ПРЫСВЯЦІЛІ АЛІМПІЯДЗЕ ЛЫЖНЫЯ СПАБОРНІЦТВЫ

Спорт

У дзень урачыстага адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы Чэрвеньскі лясгас правёў лыжныя спаборніцтвы сярод сваіх структурных падраздзяленняў.

Ва ўрочышчы «Іванічы» на старт выйшлі каманды ўсіх дзевяці лясніцтваў, вытворчага майстэрскага ўчастка (ВМУ) «Загор’е» і інжынерна-тэхнічных работнікаў лясгаса. Мужчыны спаборнічалі на дыстанцыі 2 кіламетры ва ўзроставых групах 18-35, 36 і больш гадоў. Жанчыны беглі на лыжах 1 кіламетр.

У мужчын узростам 18-35 гадоў перамог вальшчык Натальеўскага лясніцтва Віталь Упіт. Другое месца заняў ляснік Чэрвеньскага лясніцтва Дзмітрый Сергіеня, трэцяе — ляснік Валмянскага лясніцтва Андрэй Якімец.

Спаборніцтвы сярод мужчын больш сталага ўзросту выйграў ляснік Валмянскага лясніцтва Міхаіл Краснагір. Другім стаў Іван Крыцкі, ляснік гэтага ж лясніцтва, трэцім — Андрэй Гаўрыла, ляснік Іванаўскага лясніцтва.

У жанчын лепшы вынік паказала майстар ВМУ «Загор’е» Валянціна Аліферка. Другой прыйшла на фініш намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, трэцяе месца — у юрысконсульта лясгаса Святланы Кукалевіч.

Каманднае першынство дасталася лыжнікам Валмянскага лясніцтва. На другім месцы — інжынерна-тэхнічныя работнікі лясгаса, на трэцім — ВМУ «Загор’е».

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымалі Дыпломы і грашовыя прэміі, а мацнейшыя каманды, акрамя гэтых узнагарод, яшчэ і кубкі.

І.УЛАДЗІМІРАЎ.

Фота Жанны Чарнавец і Аляксандра Калько.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *