыма, праз некалькі гадоў хтосьці з іх таксама прыйдзе ў гэты знакаміты калектыў і затрымаецца ў ім надоўга…

А пакуль юныя і дарослыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці радуюць смілаўчан, а то і чэрвеньцаў падчас святаў. Дарэчы, як зазначыла Тамара Бардзіян, тут добрыя кіраўнікі эстрадных калектываў, выкладчыкі харэаграфіі. Яны разам са сваімі выхаванцамі лёгка могуць зладзіць паўнавартасную канцэртную праграму — і без запрашэння прафесійных спевакоў. Актыўны ўдзельнік святаў і Смілавіцкі народны хор, якім кіруе зараз Алена Шут. Дзякуючы мясцовым і раённым уладам, Смілавічы таксама займелі летні амфітэатр, дзе зручна як артыстам, так і гледачам.

А што датычыцца самой Тамары Платонаўны, дык яна ў Доме культуры, апрача іншага, вядзе аматарскае аб’яднанне пад назвай «Эдэльвейс».

Яно аб’ядноўвае дарослых аматараў кветкаводства, — тлумачыць. — А пачалося ўсё з чаго… Неяк захацелася ўтульнасці ў нашых памяшканнях. І вось мы прынеслі кветкі з дому, а пасля і тут пачалі размнажаць ды вырошчваць. Тады да мяне і прыйшла ідэя — сабраць такіх жа апантаных аматараў кветак, як я сама. У «Эдэльвейсе» ў мяне — дзесяць чалавек. Прыходзяць і дзяўчаты з бібліятэкі, і прыбіральшчыца наша…

— А мужчын часам няма?!

На жаль, не. Дарэчы, летась у нас быў раённы выязны семінар, і якраз — па аматарскіх аб’яднаннях. На ім прысутнічалі і мужчыны — супрацоўнікі дамоў культуры. Ім вельмі спадабаліся заняткі ў «Эдэльвейсе»! Мы пачулі шмат водгукаў ад Рыгора Ладуцькі з Раванічаў, ад Ігара Гарашчука з Шасціснопаў… Яно і зразумела. Бо кветкі — гэта прыгажосць, дабрыня, любоў, душа… Таму я з задавальненнем займаюся імі на працы і дома. Дом у мяне — свой. Калі я туды перайшла, дык адразу пасадзіла мора кветак! На сёння, праўда, тых ужо не столькі, бо шмат трэба мець сіл і часу, каб іх вырошчваць. Таму ў мяне больш газону, чым кветак…

Прыгожыя кветкі са скуры ствараюць удзельнікі гуртка дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Фантазія». А кіруе ім Таццяна Таболіна. Адзіная праблема, што скурзавод цяпер не працуе. Таму ў будучым магчымы праблемы з матэрыялам.

Але калі яго не знойдзем — перакваліфікуемся! — бадзёра зазначае Тамара Бардзіян. — Яшчэ ж шмат чаго можна асвоіць…

Вось такі аптымізм пануе ў Смілавіцкім гарпасялковым Доме культуры. Тут цёпла, светла, утульна… Тут працуюць людзі, захопленыя сваёй справай. А значыць, культура ў Смілавічах будзе жыць! Пакуль тут ёсць такія энтузіясты, як Тамара Платонаўна Бардзіян…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *