ПРАВЯЛІ МАЙСТАР-КЛАС ПА ПРЫГАТАВАННІ СТРАЎ БЕЛАРУСКАЙ КУХНІ

Общество

Часам так складваюцца абставіны, што чалавек  вымушаны  знаходзіцца ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для дарослых у в.Язоўкі. Тут атрымліваюць належную апеку, догляд і ўвагу. Адно, чаго  не хапае — самастойнасці, адчування сябе ў грамадстве,  насельнікі дома-інтэрната не маюць магчымасці выязджаць па-за межы ўстановы.

Але ёсць  неабыякавыя да гэтай праблемы людзі. Нядаўна мы друкавалі ў «Раённым весніку» артыкул пра рэалізацыю міні-праекта Міжнароднага Грамадскага Аб’яднання «ГОЛАС СЭРЦА», прысвечанага далучэнню жыхароў дома-інтэрната да гісторыі і культуры Чэрвеньшчыны. Акрамя гэтага ў праект уваходзіць  таксама навучанне стасункам і паводзінам у грамадстве, правядзенне майстар-класаў.  Робіцца гэта дзеля таго, каб сацыяльна ізаляваныя людзі адчулі сябе патрэбнымі, авалодалі навыкамі вядзення гаспадаркі.

А  нядаўна кіраўнік МГА «ГОЛАС СЭРЦА» Святлана БЛАЙ, каардынатар праекта «Гэты свет вялікі, ён — твой і мой!» Паліна ЧЭРКАС і дацэнт  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Любоў СІВУРАВА правялі  ў доме-інтэрнаце майстар-клас па традыцыйнай беларускай кухні. Усе актыўна ўдзельнічалі ў працэсе прыгатавання простых, але смачных страў. Гэта вінегрэт, рысавая куцця з разынкамі і мёдам, боршч з капустай і грыбамі. Пасля прыгатавання ўсе сабраліся за смачным сталом, каб паласавацца.

Кіраўнік арганізацыі Святлана БЛАЙ зазначыла, што дзейнасць праекта на гэтым не заканчваецца. Плануецца яшчэ правядзенне майстар-класаў, гутарак, экскурсій. А ў межах наступнага праекта — навучанне непісьменных. Галоўнае, каб яны адчувалі сябе патрэбнымі і вучыліся валодаць элементарнымі навыкамі вядзення хатняй гаспадаркі.

Кацярына ШУМКО.

Фота аўтара

На здымках: падчас правядзення майстар-класа

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *