У Чэрвеньскім краязнаўчым музеі — выстава творчасці ўкраінскіх майстроў роспісу з Петрыкоўкі

Общество

Арганізавана яна пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. Выстава дае цудоўную магчымасць далучыцца да самабытнай культуры нашых суседзяў. На ёй прадстаўлены вельмі арыгінальныя жывапісныя работы на паперы і дрэве, таленавіта размаляваныя талеркі, куфар — усё ў традыцыях петрыкоўскага роспісу. Індывідуальнасць кожнага экспаната гарманічна спалучаецца ў агульную экспазіцыю, якая мае прыцягальную назву “Петрыкоўскі роспіс — жамчужына Украіны”.  Яна напоўнена светлым пачуццём сардэчнай любові да бацькаўшчыны, яе непаўторнай прыроды, акунае ў буйства фарбаў і фантазій.

Цікавая гісторыя ўзнікнення такога роспісу.  Петрыкоўка — сяло ў Днепрапятроўскай вобласці.  Вядома, што ўпершыню тутэйшае прывабнае для пражывання  месца аблюбаваў атаман войска запарожскага Петр Калнышэўскі. Было гэта ў 18 стагоддзі. Казакі пачалі будаваць тут свае хаты з гліны, а гаспадыні — прыгожа размалёўваць сцены. Для гэтага выкарыстоўвалі яркія святочныя колеры, віціеватыя ўзоры з мноствам дробных і складаных элементаў. Пэндзлі рабілі з поўсці жывёлы, фарбы разводзілі на яйках і малацэ. Жанчыны спаборнічалі паміж сабой, імкнучыся зрабіць свой дом самым прыгожым. І калі гэта ўдавалася,  казалі: прыгожа, як у царкве.

Сакрэты майстэрства петрыкоўцы перадавалі з пакалення ў пакаленне, і роспіс стаў  у іх добрай традыцыяй. Пазней ён распаўсюдзіўся на печы, посуд, брычкі, абрусы і ручнікі, куфры, шматлікія прадметы хатняга ўжытку. А цяпер петрыкоўскае  дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ўспрымаецца як нацыянальны здабытак украінцаў. Ім ганарацца, яго шануюць,  захоўваюць і развіваюць…

Пра гэта і шмат чаго іншага цікава распавядае дасведчаны экскурсавод навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Станіслава Чаславаўна Баркоўская.

Дарэчы, выстава ўжо пабывала ў многіх гарадах Беларусі і ўсюды выклікала шчырую цікавасць, сапраўднае здзіўленне ад убачанага. А зараз наведаць яе ёсць магчымасць і ў чэрвеньцаў. Выстава працягнецца да канца студзеня.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *