ПАБЫЛІ Ў МУЗЕЯХ РЭАЛЬНЫХ І ВІРТУАЛЬНЫХ

Общество

У мінулую сераду адразу некалькі ўстаноў адукацыі, што размешчаны ў Смілавічах (СШ №2, Цэнтр дзяцей і моладзі, сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй), прымалі ўдзельнікаў абласнога семінару на тэму «Віртуальныя музеі ўстаноў адукацыі. Перспектывы развіцця». Яго мэта — удасканальваць дзейнасць музеяў ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі.

Напачатку госці завіталі ў Смілавіцкую другую школу, дзе ў фае разгарнулася выстава работ выхаванцаў аб’яднанняў па інтарэсах Цэнтра дзяцей і моладзі г.п.Смілавічы, Запольскай СШ. Тут былі выстаўлены арыгінальныя, вельмі прыгожыя ручныя вырабы з самых разнастайных матэрыялаў. Атмасфера свята і ўрачыстасці была створана, дзякуючы школьнікам, апранутым у касцюмы 19 стагоддзя, і гучанню цудоўнай музыкі ў выкананні інструментальнага ансамбля выкладчыкаў музычнай школы г.п.Смілавічы.

У рамках правядзення семінару ў СШ №2 г.п.Смілавічы адбылося ўрачыстае адкрыццё музея «Гісторыя мануфактуры Беларусі». Ганаровае права адкрыць яго атрымалі дырэктар Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Лілія Янкоўская і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Анжэла Рымашэўская.

Кіраўнік школьнага гуртка «Спадчына» Людміла Драпеза пазнаёміла прысутных з экспазіцыямі музея. Увазе ўдзельнікаў семінару прапанавалі прэзентацыю «Гісторыя шкляной гуты» (Ільянская СШ імя А.Грымаця) і «Тэатр Уршулі Радзівіл» (Уздзенская СШ №2 імя К.Крапівы).

Незабыўныя ўражанні на спецыялістаў Мінскай вобласці зрабіла наведванне музейнай экспазіцыі «Прастора Хаіма Суціна», размешчанай у Смілавіцкім Цэнтры дзяцей і моладзі. Тут экскурсаводамі былі Міхаіл Дзятко і Юлія Мукавозчык. На базе гэтай установы дадатковай адукацыі таксама прадставілі вопыт работы віртуальных музеяў — абласнога гісторыка-краязнаўчага «Эвалюцыя энергазберажэння», «Вілейшчына літаратурная», Кандрата Крапівы і музея «Залатыя імёны Рэспублікі Беларусь».

Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй запрасіў удзельнікаў семінару на прэзентацыю пад назвай «Дзень беларускай кухні». Тут можна было пачаставацца дранікамі са смятанай, мачанкай, тушанай бульбай з сялянскай каўбаскай, марынаванымі агуркамі і кіслай капустай.

Усе ўдзельнікі семінару адзначылі яго плённасць. Яны вывучылі станоўчы вопыт выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у музейнай педагогіцы, выпрацавалі алгарытм асноўных патрабаванняў да стварэння віртуальных музеяў і атрымалі шмат новых ведаў і станоўчых эмоцый.

Інэса КАСЦЮЧЭНКА,

метадыст Цэнтра турызму і краязнаўства Чэрвеньскага раёна.

Фота Яўгена ГУРЫНА


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *