ПАВІНШАВАЛІ 90-ГАДОВУЮ ЮБІЛЯРКУ

Люди и судьбы

У календары Надзеі Антонаўны Акімавай з Чэрвеня першага лютага — «чырвоная» дата, дзень народзінаў. Сёлета яна юбілейная: Надзеі Антонаўне споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць юбілярку прыйшлі старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька і старшыня раённай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віталь Труш.

Надзея Акімава — ветэран педагагічнай працы, яе бесперапынны настаўніцкі стаж налічвае 36 гадоў. Нават будучы на заслужаным адпачынку, яна імкнулася быць побач з дзецьмі: пэўны час працавала выхавацелем у дзіцячым садку.

Нарадзілася Надзея Акімава ў шматдзетнай сям’і. Усе чатыры яе браты ваявалі: старэйшы Уладзімір — у савецка-фінскую вайну, Аляксандр, Мікалай і Антон — у Вялікую Айчынную. Апошні пайшоў у салдаты са студэнцкай лавы: напачатку 40-х ён вучыўся ў артылерыйскім вучылішчы. Аляксандр і Мікалай з фронта не вярнуліся.

Як і старэйшы брат, Уладзімір, пасля вайны яна настаўнічала. Скончыўшы гісторыка-філалагічнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута па спецыяльнасці «беларуская мова, літаратура і гісторыя», выкладала ў Чэрвені, у другой школе. Яна ганарыцца сваімі былымі вучнямі. І гэтае пачуццё — узаемнае. Яны завіталі да Надзеі Антонаўны на дзень сустрэчы выпускнікоў, які сёлета супаў з яе юбілеем, — павіншаваць, успомніць школьны час, падзякаваць за сумленную працу і падтрымку.

Побач з Надзеяй Акімавай не толькі былыя вучні, але і родныя людзі: два ўнукі і нявестка. Нягледзячы на тое, што жывуць і працуюць яны ў Мінску, ледзь не штотыднёва лёгка пераадольваюць кіламетры, што ляжаць ад сталіцы да райцэнтра. Сваякам ёсць чым падзяліцца — ці то апошнімі навінамі, ці то цеплынёй і добрым словам.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *