ЧАТЫРЫ ПРЫСТУПКІ ДА ПЕРАМОГІ

Спорт

Аператары машыннага даення кароў з трынаццаці гаспадарак Чэрвеньшчыны сабраліся на мінулым тыдні ў ААТ «Валевачы», каб вызначыць мацнейшых у традыцыйным раённым конкурсе прафесійнага майстэрства.

Чатырма прыступкамі да перамогі сталі для іх чатыры конкурсныя заданні. Першае — візітная картка — дало магчымасць удзельнікам напоўніцу раскрыць творчыя таленты. У вершах распавялі пра сябе і сваю прафесію Таццяна Скроцкая з ААТ «Раванічы», Аксана Карпенка з ААТ «Лядзенскі», Ніна Ласіца з ПСГ «Дамавіцкі» ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод», Марыя Смык з філіяла «Новыя Зелянькі» ААТ «Гарадскі малочны завод №1», Галіна Калтовіч з філіяла «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон». Прыгожа і душэўна спявалі Наталля Пархомчык з эксперыментальнай базы «Натальеўск», Інга Сафарэвіч з ААТ «Запольскае» і Таццяна Баброва з ААТ «Крыніца Ігуменшчыны». З «групай падтрымкі» выступалі Жанна Хурсевіч з сельгаспрадпрыемства «Ганута-Агра» і Ніна Бабовіч з ААТ «Валевачы». Па-сялянску нязмушана прадставіў сябе Іван Забаронак з філіяла СГК «Велікаполле» КУП «Мінсктранс». Арыгінальнай была візітная картка Віктара Пыжа з ААТ «10 з’езд Саветаў», які на сцэне… «даіў карову». Вельмі спадабаўся ўсім «усходні танец» у выкананні Святланы Зыль з філіяла «АграБокс-Заатэх» СП «Унібокс». Эмацыйна падбадзёрвалі сваіх прадстаўнікоў і шчыра непакоіліся за іх старшыні прафкамаў і спецыялісты заатэхнічнай службы гаспадарак.

Далей для канкурсантаў пачаліся больш сур’ёзныя выпрабаванні. Падчас комплекснай праверкі тэарэтычных ведаў многія з іх хваляваліся, нібыта студэнты на экзамене. Бо адна справа — прымяняць свае веды на практыцы, зусім іншая — дакладна адказаць на пытанні білетаў. І хаця строгае журы пад старшынствам першага намесніка начальніка райсельгасхарчу Віктара Ляснеўскага выставіла аператарам машыннага даення розныя адзнакі за гэты конкурс, справіліся з ім усе.

Падчас разборкі-зборкі даільнага апарата на хуткасць і паслядоўнасць шмат каму з удзельнікаў спаборніцтва давялося ўзгадваць даўно забытыя маніпуляцыі, бо тэхнічны прагрэс на фермах крочыў наперад, і неўзабаве, як хтосьці пажартаваў, такія апараты зоймуць месца ў музеі.

Затое на МТФ «Валевачы», дзе канкурсантам неабходна было паказаць навыкі валодання тэхналогіяй машыннага даення, яны апынуліся ў сваёй стыхіі. Хаця і тут адзнакі былі рознымі: больш паспяхова справіліся з заданнем аператары з тых гаспадарак, у якіх сучасныя метады даення асвоілі першымі ў раёне.

Падлічыўшы суму балаў за чатыры конкурсы, журы вызначыла пераможцаў. Першае месца заняла Святлана Зыль з філіяла «АграБокс-Заатэх» СП «Унібокс», другое — Наталля Пархомчык з эксперыментальнай базы «Натальеўск», трэцяе — Галіна Калтовіч з філіяла «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон». Яны атрымалі падарункі з рук першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Івана Малахава.

У трох намінацыях адзначыў удзельнікаў конкурсу Мінскі абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Загадчык аддзела па сацыяльна-эканамічнай рабоце гэтай арганізацыі Аксана Бельская ўручыла прызы Віктару Пыжу з ААТ «10 з’езд Саветаў» (за волю да перамогі), Інзе Сафарэвіч з ААТ «Запольскае» (за лепшую візітную картку) і Ніне Бабовіч з ААТ «Валевачы» (за шматгадовую добрасумленную працу). Акрамя таго, Інга Сафарэвіч атрымала сувенір ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

А ўвогуле, дзякуючы клопатам старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамары Сакалоўскай (менавіта гэтая ўстанова сумесна з райсельгасхарчам ладзіла мерапрыемства) і спонсарскай падтрымцы, без падарунка не застаўся ніводзін канкурсант.

Па адзінадушнаму меркаванню ўдзельнікаў, конкурс прайшоў на добрым арганізацыйным узроўні. Усё тут, ад уласна спаборніцтваў, да смачнага абеду і цудоўнага канцэрту, спрыяла стварэнню таварыскай, гасціннай атмасферы сапраўднага свята.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Вынікі конкурсу падсумоўвае старшыня журы, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Ляснеўскі

Вось такі плакат суправаджаў візітную картку Марыі Смык з філіяла «Новыя Зелянькі»

Духмяным караваем вітала журы і сваіх калег Наталля Пархомчык з эксперыментальнай базы «Натальеўск»

Даільнаму апарату дае рады Жанна Хурсевіч з сельгаспрадпрыемства «Ганута-Агра»

Віктар Пыж з ААТ «10 з’езд Саветаў» «доіць» сваю «рагулю»

Тэарэтычны іспыт «здае» Іван Забаронак з філіяла СГК «Велікаполле»

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *