“ЯК ДАЎНО СЯБРУЕЦЕ З “РАЁНКАЙ”?”

Общество

Павел РАБЕЦКІ,

школьнік, г.п.Смілавічы:

— Мяне часта пытаюць, ці не сын я рэдактара «раёнкі»  Людмілы Рабецкай. Не, мы проста аднафамільцы. Але, можа, нешта ёсць у нас падобнае — цяга да журналістыкі, да творчасці.  Я ужо колькі разоў дасылаў у «раёнку» свае матэрыялы, потым вельмі прыемна было бачыць іх надрукаванымі. Мне крыху дапамагае бабуля: яна хутчэй набірае на клавіятуры, таму я ёй дыктую. Пра мяне самога таксама пісалі ў «раёнцы», калі я ўдзельнічаў у конкурсе юных даследчыкаў. Яшчэ пашчасціла і на тэлебачанні «засвяціцца». Калі СТВ здымала пра наш Музей мануфактур, я быў экскурсаводам. Журналістка спытала маё прозвішча, я і кажу: «Рабецкі Паша». А яна смяецца: «Не, з Рабецкім Пашам я разам у чэрвеньскай гімназіі вучылася, а ты нехта іншы!»

Мне хочацца і надалей супрацоўнічаць з вамі. Калі будуць цікавыя падзеі ў школе, у жыцці — чакайце новых маіх заметак! Жадаю «раёнцы», каб больш людзей дасылалі ў газету свае лісты, і каб тое, што напісана, было цікава чытаць!

Валянціна ТАРАСІК, пенсіянерка, былая настаўніца:

— Колькі памятаю сябе, гэтая газета была ў бацькаўскай сям’і. Нават экзэмпляры яе захавала з таго часу, як называлася «КАЛЕКТЫВІСТ», «УПЕРАД». Мой бацька любіў чытаць яе.

Калі працавала ў школе, гэтыя экзэмпляры змясціла ў музеі, затым школу расфарміравалі, а музей «пераехаў» у іншую ўстанову.

Я і сама пісала ў «раёнку». Пра вёску, яе людзей, адметныя падзеі. Як былой настаўніцы, мне прыемна чытаць пра жыццё і працу настаўнікаў. Разам з мужам даведваемся пра ўсе раённыя навіны. Ні адзін матэрыял не прапускаем! Падабаецца чытаць нататкі і гумарэскі Марыі Бяжан, згадкі Уладзіміра Дарагужа. Даспадобы таксама гумарыстычная рубрыка «Што б гэта значыла?». Дасылала ў яе свае рыфмаваныя подпісы, іх публікавалі. У вольны час «зацягваюць» красворды.

На мой погляд, газета імкнецца зацікавіць насельніцтва рознага ўзросту, у ёй шмат насычанай інфармацыі. Шчыра прызнаюся: люблю наш «Раённы веснік»!

Алена ЧОПІК, прадавец:

— У нашай сям’і раённую газету даўно паважаюць і выпісваюць. Асабліва тата. Чытае «ад коркі да коркі».

Мне вельмі прыемна бачыць на старонках газеты фотаздымкі знаёмых. Зацікаўлена чытаю. І пра мяне пісалі, калі яшчэ ў школе вучылася!

Маю спецыяльны альбомчык. Туды я ўклейваю выразкі з газеты, калі яны тычацца мяне альбо маіх сяброў, сваякоў.

Цікаўлюся матэрыяламі пра моладзь, а таксама пра крымінальныя навіны, пра тое, дзе і што адбылося за апошні час на Чэрвеньшчыне. Звяртаюся ў рэдакцыю, калі трэба павіншаваць блізкіх.

Алена МАЛАХАВА, эколаг:

— «Раёнку» выпісваю даўно і пастаянна. Чытаю, каб знаёміцца з мясцовымі навінамі, апошняй інфармацыяй аб дзяржаўнай палітыцы, каб ведаць, чым жыве наша Чэрвеньшчына. Пастаянна карыстаюся вашымі паслугамі — праз газету віншую родных, сяброў з урачыстымі датамі.

Чытае «раёнку» ўся сям’я — муж Дзмітрый і двое дзяцей Ілля і Ганна.  Кожны знаходзіць нешта для сябе. Дзеці — рубрыку для падлеткаў «Равеснік»,  муж часцей звяртае ўвагу на віншаванні, я — на навіны. Памятаю многія матэрыялы пра здароўе, ахову навакольнага асяроддзя. Раней пастаянна на старонках з’яўляліся выступленні мясцовых дактароў, хацелася б бачыць іх артыкулы часцей.

У вас добры ахоп падзей: пішаце на тэмы гістарычныя, культурныя, спартыўныя і іншыя. Працягвайце працаваць у тым жа духу, ісці ў нагу з часам. Віншую вашу газету з юбілеем, рэдакцыі — далейшага росквіту, супрацоўнікам — жыццёвых сіл і поспехаў у працы.

 

Аляксандр ФЯДОСАЎ, сантэхнік:

— З газетай сябрую даўно і выпісваю яе гадоў з дзесяць. Апошнім разам аформіў падпіску на палову года. Гартаю «раёнку» ад першай да апошняй старонкі. Чытаю матэрыялы пад рознымі рубрыкамі, і для падлеткаў у тым ліку. Цікаўлюся «Чэрвеньшчынай лірычнай» (вершамі, апавяданнямі), віншаванкамі, навінамі раёна — дзе і што адбываецца. Засяроджваюся на пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі:  добраўпарадкаванне дамоў, двароў, праца кацельняў і інш. Усцешна бачыць у газеце сельскае жыццё, гісторыю вёсак, асабліва ў ваенны час.

Праз «раёнку» мяне віншавалі з юбілеем — сястра, хросная. Стрыечная пляменніца Галіна Дайнека пісала да вас у рэдакцыю. Калісьці яна працавала ў Красным Дары, у школе; цяпер — жыхарка Бярэзінскага раёна. Апошнім разам, калі заязджала на Чэрвеньшыну, са школы яе запрасілі ў журы конкурса «Вучань года». З матэрыялам пра гэту падзею яна выступіла ў раённай газеце.

Ала КРАСОЎСКАЯ, пенсіянерка, в.Дзеруцкая:

— Я выпісвала «раёнку», калі яна яшчэ была «Калектывістам»! Потым звалася «Уперад». А зараз і з «Раённым веснікам» вельмі сябрую. Калі прыносіць паштарка газеты — а я наогул шмат чаго выпісваю, і «Советскую Белоруссию», і «Гаспадыню», і «Хозяюшку»,  і «Сваты», — дык кідаю ўсю работу і «раёнку» самую першую чытаю. Ад першай літары да апошняй, усе старонкі. Першымі мяне цікавяць навіны з розных вёсак: што дзе адбылося, хто чым вызначыўся. Увечары, як кладуся спаць, дык бяру «раёнку» і зноў перачытваю больш дасканала, а наогул кожны нумар магу па пяць разоў прачытаць! Бывае, пішуць у раёнцы пра маіх аднавяскоўцаў. Былі на Новы год дзеці, летам дзяўчаты, што ў ягады ходзяць. Часта бачу на старонках сваю залоўку, Тамару Сакалоўскую, яна узначальвае прафсаюз работнікаў АПК. Добрая жанчына, шмат людзям дапамагае. А у ранейшыя часы, калі быў у нас «Бальшавік», дык болей пісалі — і пра калгас, і пра ферму. Даяркі з Дзеруцкой добрыя працавалі — Кацярына Кручок, Валя Кацько. З тых зараз адна Надзея Канапелька засталася жывая.

Вось самой мне ў газету пісаць ніколі не даводзілася, хоць бывае, што і хочацца. Аднойчы склала фельетон. Вялікі атрымаўся, пра сямейныя адносіны. Паказала сяброўкам, дык казалі — трапны! Але не даслала. А яшчэ быў выпадак — от тое точна трэба было напісаць! Жыў жа ж у мяне колькі гадоў таму дома бусел. Цэлы год! Не змог у вырай паляцець, дык  я «ўсынавіла» яго. Зіму жыў ля печы, хадзіў па хаце. Лёшыкам яго звала. Тэлевізар со мной глядзеў!.. Я на канапе сяджу, ён падыдзе ды галаву мне пакладзе на плячо і стаіць… У люстэрка любіў глядзецца… Вясною ўжо пачаў у двары хадзіць. Я аддала яго ў Чыжоўку ў заапарк. А потым неяк сустрэла карэспандэнта Ігара Адамовіча ды кажу яму пра Лёшыка, а ён пытае: «Чаму ж раней не расказалі? Добры б матэрыял атрымаўся!»

Я жадаю ўсім супрацоўнікам рэдакцыі «раёнкі» здароўя, росквіту, таленавітых артыкулаў, добрых падзей, пра якія б вы маглі напісаць, і каб у газеты было шмат чытачоў.


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *