Партызанская разведчыца Галіна Фінская: чаго мы не ведалі

Общество

Памочніцы — прысталічныя патрыёткі.

У 1942 годзе Фінская ўстанавіла сувязь з былым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, выкладчыкам політэхнічнага інстытута Марынай Фядосаўнай Малаковіч —  кіраўніком Каладзішчанскай падпольнай арганізацыі.

Неўзабаве пасля захопу Мінска гітлераўскімі войскамі яна стала ўдзельніцай партыйнага падполля горада. Малаковіч даручылі дапамагчы каладзішчанскім патрыётам стварыць з шасці незвязаных адна з адной падпольных груп агульную арганізацыю.

Пад выглядам бежанкі ў жніўні 1941 года Малаковіч пасялілася ў Калодзішчах і адразу ж пачала выконваць дадзенае ёй заданне. Аб’яднаныя падпольныя групы праз яе былі звязаны з мінскім падполлем, якое  накіроўвала іх дзейнасць. Тут мелі два радыёпрыёмнікі, якія давалі магчымасць атрымліваць навіны з “Вялікай зямлі”, арганізоўваць іх машынапіснае размнажэнне. Лісткі заклікалі на барацьбу з захопнікамі, усялялі веру ў перамогу.

Заклікі да актыўнай барацьбы супраць ворага мелі сярод мясцовага насельніцтва вялікае значэнне. З’явіліся жадаючыя змагацца ў партызанах. Але першыя спробы ўстанавіць з імі сувязь былі няўдалымі. Таму ўсе здабытыя разведданыя перадавалі праз Малаковіч мінскім падпольшчыкам, пакуль у верасні 1942 года не з’явілася тут Галіна Фінская. Праз яе  ўстанавілі сувязь з партызанскім атрадам  “Сцяг” , крыху пазней — з іншымі атрадамі брыгады “Разгром”, а затым і брыгадамі  “Савецкая Беларусь”, імя Шчорса на Чэрвеньшчыне, “Дзядзі Колі” — у Лагойскім раёне.  З Калодзішчаў партызанам было перададзена 30 вінтовак, наладжана перапраўка ваеннапалонных, некалькіх членаў арганізацыі, якім пагражаў арышт. Праз Фінскую перадавалі таксама народным мсціўцам звесткі аб дыслакацыі вайсковых часцей у бліжэйшых гарнізонах немцаў, аб перамяшчэнні грузаў па чыгунцы.

У снежні 1942 года падпольная арганізацыя праз Фінскую выйшла на сувязь з дэсантнай разведгрупай Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Па заданні дэсантнікаў патрыёткі Людміла Сакалова і Аня Гарэлік збіралі разведданыя аб нямецкім гарнізоне ў Мінску і ўстановах у былым Доме ўрада, дзе працавалі іх знаёмыя. З дапамогай падпольшчыцы, жонкі маёра Чырвонай Арміі Аляксандры Сцяпанаўны Старасцінай  Сакалова і Гарэлік па дакументах на чужыя прозвішчы ўладкаваліся прыбіральшчыцамі ў каладзішчанскі ваенны шпіталь. Знаходзячыся тут, прыносілі партызанам вялікую карысць: збіралі медыкаменты, медыцынскі інструмент, а таксама разведданыя. Адной з крыніц для гэтага былі ўліковыя карткі хворых і параненых гітлераўскіх афіцэраў і чыноўнікаў. Адсюль можна было даведацца  з якіх вайсковых часцей прыбывалі немцы на лячэнне.

Прасякнутая патрыятычным абавязкам, Люда Сакалова праяўляла лепшыя рысы свайго характару: смеласць, настойлівасць, рашучасць, якія ўнаследавала ў сваіх бацькоў — Міхаіла Васільевіча Сакалова, чырвонага камандзіра, які загінуў у барацьбе з басмачамі, і маці Розы Майсееўны Бланштэйн — палітработніка Чырвонай Арміі ў гады грамадзянскай вайны, расстралянай фашысцкімі захопнікамі.

Восенню 1942 года Малаковіч арганізавала Сакаловай сустрэчу з разведчыцай партызанскага атрада “Сцяг” Галінай Фінскай, і з таго часу гэтыя патрыёткі выконвалі заданні непасрэдна камандавання атрада.

Сакалова неаднойчы наведвала Мінск, сустракалася з даваеннымі сяброўкамі, якія працавалі ў нямецкіх установах. Яны здабылі і перадалі Сакаловай звыш 200 друкарскіх бланкаў-прапускоў, шмат  паперы для пісьма і капіравальнай, стужкі для друкарскіх машынак. У прыватнасці, Таісія Млодэк, дачка народнай артысткі Рыты Веніямінаўны Млодэк, выкрала ў гітлераўцаў тры камплекты батарэяк для радыёпрыёмнікаў. Усё гэта Людміла Сакалова перадала праз Фінскую ў партызанскі атрад “Сцяг”. Там наладзілі выпуск лістовак са зводкамі Саўінфармбюро, якія прымалі па радыё. Зрэдку Сакалова і Гарэлік даставалі патроны, пісталеты, якія затым таксама траплялі ў партызанскі атрад.

Сувязь падтрымлівалася праз Галіну Фінскую. Яна паволі праязджала на санях па дарозе ля шпіталя  падчас “мёртвага сну” там. Сакалова, заўважыўшы яе, пад якой-небудзь прычынай ішла нібыта дамоў. А калі шпіталь пераехаў у Сцяпянку, з Фінскай і Малаковіч сустракалася на старой бязлюднай дарозе паміж Сцяпянкай і Калодзішчамі, якую называлі Екацярынінскі тракт.

Калі глядзіш на карту Міншчыны, то на поўначы Чэрвеньшчыны заўважаеш пазначаныя тут дзве вёскі — Рудню і Раванічы. Вялікую тэрыторыю ад іх у накірунку Смалявічаў і Барысава кантралявала партызанская брыгада “Разгром”. Адсюль да Калодзішчаў пралягалі прасёлачныя дарогі і лясныя сцежкі. Фінскай патрабавалася некалькі дзён, каб прайсці па іх з канца ў канец. І гэтыя некалькі дзён маглі падвесці рысу пад усім жыццём, бо ішла яна па іх не ў госці, а на вайну — праз нябачную лінію фронту з 14 вёскамі, дзе знаходзіліся кансператыўныя кватэры патрыётаў. Асцярожнасць патрабавала, каб у гэтым ланцужку ніхто не ведаў адзін аднаго: першы  — другога, другі — трэцяга. Фінскай, адной з некалькіх сувязных, быў давераны партызанскі пароль. Па гэтаму падпольнаму ланцужку ішлі з Калодзішчаў да народных мсціўцаў звесткі аб чыгуначных саставах на вузлавой станцыі, аб баявой сіле праціўніка, медыкаменты, зброя, вызваленыя падпольшчыкамі ваеннапалонныя чырвонаармейцы.

За два гады сваёй дзейнасці каладзішчанскія падпольшчыкі пераправілі партызанам 2 мінамёты, 10 кулямётаў, амаль 150 вінтовак, аўтаматаў, некалькі соцен мін, гранат, каля 60 тысяч патронаў, вялікую колькасць батарэй і акумулятараў для радыёпрыёмнікаў, каля тысячы камплектаў пакінутага на складах нашымі войскамі абмундзіравання і іншай ваеннай маёмасці.

Праводзілі і работу сярод насельніцтва па збору сродкаў у фонд абароны Радзімы. Да вясны 1943 года было сабрана і перададзена на “Вялікую зямлю” праз брыгады “Разгром”, імя Шчорса, “За Савецкую Беларусь” каля 70 тысяч рублёў грашыма і аблігацыямі дзяржпазыкі.

Неўзабаве абставіны патрабавалі даць падпольшчыцам Людміле Сакаловай і Ане Гарэлік новае адказнае даручэнне, і камандаванне атрада “Сцяг” адазвала іх у лес. Праз некаторы час гэтыя патрыёткі былі прыкамандзіраваны да дэсантнай групы Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Пакінула партызанскі атрад “Сцяг” і Галіна Фінская.

 

На стратэгічным напрамку

У сакавіку 1943 года Галіна Фінская перайшла ў разведвальна-дыверсійны атрад “Бура”, які з’явіўся з-за лініі фронту ў палікаўскіх лясах на Лагойшчыне. Для ўзмацнення дыверсійных удараў па ворагу і актывізацыі разведвальнай работы сюды з Масквы накіравалі з 21 баявым паплечнікам чэкіста Пятра Рыгоравіча Лапаціна (потым Героя Савецкага Саюза). Ён быў прызначаны камандзірам разведвальна-дыверсійнага атрада Наркамата дзяржаўнай бяспекі СССР “Бывалыя”.

Перад гэтым Лапацін прайшоў адпаведную падрыхтоўку ў асобнай мотастралковай брыгадзе асобнага прызначэння, адкуль накіроўвалі ў варожы тыл разведвальна-дыверсійныя групы і атрады. Па-сутнасці, гэта была сакрэтная школа, дзе будучыя разведчыкі і падрыўнікі набывалі азы складанай партызанскай барацьбы.

Аб’яднаўшыся з атрадам “Бура” і яшчэ некалькімі партызанскімі атрадамі ў брыгаду, далі ёй назву брыгада “Дзядзі Колі”. Цэнтрам была пастаўлена задача “абслугоўвання” вялікага ўчастка стратэгічнай чыгуначнай магістралі Берлін-Масква, па якой фашысты дастаўлялі на фронт жывую сілу і тэхніку.

Звесткам адсюль надавалася вялікае значэнне ў Маскве, куды іх перадавалі па рацыі і шыфравальнымі тэлеграмамі. Тлумачылася гэта наступным. Тут, у 12 кіламетрах ад Мінска, паміж чыгуначнай і шасейнай магісталямі Мінск-Масква, у межах станцыі Калодзішчы і ваеннага гарадка Уручча, з канца 1941 года стаяў буйны фашысцкі гарнізон. Гэта быў добра ўмацаваны фарпост немцаў, скірааны ад Мінска ў напрамку партызанскай зоны. “Берлін” — так коратка і страшна называлі яго людзі падчас вайны. І націск ставілі на першым складзе, нібы падкрэсліваючы варожасць іншаземнага слова. Тут гітлераўскае камандаванне размясціла шэраг сваіх значных аб’ектаў, батальён па барацьбе з партызанамі.

Ва Уруччы знаходзіўся штаб ваенна-паветраных сіл групіроўкі нямецкіх войскаў, інтэрнат штабнікоў і іншыя вайсковыя цэнтры. У невялікім ляску была схавана радыёстанцыя спецыяльнага прызначэння, якая карэкціравала палёты начных бамбардзіроўшчыкаў. Непадалёку ад яе, паблізу станцыі Калодзішчы, у двух ваенных казармах месціліся інжынерна-тэхнічны персанал, ахова радыёстанцыі.

Дом, дзе жыла Малаковіч, знаходзіўся ў самым канцы пасёлка, у двух кіламетрах ад лесу і быў явачным пунктам для сустрэч Фінскай з падпольшчыкамі.

Другая сувязная партызанскай разведчыцы — жонка маёра Чырвонай Арміі Аляксандра Сцяпанаўна Старасціна — жыла ў невялікім доме побач з казармамі. Яна пільна сачыла за дзеяннямі немцаў, і, калі наведвалася Фінская, перадавала ёй свае назіранні.

 

Заданне асаблівай важнасці

Вясной 1943 года Генштабу Чырвонай Арміі стала вядома аб з’яўленні ў войсках гітлераўцаў процівагазаў навейшага ўзору. Па звестках, якія паступілі Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, асобныя часці вермахта пачалі рыхтавацца да хімічнай вайны. Таму неабходна было як мага хутчэй дабыць такі процівагаз. З Масквы ў брыгаду “Дзядзі Колі” паступіў адпаведны загад. Лапацін і яго намеснік па разведцы адразу ж пачалі яго выконваць, падключыўшы падпольшчыкаў Калодзішчаў, Мінска, Барысава. У Мінску на канспіратыўную кватэру па вуліцы Талстога было дастаўлена каля 20 нямецкіх процівагазаў, але сярод іх апошняга ўзору не аказалася. Вялікая надзея ўскладалася на каладзішчанскую падпольную арганізацыю. Праз Галіну Фінскую Марыне Малаковіч перадалі даручэнне камандавання брыгады. Яна разам з Галінай Фінскай, падпольшчыцай Аляксандрай Старасцінай пачала шукаць падыходы да афіцэраў нямецкага штаба ваенна-паветраных сіл групы арміі “Цэнтр”. Большасць з іх жыла ў інтэрнаце гарнізона “Уручча”. Тут працавалі прыбіральшчыцамі падпольшчыцы Вера Табулевіч, якая ведала нямецкую мову, і Вера Власава. Яны ўстанавілі, што обер-лейтэнант Карл Круг рэгулярна слухае радыёперадачы з Масквы на нямецкай мове і часам у размовах выказвае антыфашысцкі, паражэнчы настрой. Пра гэта праз Галіну Фінскую неадкладна было даложана камандаванню партызанскай брыгады “Дзядзі Колі”. Адначасова яна паведаміла, што Круг займаўся ўзвядзеннем у Калодзішчах радыётэлеграфных сродкаў сувязі ваенна-паветранай акругі  і праяўляе знакі ўвагі да Веры Табулевіч. Марыне Малаковіч было перададзена ад камбрыга Лапаціна заданне ўстанавіць больш цесныя кантакты з Карлам Кругам і паспрабаваць атрымаць праз яго нямецкі процівагаз навейшага ўзору. Неўзабаве Круг і Вера Табулевіч пачалі разам слухаць радыёперадачы з Масквы. Карл коратка расказаў ёй аб сабе. Бацька яго загінуў дзесьці ў Беларусі ў 1916 годзе падчас Першай сусветнай вайны. Дзяцінства было бязрадасным. Да прыходу Гітлера да ўлады быў у Саюзе  сацыялістычнай рабочай моладзі. Закончыўшы ўніверсітэт, атрымаў спецыяльнасць інжынера электратэхнікі і дакладнай механікі. Некалькі гадоў працаваў на гражданцы, а ў 1935 годзе перайшоў на службу ў аддзел сувязі ваенна-паветраных сіл Германіі. У 1940-1942 гадах знаходзіўся на заходнім фронце. У кастрычніку 1942 года пераведзены на службу ў штаб ваенна-паветраных сіл групы арміі “Цэнтр”. Так апынуўся ў Калодзішчах.

Карл з жалем гаварыў Веры Табулевіч аб разбурэннях, якія прыносіць вайна, але  шчырых размоў пазбягаў.

Атрымаўшы дадатковую інфармацыю аб Карле, Лапацін задумаўся над тым, як схіліць яго на пераход да партызан. Масква адобрыла гэта, і неўзабаве Галіна Фінская наказ Лапаціна перадала Марыне Малаковіч. Тая сустрэлася з Верай Табулевіч і давяла ёй просьбу дзядзі Колі. Але Карл, нягледзячы на яго лаяльнасць, прапанову перайсці да партызан успрыняў насцярожана. Веры Табулевіч каштавала вялікіх намаганняў пераканаць яго. Адважыцца на рашучы крок паспрыялі пачуцці Карла да Веры і сустрэча з Марынай Малаковіч.

Пазней, успамінаючы аб гэтым, ён у кнізе “У лясах Беларусі” ў артыкуле “Я знайшоў правільны шлях” пісаў: “Дабраліся да вёскі, увайшлі ў сялянскую хату. Гаспадыню, хударлявую жанчыну сярэдняга росту, звалі Елізаветай. З-за стала паднялася другая жанчына, Марына. Размова ішла ў атмасферы нагэтулькі даверлівай, што здавалася, быццам сустрэліся добрыя сябры. Гаварылі аб жахах вайны і, натуральна, аб Савецкім Саюзе, аб камунізме. Я выглядаў, як вучань на экзамене. Мае веды ў параўнанні з ведамі гэтай маладой жанчыны былі мізэрнымі. Адно аб’ядноўвала нас: нянавісць да фашызму і палкае жаданне наблізіць яго разгром. Я ўдакладніў, у якіх звестках маюць патрэбу партызаны і паабяцаў дапамагчы”.

Напрыканцы гэтай сустрэчы Карл Круг заявіў аб сваім намеры перайсці да партызанаў і захапіць з сабой як мага больш патрэбных звестак. Пры гэтым паставіў абавязковую ўмову: з ім павінна пайсці Вера Табулевіч.

10 мая 1943 года Круг упакаваў у два партфелі дакументы штаба ваенна-паветранай акругі з картамі камунікацый паветраных сіл груп армій “Цэнтр”, спісак дзясяткаў дзеючых аэрадромаў і тых, што будуць, сістэму іх аховы, сакрэтныя інструкцыі па радыётэлеграфнай службе фашысцкай авіяцыі, прыхапіў процівагаз навейшага ўзору, які толькі што выдалі ўсім штабным афіцэрам, і нібыта для сустрэчы са знаёмай дзяўчынай (з партфеля былі бачны пляшкі з віном) выехаў на легкавой машыне з гарнізона “Уручча”. Каб не выклікаць падазрэння, узяў з сабой Табулевіч і Власаву, як гэта часам рабіў і раней. Калі адправіў машыну, да яго падышлі Фінская, Малаковіч, Старасціна —  разам накіраваліся ў лес. Іх сустрэла аддзяленне партызан-разведчыкаў брыгады “Дзядзі Колі”, якое было выдзелена для аховы і суправаджэння Круга.

(Працяг будзе)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *