НЕРАЗЛУЧНЫЯ СЯБРЫ — ДАРОСЛЫЯ І ДЗЕЦІ, АЛЬБО НАВАГОДНІ МАРАФОН

Общество

Здавалася б, доўгачаканыя вакацыі надышлі ўжо, і ў школьных калідорах павінна стаць спакайней. Але не! У першыя ж іх дні многія бацькі і вучні ў школу — прыйшлі. Чаму?

Па-першае, дарослыя завіталі са сваімі дзецьмі на навагоднія прадстаўленні, якія для іх старанна рыхтавалі педагог-арганізатар Ірына Міхайлаўна Жулега, класныя кіраўнікі і самыя актыўныя навучэнцы з сёмага-дзявятага класаў. Бацькі вучняў 1-4 класаў спачатку шчыра парадаваліся за сваіх дзяцей, якія дружна вадзілі карагоды, актыўна абаранялі касцюмы (чыталі вершы, спявалі песні, паказвалі сцэнкі), і з пяшчотай і хваляваннем у гэты час ўспаміналі сваё дзяцінства. А затым не вытрымалі і пачалі разам з дзецьмі ўдзельнічаць у конкурсах! Мяркуючы па ўсмешках і водгуках, не толькі вучні, але і бацькі атрымалі ад прадстаўленняў сапраўднае задавальненне.

Прыйшлі на навагодні паказ і бацькі вучняў 5-7 класаў. Яны «хварэлі», падтрымлівалі ўдзельнікаў захапляльных конкурсаў і былі не менш здзіўлены артыстычнымі здольнасцямі сваіх дзяцей, якія асабліва праявілі каманды шостага-сёмага класаў.

На навагоднім КВЗ сярод старшакласнікаў (ідэйным натхняльнікам якога была класны кіраўнік дзявятага класа Людміла Уладзіміраўна Кацько) каманда педагогаў, шматлікая каманда дзявятага класа, каманда дзясятага класа годна выступілі і парадавалі сябе і гледачоў у конкурсах «Прывітанне», «Навагодняе пытанне”, «Агучка фільма». Паважаныя бацькі, гэта было мора адрэналіну і станоўчых эмоцый. Спытайцеся ў сваіх дзяцей! Ну, а нам будзе прыемна, калі ў новым годзе з’явіцца і каманда бацькоў.

На наступны дзень, а гэта была субота, каманда актывістаў (Карына Журовіч, Анастасія Мельнікава, Марыя Хадыка, Алег Харытановіч з восьмага класа) радавалі дзяцей і дарослых Чэрвеня сваім выступленнем на раённым свяце-конкурсе Дзядоў Марозаў і Снягурак.

А ў гэты час у будынку самой школы праходзіла пасяджэнне бацькоўскага клуба «7-я» («Сям’я») . Кіраўнік Людміла Іванаўна Гавароўская прапанавала правесці яго ў форме майстар-класа «Майстэрня Дзеда Мароза». А ролю гэтага казачнага персанажа ўсклалі на кволыя плечы супертворчай асобы — Наталлі Уладзіміраўны Корзун, якая навучыла ўсіх прысутных хутка і якасна рабіць навагоднюю ёлку з … А вось і не здагадаецеся, з чаго! Такога ў нас яшчэ не было! З … ватных дыскаў!  Наталлі Уладзіміраўне, нашаму Дзеду Марозу (хаця яна больш падобная на Снягурку), усеагульны давер — 100 %! Бо яна і сын Мікіта — неаднаразовыя дыпламанты раённых і абласных конкурсаў.

Праца кіпела, справа атрымлівалася ва ўсіх сяброў клуба без выключэння. За першым і самым шматлікім столікам дружна працавалі: тата (і ён быў пакуль адзіным мужчынам) Віктар Аляксеевіч Маісееў і мама Ганна Віктараўна Рыпінская, у якіх меліся сур’ёзныя памочнікі ў асобе сына Мікіты і пляменніка Данілы (2-і клас). За другім столікам — мама Наталля Мікалаеўна Семяновіч з дачкой Міланай (3-і клас). За трэцім прыёмная мама — Марыя Фёдараўна Рыпінская з дачкой Наташай (3-і клас). За чацвёртым — мама Галіна Уладзіміраўна Новік з дачкой Дашай (3-і клас).

Ялінкі атрымаліся, як натуральныя! Сёй-той з удзельнікаў клуба паспеў зрабіць і дзве. Усмешкі на тварах, добры настрой, планы на люты — вось чым скончыўся наш майстар-клас. Дзякуй бацькам за ўзаемадзеянне!

Тамара ЗАБАЎСКАЯ,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 г.Чэрвеня.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *