БЯСПЕЧНАЯ ПРАЦА, НАЛЕЖНЫ БЫТ ПАВІННЫ СТАЦЬ НОРМАЙ ДЛЯ КОЖНАГА

Аграрный сектор Экономика

Вынікі работы за 2013 год па паляпшэнню ўмоў працы, быту на вытворчасці, зніжэнню траўматызму ў арганізацыях сельскагаспадарчай галіны абмеркавалі на пленуме Чэрвеньскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Выступаючы на ім з дакладам, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская падкрэсліла, што вынесенае на парадак дня пытанне значнае і актуальнае, бо ўзровень траўматызму ў галіне застаецца высокім, парушэнні патрабаванняў бяспекі і нормаў аховы працы маюць шырока распаўсюджаны характар.

Гаворачы пра зробленае сёлета, яна, у прыватнасці, распавяла, што на выкананне мерапрыемстваў па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, паляпшэнне ўмоў працы, тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці за 11 месяцаў года прадпрыемствы і арганізацыі раёна выдаткавалі больш за 74 мільярды рублёў. Цалкам завершана рэканструкцыя і мадэрнізацыя 14 малочнатаварных фермаў. У гаспадарках працуе 16 душавых пакояў і 5 лазняў, 4 пакоі на фермах абсталяваны пральнымі машынамі. Выкананы бягучы рамонт санітарна-бытавых памяшканняў у майстэрнях ААТ «Валевачы» і ПСГ «Дамавіцкі», на малочнатаварным комплексе «Ігуменскі» ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс». Харчаванне работнікаў у перыяд правядзення сельгасработ арганізавана ў 14 сталовых і 11 пакоях прыёму ежы.

У раёне праводзяцца агляды-конкурсы на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму, на лепшую малочнатаварную ферму па паляпшэнню ўмоў працы, агляды машынных двароў і рамонтна-абслуговай базы сельгасарганізацый, «Дні аховы працы».  Райкам прафсаюза работнікаў АПК рэгулярна ладзіць маніторынг стану аховы працы ў гаспадарках. Сёлета па выніках дзевяці такіх маніторынгаў наймальнікам выдадзена 6 абавязковых для выканання прадстаўленняў, па якіх неабходна ўхіліць 32 пункты парушэнняў заканадаўства па ахове працы. Раённая мабільная група па праверцы стану бяспекі вытворчасці правяла 14 выездаў у сельсгасарганізацыі. Падчас іх выяўлена 164 пункты парушэнняў. Спецыялістам гаспадарак аказвалася кансультатыўная дапамога. З імі, а таксама з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў абмяркоўваліся пытанні выканання заканадаўства па ахове працы і патрабаванняў Дырэктывы №1. Сёлета пытанні аховы працы тройчы разглядаліся на пасяджэнні райвыканкама, двойчы — на пасяджэнні прэзідыума райкама прафсаюза.

Праведзена 5 пасяджэнняў раённай камісіі па прафілактыцы траўматызму, у склад якой уваходзіць старшыня райкама прафсаюза. Пытанні аховы працы        таксама разглядаліся на пасяджэннях прафкамаў ва ўсіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях.

Аднак, як зазначыла Тамара Сакалоўская, нягледзячы на шэраг прынятых мер, за апошнія два гады ў раёне акрэслілася тэндэнцыя да павелічэння і без таго высокага ўзроўню вытворчага траўматызму. У 2012 годзе адбылося 5 выпадкаў, з іх 2 — цяжкія (эксперыментальная база «Натальеўск» і ААТ «Раванічы»), у выніку якіх работнікі засталіся інвалідамі другой групы. Сёлета за 10 месяцаў  адбылося 6 выпадкаў, з іх 4 — цяжкія (2 — у ААТ «Валевачы», 1 — у ААТ «Запольскае» і 1(не па віне наймальніка) — у ААТ «Рыбгас Волма»).

Асобныя кіраўнікі і спецыялісты нярэдка спрабуюць растлумачыць вытворчы траўматызм старымі асноўнымі фондамі і абсталяваннем, адсутнасцю сродкаў на іх рамонт і рэканструкцыю. Гэтыя праблемы безумоўна маюць месца. Аднак спасылацца на іх, як на корань усіх бед, не заўсёды правільна, — сказала Тамара Сакалоўская.

Аб гэтым сведчыць і праведзены аналіз няшчасных выпадкаў. Большасць з іх адбылася з-за нездавальняючай арганізацыі вытворчасці, грубых парушэнняў правілаў аховы працы, незабеспячэння належнага навучання і інструктавання работнікаў (ААТ «Валевачы», Чэрвеньскае ПМС). У 40 працэнтах выпадкаў мела месца нізкая дысцыпліна саміх пацярпелых (алкагольнае ап’яненне) і спецыялістаў гаспадарак (ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс» і ААТ «Запольскае»).

Таксама захоўваецца тэндэнцыя да скарачэння службаў аховы працы і тэхнікі бяспекі. У гаспадарках ёсць усяго 7 штатных спецыялістаў па ахове працы з 15 па нарматыву. У 6 арганізацыях выкананне гэтых абавязкаў ускладзена на іншых спецыялістаў, без уліку нарматыўных патрабаванняў. У прыватнасці, у ААТ «Валевачы» гэтую пасаду сумяшчае спецыяліст аддзела кадраў, у ААТ «Запольскае» — бухгалтар. У ААТ «Раванічы» абавязкі інжынера па ахове працы выконвае чалавек па дагавору.

Тамара Сакалоўская звярнула ўвагу на тое, што існуючыя праблемы ў эканоміцы, арганізацыі вытворчасці, фінансавыя цяжкасці, значна абвастрылі і пагоршылі забеспячэнне работнікаў спецадзеннем, спецабуткам і сродкамі індывідуальнай аховы. На працягу апошніх двух гадоў не выдавалася  спецадзенне механізатарам і вадзіцелям у ААТ «Раванічы», сёлета — спецадзенне ў ААТ «Запольскае» і ААТ «Лядзенскі», спецабутак — у ААТ «Крыніца Ігуменшчыны». Ёсць шмат выпадкаў, калі работнікі не карыстаюцца спецадзеннем, а працуюць у сваім.

Як адзначыла выступоўца, узровень фінансавання мерапрыемстваў па паляпшэнню ўмоў і аховы працы застаецца ў гаспадарках невысокім. Сёлета за 11 месяцаў на гэтыя мэты выдаткавана 480 мільёнаў рублёў — 78 працэнтаў да мінулага года.

Асобна Тамара Сакалоўская спынілася на ўмовах працы і быту на вытворчасці.

— Умовы, у якіх працуюць людзі на некаторых фермах, у майстэрнях, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, — падкрэсліла яна. — З боку наймальнікаў, прафсаюзных камітэтаў не надаецца належная ўвага элементарным правілам санітарнага ўтрымання вытворчых і бытавых памяшканняў: вакол усё захламлена, вокны не вычышчаны, бруд, смецце, павуцінне на сценах і столі.

Лічу, што гэтыя пытанні неабходна  вырашаць спецыялістам сумесна з прафсаюзным актывам. Неабходна вучыць нашых членаў прафсаюза элементарнай культуры вытворчасці, арганізоўваць санітарныя дні, суботнікі па навядзенню парадку. Больш за два гады ідзе гаворка пра рамонт душавых пакояў у ААТ «Раванічы», «10 з’езд Саветаў», Чэрвеньскім райаграсервісе. Не створаны бытавыя ўмовы на жывёлагадоўчых фермах у ААТ «10 з’езд Саветаў», «Запольскае», «Крыніца Ігуменшчыны», «Раванічы», КСУП «Ганута-Агра». Рамонтныя майстэрні ацяпляюцца толькі ў філіяле «Агра-Бокс» і эксперыментальнай базе «Натальеўск», спрабуюць стварыць тэмпературны рэжым печкамі-«буржуйкамі» ў ААТ «Валевачы», «Запольскае», «Крыніца Ігуменшчыны»… Вопыт стварэння належных умоў працы і быту варта пераймаць у нашых прыватнікаў. Прыемна прыязджаць і бачыць, як умеюць працаваць і адпачываць у ТАА «СТФ- мантаж», філіялах «АграБокс». Добрыя ўмовы створаны для работнікаў у ААТ «Рыбгас Волма», ЗАТ «Турэц», Чэрвенскім ПМС…

Звяртаючыся да старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый галіны, Тамара Сакалоўская заклікала іх пазбаўляцца ад пасіўнасці, разгубленасці, пачуцця боязі, актыўней абараняць і адстойваць правы работнікаў.

Смялей заходзьце ў кабінет да кіраўніка і вядзіце перамовы на роўных. Бо нават перыядычнае агучванне многіх пытанняў ужо дае вынік, — сказала яна. — Варта памятаць, што «вада і камень точыць».

Актыўным было на пленуме абмеркаванне даклада.

З выступлення намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Алы Шахоцька:

— Вельмі актуальная для нас праблема — п’янства. Не сакрэт, што Чэрвеньскі раён — адзін з самых пітушчых на Міншчыне. У 2011 годзе мы ўжывалі 14,2 літра абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва. Летась гэты паказчык крыху знізіўся — да 12,6 літра. Гэта вельмі страшныя лічбы. Адсюль і ўсе беды. Мы хочам атрымліваць заработную плату, але не хочам змагацца з тым злом, якое перашкаджае мець больш высокія вытворчыя вынікі. Мы гатовыя трываць даярку, якая п’янай прыйдзе на працу — галоўнае, каб яна кароў падаіла… Нецярплівасць да п’янства, якое спараджае мноства праблем, павінна стаць штодзённай і штогадзіннай для ўсіх — ад кіраўніка да кожнага работніка.

З выступлення інжынера па ахове працы, грамадскага інспектара па ахове працы Чэрвеньскага райаграсервіса Алены Гапановіч:

Увядзенне сёлета ў эксплуатацыю новай даільнай залы на малочнатаварным комплексе «Ігуменскі» дазволіла істотна палепшыць санітарна-бытавыя ўмовы нашых жывёлаводаў. Аператары машыннага даення працуюць у цяпле. Тут ёсць гардэробны пакой, пакой прыёму ежы, душавая кабіна. У той жа час, не выдзяляюцца сродкі на рамонт гардэробных і душавых пакояў у рамонтных майстэрнях.

Практычна ў кожным структурным падраздзяленні гаспадаркі абраны грамадскія інспектары працы. Аднак актыўнасці з іх боку, на жаль, не назіраецца. Нярэдка яны баяцца зрабіць заўвагу свайму калегу, які парушае правілы аховы працы.

З выступлення члена райкама прафсаюза, грамадскага інспектара па ахове працы, аператара машыннага даення эксперыментальнай базы «Натальеўск» Наталлі Пархомчык:

Стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы на рабочых месцах — адна з найбольш важных задач наймальніка і прафсаюзнага камітэта. У гэтых мэтах у працоўных калектывах структурных падраздзяленняў нашай гаспадаркі абсталяваны «Куткі па ахове працы». Спадзяюся, што бліжэйшым часам будзе разгледжана пытанне і аб стварэнні «Кабінета па ахове працы».

Штодня перад пачаткам працы, а ў некаторых выпадках і пасля яе заканчэння, у гаспадарцы наладжаны прыборны кантроль вадзіцеляў і механізатараў на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення. І, як паказвае практыка, тут у нас няма выпадкаў парушэння працоўнай дысцыпліны.

Кожную першую сераду месяца ў структурных падраздзяленнях праводзіцца Дзень аховы працы. Ён з’яўляецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Работнікі своечасова праходзяць медыцынскі агляд, інструктаж і праверку ведаў па ахове працы.

З выступлення члена райкама прафсаюза, старшыні прафкама філіяла «АграБокс-заатэх» СП «Унібокс» Святланы Бакунец:

— Самае дарагое для чалавека — гэта здароўе. Без яго ён не можа рэалізаваць сябе ў жыцці, здзейсніць задуманае. І мы, прафсаюзныя лідары, павінны спрыяць стварэнню здаровых і бяспечных умоў працы работнікаў.

Нашу гаспадарку дзевяць гадоў таму выкупіла сумеснае прадпрыемства «Унібокс». За гэты перыяд вялікія сродкі ўкладзены ў вытворчасць. Дзякуючы мадэрнізацыі жывёлагадоўчых фермаў, іх работнікі атрымалі выдатныя ўмовы для працы і адпачынку. Аднак, важна не толькі арганізаваць годнае працоўнае месца, але і навучыць кожнага работніка выконваць нормы і правілы аховы працы. Для гэтага рэгулярна праводзім адпаведныя інструктажы: уводныя, паўторныя, на рабочым месцы, пазапланавыя. Як вынік, у нас няма выпадкаў парушэння працоўнай дысцыпліны, вытворчага траўматызму…

Свой погляд на праблемы паляпшэння ўмоў працы, быту на вытворчасці, зніжэння траўматызму ў арганізацыях сельскагаспадарчай галіны таксама выказалі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама ААТ «Валевачы» Галіна Новік, галоўны дзяржаўны інспектар працы Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Яўген Войцік, начальнік участка, старшыня прафкама ЗАТ «Турэц» Алена Лізура, выконваючая абавязкі старшыні прафкама ААТ «10 з’езд Саветаў» Валянціна Цюлюпа і старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч.

 

У прынятым па абмеркаванаму пытанню рашэнні пленума адзначана недастатковая работа гаспадарчых і прафсаюзных органаў ААТ «Валевачы», «10 з’езд Саветаў», «Раванічы», «Запольскае» і «Чэрвенскі райаграсервіс» па забеспячэнню бяспечных умоў працы.

 

Райкаму, прафсаюзным камітэтам, прафсаюзнаму актыву даручана  прадоўжыць практыку разгляду на пасяджэннях прэзідыумаў і  прафкамаў акалічнасцяў, прычын няшчасных выпадкаў з цяжкім і смяротным зыходам і мерапрыемстваў па недапушчэнню іх у далейшым; павялічыць патрабавальнасць да наймальнікаў па стварэнню належных санітарна-бытавых умоў на вытворчасці, забеспячэнню работнікаў спецадзеннем, спецабуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы, а таксама кантроль за іх выкарыстаннем.

Прафсаюзным камітэтам арганізацый і прадпрыемстваў прапанавана сумесна з наймальнікамі актывізаваць работу па паляпшэнню ўмоў працы, быту на вытворчасці, недапушчэнню і прафілактыцы вытворчага траўматызму, гібелі людзей на вытворчасці і прафесійных захворванняў членаў прафсаюза. Прыняць меры па ўмацаванню працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, надаўшы адмысловую ўвагу выкараненню п’янства на вытворчасці і недапушчэнню знаходжання на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Забяспечыць наяўнасць у калектыўных дагаворах нормаў і гарантый, прадугледжаных у Тарыфным і абласным галіновых дагаворах, па пытаннях аховы працы, прадастаўленню ім кампенсацыі па ўмовах працы, выплаце разавай кампенсацыі пацярпелым і сем’ям загінуўшых на вытворчасці.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *