«Наша газета на любы густ кладзецца»

Общество

Таццяна ЖДАНОВІЧ, в. Рэчкі:

Свае першыя крокі ў  раённай газеце я рабіла як разгадчык красвордаў. Потым пачала  складваць  іх сама.  Дасылала ў раёнку, іх апрацоўвалі, акуратна вычэрчвалі сетку, даводзілі да ладу  і , якая радасць,  друкавалі. Затым,  дзякуючы колішняму рэдактару Аляксандру Станіслававічу Бушэнка, які  заўважыў у мяне  журналісцкія здольнасці, пачалі друкаваць мае замалёўкі пра аднавяскоўцаў, вясковыя небыліцы. Мяне падтрымлівалі і  прасілі надалей супрацоўнічаць з газетай.

Да гэтага часу памятаю  самы  незвычайны падарунак, якім мяне,  як аднаго з  актыўных аўтараў,   ўзнагародзіла  рэдакцыя раённай газеты … смілавіцкімі валёнкамі. Якая я ж гордая ехала на рэйсавым аўтобусе  дадому з перакінутым чераз плячо падарункам!

Сваю ж першую пробу пяра  пачынала на старонках піянерскіх газет з чацвёртага класа.  За актыўнае супрацоўніцтва  газета «Зорька» узнагародзіла імянной пуцёўкай у рэспубліканскі лагер «Зубраня»  на юнкораўскую змену. Пра гэта напісалі ў нашай раённай газеце тады яшчэ «Уперад».  Памятаю, як прыехаў у школу былы фотакарэспандэнт газеты Леанід Гохман і сфатаграфаваў мяне, як адну з таленавітых вучаніц.  Маё фота доўга захоўвалі бацькі. Які ж гонар гэта быў і для іх, і для школы, і для мяне! З таго  часу у мяне з»явілася яшчэ большае жаданне пісаць у газету.

Потым мой партрэт надрукавалі ў газеце як дэпутата  Чэрвеньскага райсавета. Якая я атрымалася на ім прывабная, маладая і такая сур»ёзная!

Затым была цэлая фотасесія ў родных Рэчках,  калі рыхтаваўся матэрыял пра нашу вёску пад рубрыкай «Куточак Чэрвеньшчыны» і якую цудоўна зрабіла Эма Мікульская.  Дарэчы, я вельмі люблю яе фотаэцюды з дзецьмі. Столькі  дабрыні, непасрэднасці, адкрытасці  ў кожным кадры!

Пачынаю чытаць раённую газету з першай старонкі з афіцыйных матэрыялаў. Некаторыя іх ігнаруюць, а мне  яны патрэбны для работы, каб інфармаваць або патлумачыць вяскоўцам пра найбольш важныя  падзеі ў краіне, вобласці. Люблю чытаць лірычную старонку, асабліва паэзію Раісы Вераціла, Уладзіміра Пецюкевіча. Апошнім разам мне вельмі спадабалася казка Генадзя Аўласенкі  пра Бусю. На жаль, даўно не бачыла на старонках вершы Людмілы Запрудскай з Рудні.

Малайчына Уладзімір Георгіевіч Дарагуж. Заўсёды чакаю яго эпіграмы, замалёўкі  і чытаю іх з задавальненнем.  Піша трапна, яскрава, з пачуццём гумару.

Крэатыўна  выказвае свае думкі Наталля Каралькевіч на старонках «Равесніка» для падлеткаў. Мне па духу яе стыль, мо, і я б так пісала ў маладосці.

Расповяды Святланы Адамовіч чытаем усёй сям»ёй услых. Яны шчырыя, такія праўдзівыя да слёз, на сакавітай і граматнай роднай мове.

А вось і рэкламны шчыток. Што рэкламы зашмат — відавочна. Але ж газета жыве за яе кошт. Разумею, таму і пагаджаюся. Самой неаднойчы прыйшлося карыстацца аб»явамі. Вырашыла памяняць вокны ў доме. Чытаю, ажно 8 аб»яў пра вокны, ледзь выбрала. Дарэчы, у маёй сумачцы ляжаць выразкі  з аб»явамі. Вось «таксі», «ветурач на выклік», «куплю жывёлу». Карыстаюся імі сама і падказваю сваім аднавяскоўцам..

На маю думку, наша газета на любы густ кладзецца. Матэрыялы, у асноўным, пазітыўныя. Чытаю з задавальненнем. Вось каб трошкі яе ў колеры пабачыць.

Заканчваю свой аповяд пажаданнем, каб у дзень юбілею любімай газеце  —  прэміі, хаця б і грашовай. Дзякуй рэдакцыі, што столькі гадоў сябруюць са мной, даюць магчымасць рэалізаваць свае думкі на яе старонках. А ўсяму калектыву жадаю здароўя і, як гавораць  мае аднавяскоўцы,  каб лёгенька працавалася.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *