ЛЫЖНАЕ СВЯТА САБРАЛА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ БАГАТА

Спорт

Больш за 100 чалавек узялі ўдзел у раённым зімовым свяце «Лыжная гонка-2014», якое прайшло ў суботу ў чэрвеньскім лесапарку «Загор’е».

На старт выйшлі 25 каманд. Яны прадстаўлялі працоўныя калектывы чэрвеньскіх вытворча-харчовага завода, філіяла «Беларусбанка», лясгаса, камунгаса, ПМК-8, ААТ «Раванічы», «Запольскае» і сельгасфіліяла «Новыя Зелянькі», а таксама аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (па дзве і тры каманды, адпаведна), трох гарадскіх школ і гімназіі, СШ №1 і 2 Смілавічаў, раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Смілавіцкага аграрнага каледжа, Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя, раённай бальніцы і Запольскай школы.

Спаборніцтвы прайшлі ў пяці ўзроставых групах — 18-30 гадоў, 31-40, 41-50, 51-60, больш за 60 гадоў — на дыстанцыю 1 кіламетр у жанчын і мужчын. Яны вызначаліся высокім напалам барацьбы і добрай арганізацыяй, якую ўзяў на сябе фізкультурна-спартыўны клуб аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (старшыня — Леанід Губарэвіч).

Першыя месцы ў сваіх узроставых групах занялі Ілона Мялешка, Тамара Крук і Браніслава Аўчыннікава (Смілавіцкі аграрны каледж), Наталля Бабіч (вытворча-харчовы завод), Наталля Анікевіч (філіял «Беларусбанк»), Міхаіл Кардымон (РАУС), Віталь Ладуцька (ААТ «Раванічы»), Андрэй Баброў (аддзел па надзвычайных сітуацыях), Анатоль Далгаполаў (камунгас) і Генадзь Сычоў (райбальніца). Прызёрамі спаборніцтваў сталі: Святлана Какорына (філіял «Новыя Зелянькі»), Кацярына Кульша (ААТ «Раванічы»), Наталля Гарлоўская і Юлія Ярашэвіч (СШ №3 Чэрвеня), Наталля Верына (камунгас), Ларыса Мурашка і Іна Сасункевіч (ААТ «Раванічы), Валянціна Кішко (Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй), Раіса Курыловіч (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама) і Ганна Каратчэня (СШ №2 Чэрвеня), Аляксандр Мурашка і Рыгор Дзігалёў (ААТ «Раванічы»), Андрэй Гаўрыла і Міхаіл Чарнавец (лясгас), Андрэй Кірнішнюк і Максім Гамеза (аддзел па надзвычайных сітуацыях), Станіслаў Скуратовіч (філіял «Беларусбанк»),  Віктар Галубовіч (Смілавіцкі аграрны каледж), Сяргей Прыступа (Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй) і Міхаіл Тарасаў (СШ №4 Чэрвеня).

У спаборніцтве сярод працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак перамагла каманда ААТ «Раванічы». Другое месца — у філіяла «Беларусбанка», трэцяе — у лясгаса.

Сярод устаноў адукацыі і аддзелаў райвыканкама першынствавала каманда Смілавіцкага аграрнага каледжа. На другім месцы — раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, на трэцім — СШ №4 Чэрвеня.

Пераможцы і прызёры індывідуальнага спаборніцтва ўзнагароджаны Дыпломамі і медалямі, а за першае месца — яшчэ і грашовымі прызамі. Мацнейшым камандам уручылі Дыпломы і ганаровыя кубкі. Узнагароджанне правялі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымках: жанчыны на старце…; …і фінішы;  п’едэстал гонару ў мужчын узростам больш за 60 гадоў: Генадзь Сычоў (у цэнтры), Міхаіл Тарасаў (справа) і Рыгор Дзігалёў; Ілона Мялешка з аграрнага каледжа — мацнейшая лыжніца ва ўзроставай групе 18-30 гадоў; Віктар Галубовіч — капітан каманды Смілавіцкага аграрнага каледжа, якая перамагла ў спаборніцтве сярод устаноў адукацыі і аддзелаў райвыканкама; у каманды ААТ «Раванічы» — першае месца сярод прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак.


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *