КАРЭСПАНДЭНТ «РАЁНКІ» ПРЫНЯЛА ЎДЗЕЛ У ФОРУМЕ МАЛАДЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ

Общество

Другі Беларуска-расійскі форум маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню» прайшоў з 26 па 28 лістапада ў Магілёве. Першы такі форум адбыўся ў мінулым годзе ў Гомелі.

Больш як 150 маладых журналістаў прынялі ўдзел у форуме, у тым ліку і карэспандэнт газеты «Раённы веснік» Кацярына Шумко. Дарэчы, сёлета акрамя беларускіх і расійскіх дэлегатаў, прыехалі прадстаўнікі Арменіі і Казахстана.

Прывітальнымі словамі ўдзельнікаў форума сустракаў Міністр інфармацыі Беларусі Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ, які адзначыў задачы такога мерапрыемстава — павышэнне кваліфікацыі маладых прадстаўнікоў СМІ, фарміраванне адзінай медыясупольнасці Беларусі і Расіі, развіццё міжнароднай камунікацыі і прафесіянальных зносін сярод моладзі, знаёмства гасцей з нашай рэспублікай.

Акрамя гэтага, на майстар-класах і ў выступленнях дзяліліся прафесіянальным вопытам, давалі парады каля 30 медыаэкспертаў — кіраўнікі вядучых СМІ, блогеры, палітолагі з розных краін. Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі сучасныя тэндэнцыі ў сферы медыя, асаблівасці аўтарскіх блогаў, аўтарскай журналістыкі ў эпоху канвергенцыі і мультымедыйнасці, інтэграцыю СМІ, іншыя актуальныя тэмы.

Ужо традыцыйнай стала прэмія «Дэбют» Беларускага саюза журналістаў. Узнагароджвалі маладых журналістаў у такіх намінацыях, як «Лепшы рэпарцёр», «Лепшы аглядальнік», «Лепшы вядучы радыяпраграм», «Лепшы вядучы тэлепраграм», «Лепшы фотакарэспандэнт».

Арганізатары форума — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Пастаянны камітэт Союзнай дзяржавы, Беларускі саюз журналістаў, БРСМ, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт пры падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі  — зрабілі праграму форуму як мага разнастайнай і насычанай. Значную ўвагу надалі нефармальным зносінам, культурнаму адпачынку з мэтай бліжэйшага знаёмства, абменам вопытам маладых журналістаў з розных краін. Сярод іх — ускладанне вянкоў да мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», наведванне турыстычнага аб’екта «Беларуская этнаграфічная вёска ХIХ ст.», паездка ў Магілёўскі абласны тэатр лялек.

К. ЛЯВОНАВА.  Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *