Іван ІВАНЦОЎ, галоўны спецыяліст службы бяспекі «Беларусбанка»

Общество

Нарадзіўся ён у Пухавіцкім раёне, у  працоўнай сям’і , і быў малодшым з чатырох дзяцей. Пасля школы, як большасць юнакоў сямідзесятых, пайшоў у войска. Служыць давялося ў Ленінградскай ваеннай акрузе. Калі пасля арміі уладкаваўся на працу ў мінскую міліцыю, выпала магчымасць яшчэ раз паехаць ў Ленінград — вучыцца ў сярэдняй школе міліцыі. Пасля яе пачаў працаваць аператыўнікам, займаўся вышукам і раскрыццём крымінальных і эканамічных злачынстваў.

Потым перавёўся ўчастковым міліцыянерам у Пухавічы. У той час  зноў паступіў вучыцца, і зноў — у Ленінград, толькі цяпер ужо ў Юрыдычны інстытут МУС Расіі. У 1984 годзе ажаніўся на прыгажуні з Віцебшчыны. З Ларысай выгадавалі дваіх дзяцей — сына Ігара і дачку Таццяну. Зараз у Івана Іванавіча ІВАНЦОВА ёсць унучка, трэццякласніца Валерыя, а яшчэ дзядулін гонар, прадаўжальнік роду, цёзка — першакласнік Ваня, які жыве ў пасёлку Дружны. Сын Ігар збіраўся пайсці па слядах бацькі, некалькі гадоў служыў у міліцыі. Але потым абраў  іншую  прафесію,  і зараз працуе ў абслугоўваючай прыватнай фірме.

Карьера ж Іванцова-старэйшага пасля працы ў Лагойску і Пухавічах прывяла яго ў Чэрвень. У 2003 годзе Іван Іванавіч быў прызначаны начальнікам Чэрвеньскага РАУС. Працаваў на гэтай пасадзе да выхаду ў адстаўку па выслузе гадоў. Год пасля таго быў начальнікам аддзела ЖКГ райвыканкама. А потым перайшоў у службу бяспекі аддзялення «Баларусбанка». У маі будзе шэсць гадоў, як Іван Іванавіч на гэтай пасадзе. Вопыт работы ў міліцыі, добрае веданне спраў юрыдычных асоб вельмі карысныя ў рабоце з кліентамі банка. Калегі паважаюць яго, часта звяртаюцца за парадамі, прыслухоўваюцца да яго меркаванняў. Бяруць з яго прыклад больш маладыя і ў актыўным ладзе жыцця: Іван Іванавіч займаецца спортам, наведваецца ў спортзалу РАУС, любіць спарынгі па барацьбе, футбол, настольны тэніс. Удзельнічае ў раённых спаборніцтвах за каманду банка.

Праз усё жыццё Іван ІВАНЦОЎ нясе перакананне, што адно з найлепшых у жыцці чалавека багаццяў, акрамя  сям’і, дзяцей, — гэта сяброўства. «У мяне шмат сяброў, і я ганаруся гэтым, — зазначае Іван Іванавіч. — Яшчэ з часоў вучобы ў Ленінградзе  падтрымліваем адносіны з аднакашнікамі, па сённяшні дзень, дапамагаем адзін аднаму, сустракаемся, нягледзячы на тое, што хтосьці жыве ў Расіі, хтосьці на Украіне. Добрыя стасункі ў мяне і з былымі калегамі па міліцыі, не толькі чэрвеньскімі, але і пухавіцкімі, лагойскімі. Калі-нікалі па жыцці нават жонка робіць заўвагі!.. Маўляў, шмат увагі ўдзяляю сябрам і шмат каму дапамагаю замест якіх дамашніх заняткаў… Але ведаеце, служба ў міліцыі, асабліва праца ўчастковага — гэта ж не толькі выкрываць злачынцаў. Гэта — дапамагаць. Ставіць на правільны жыццёвы шлях. Я сапраўды шмат каму дапамог і ганаруся гэтым, бо, па вялікім рахунку, які яшчэ можа чалавек пакінуць след пасля сябе, акрамя добрага слова ў людской памяці».

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *