ЖЫВЁМ І ДЫХАЕМ АДНЫМ ПАВЕТРАМ З ВАМІ…

Общество

Добры дзень, паважаныя супрацоўнікі «Раённага весніка»! Віншуем з 2014-ым годам, які ўжо крочыць з намі! Жадаем моцнага здароўя, плёну ў справах, павагі ад людзей, утульнасці і цяпла ў сем’ях. А любімай «раёнцы» ў гонар юбілею — шчырых, добразычлівых чытачоў, узаемаразумення, падтрымкі і поспехаў!

Наша сям’я Барбукоў (маё жаночае прозвішча) выпісвае і чытае раённую газету з таго часу, як мы, дзеці, увогуле навучыліся чытаць і пісаць… Калі яна называлася «Калектывіст», «Уперад»… А бацькі не развітваліся з ёю ніколі. Ну, а цяперашняя наша сям’я — Несцяровічаў — жыве і дыхае адным паветрам з газетай.

Я, Аляксандра Пятроўна Несцяровіч, супрацоўнічала з «раёнкай» на працягу васямнаццаці гадоў, была няштатным карэспандэнтам. Распавядала, у асноўным, пра наш (у той час — савецкі) лад жыцця. Прыводзіла прыклады цудоўных адносінаў лепшых працаўнікоў раёна да сваіх абавязкаў, выказвала гонар і падзяку ім за добрасумленную працу… Асабліва прыемна было пісаць пра тых, чые партрэты змяшчаліся на Дошцы гонару, якая знаходзілася ў цэнтры Чэрвеня. Прыемна было распавядаць і пра бацькоў, пра сем’і, якія выхоўвалі сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, цудоўных працаўнікоў калгасаў, саўгасаў, інжынераў, урачоў і г.д. Многія гады «раёнка» падшывалася і захоўвалася ў нашай сям’і.

Мы, няштатныя карэспандэнты, часта збіраліся ў рэдакцыі на сустрэчы, каб абмеркаваць неабходны матэрыял, спланаваць задачы на будучае. У нас захоўваецца некалькі фотаздымкаў, дзе мы — разам з тагачасным рэдактарам Аляксандрам Станіслававічам Бушэнкам, Галінай Леанідаўнай Бярковіч ды іншымі. Дарэчы, Аляксандр Станіслававіч працаваў з намі шчыра, тактоўна. Ён быў для нас сапраўдным настаўнікам і дарадцам. Я яго прыгадваю заўсёды з вялікай павагай і любоўю. З таго часу засталіся памятныя сувеніры, невялікія падарункі… Былі і ганарары…

Наш сын Уладзімір таксама супрацоўнічаў з раённай газетай у школьныя гады — пісаў кароткія замалёўкі, артыкулы, заметкі… А пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў рэкамендацыю ад рэдакцыі, характарыстыку з некаторымі яго публікацыямі для паступлення на журфак. Дзякуй! Ён адпрацаваў ваенным журналістам да 40-гадовага ўзросту, цяпер — на пасадзе прэс-сакратара ў Міністэрстве. Часта выступае на тэлебачанні і радыё.

Памятаю, як прыйшла працаваць у рэдакцыю маладая прыгожая Людміла Рыгораўна Грабчыкава (цяпер — Рабецкая, рэдактар). Яна ўсім спадабалася за адкрытасць, добрае сэрца, за сціпласць, імкненне разумець людзей і справу, якой служыць.

Шмат лістоў даслалі чытачы газеты, каб павіншаваць яе з юбілеем. Малайцы! Я згодна з усімі меркаваннямі, падзякамі, прызнаннямі.

Наша сям’я з задавальненнем чытае кожны нумар газеты. Яшчэ раз — з юбілеем! Дарэчы, наш сын Уладзімір прасіў і ад яго імя павіншаваць супрацоўнікаў рэдакцыі «Раённага весніка», пажадаць здароўя, задавальнення ад працы, натхнення.

Вострага вам пяра!

З павагай —

сям’я НЕСЦЯРОВІЧАЎ,

г.Чэрвень

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *