“За гэты выбар я ўдзячна бацькам”

Люди и судьбы

Святлана ЖДАНОВІЧ:

«Я ганаруся сваёй прафесіяй»

Калісьці, яшчэ за савецкім часам, нас вучылі ў школе, што ўсялякая прафесія — пачэсная. Галоўнае — старанна вучыцца, каб затым стаць добрым, паважаным спецыялістам. Тады сапраўды не ўсе запар думалі, колькі грошай ты будзеш атрымліваць, калі вывучышся за таго ці за таго…

Зараз, безумоўна, стаўленне да прафесіі змянілася. Разбежка ў заробку паміж некаторымі — у 3-5, а то і больш разоў! Ёсць запатрабаваныя і не надта… Але, тым не менш, многія застаюцца вернымі няхай і нізкааплатнай, ды сваёй, блізкай працы.

Сёння, шаноўныя чытачы, мы прадстаўляем вам новую рубрыку, дзе людзі будуць распавядаць пра тое, за што яны любяць сваю прафесію. Прапануем усім жадаючым далучыцца і дасылаць на адрас рэдакцыі свае аповеды аб любімай справе ўсяго жыцця.

Ну, а мы прадстаўляем першую госцю — загадчыцу аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлану Ждановіч (на здымку).  Яе аповед аб прафесіі бібліятэкара.

— Па шчырасці, у дзяцінстве аб такой прафесіі я нават і не марыла. А мае бацькі напачатку бачылі мяне настаўніцай пачатковых класаў ці выхавальніцай. Яны са мной шмат працавалі над дыкцыяй, давалі навыкі выразнага чытання… У дарослым жыцці мне ўсё гэта, безумоўна, спатрэбілася.

Пасля заканчэння ў 1983-ім годзе сярэдняй школы я паступала ў педінстытут, але не склалася. І тады бацькі параілі паступаць у Магілёў, у тамтэйшы бібліятэчны тэхнікум. У гэтым горадзе жыве мая стрыечная сястра, якая па першым часе і прытуліла мяне ў сябе. Так я набыла прафесію бібліятэкара. Скончыла навучанне ў 1985-ым годзе, а ў 1986-ым паступіла на завочнае аддзяленне інстытута культуры, дзе набывала новыя веды яшчэ пяць гадоў.

Накіраванне атрымала ў чытальную залу дзіцячай бібліятэкі. Праз пару гадоў мяне перавялі ў чытальную залу бібліятэкі дарослай. Праз пэўны час прызначылі загадчыцай аддзела абслугоўвання, куды ўваходзяць абанемент і чытальная зала. Зараз гэта — аддзел абслугоўвання і інфармацыі. І вось ужо 27 гадоў я працую бібліятэкарам і люблю сваю прафесію. Больш за тое! Я ўдзячна бацькам, якія для мяне яе выбралі.

Мне вельмі падабаюцца сустрэчы і стасункі — з новымі чытачамі і з даўнімі, якіх ведаю ўжо шмат гадоў. Заўсёды стараюся задаволіць попыт наведвальнікаў. І нават калі замоўленай імі літаратуры няма, абавязкова пашукаю штосьці па тэме і прапаную ўзамен. Мне хочацца, каб чытачы добра адносіліся да мяне, паважалі і, безумоўна, прыходзілі ў бібліятэку яшчэ і яшчэ.

Хачу зазначыць, што зараз бібліятэкар не толькі выдае кнігі, але і арганізоўвае разнастайныя мерапрыемствы, бярэ ў іх удзел. А са старшакласнікамі праводзіць выхаваўчую работу. Пры нашай бібліятэцы працуюць тры аматарскія аб’яднанні: літаратурна-паэтычны клуб «Ветразь», клуб для сталых людзей «Журавінка», «Маладзёжнае перакрыжаванне» для старшакласнікаў. Мне падабаецца як рыхтаваць тэмы, так і проста ўдзельнічаць у пасяджэннях. Калі да нас прыходзяць новыя чытачы, мы абавязкова запрашаем іх выбраць для сябе і аматарскае аб’яднанне. А падчас правядзення Дня адчыненых дзвярэй першага верасня прапаноўваю вучням старэйшых класаў, каб яны самі прыходзілі да нас — і раілі нашы клубы сваім бацькам, дзядулям і бабулям…

Безумоўна, бібліятэкар — адна з самых спакойных прафесій, у тым ліку і ў псіхалагічным плане. За гэта таксама яе люблю. А вось настаўніцай пачатковых класаў я, хутчэй за ўсё, працаваць не змагла б… Бо кожны боль прапускала б праз сэрца, як свой. А колькі зараз у нас гаротных дзяцей?! Душа б балела, і сэрца разрывалася…. Ну, а тут, у бібліятэцы, калі і баліць душа, дык гэта за вырваныя кніжныя старонкі. Перажываю, калі сапсаваныя кнігі паказвае хтосьці з калег. А калі пры мне такое здараецца…

Прыгадваюцца два выпадкі. Працавала ў чытальнай зале, прынесла замоўленае чытачом, запісала, аддала. І пасля ўжо ўбачыла, што з энцыклапедыі (!) знікла старонка. Я ўзяла і напісала таму старшакласніку ліст, каб вярнуў выдранае. Не памятаю ўжо, якім чынам адбылося, але старонку сапраўды вярнулі, і я яе ўклеіла. А наступным разам… Я кудысьці спяшалася. Мы расстаўлялі новыя кнігі… І толькі бліжэй да заканчэння дня я спахапілася, што адной — няма. А было школьнікаў 5 ці 6. І як я вылічыла, што гэта з п.Мірны… Пайшла туды, хаця і было ўжо цёмна ўвечары, кастрычнік. Пераступіла парог і думаю: «А як жа сказаць?!» «Мо, — кажу, — выпадкова кнігу ўзялі дахаты?» — «Так-так», — мне адказалі. І вярнулі.

Дарэчы, у той час, калі мы з равеснікамі вучыліся — кожны сваёй прафесіі, дык абсалютна не думалі, хто і колькі будзе зарабляць, пайшоўшы на свой хлеб. І мае бацькі гэтае пытанне ніколі са мной не абмяркоўвалі. Галоўнае, каб праца прыносіла задавальненне. А гэта так і ёсць — ужо больш за чвэрць стагоддзя…

У мяне — сын. Ён абраў іншую прафесію, і як мама я гэтым задаволена. А вось калі б была дачка, дык, думаю, ад бібліятэчнай справы я б яе не адгаворвала. Вось якія, на мой погляд, яшчэ перавагі гэтай прафесіі? Бібліятэкар заўсёды ў курсе ўсіх навінаў, бо мы першымі з раніцы гартаем перыёдыку. А, як вядома, хто валодае інфармацыяй — той валодае светам. Яшчэ мы пастаянна адкрываем для сябе новыя імёны — паэтаў, празаікаў, драматургаў… А затым раім іх чытачам. Бывае і наадварот, калі нашы наведвальнікі дзеляцца інфармацыяй альбо рэцэптамі, карыснымі парадамі і нават… раяць прачытаць тую ці іншую кнігу. Бо, зразумела, што сам усе кнігі не перачытаеш… Прыцягваюць увагу таксама навінкі мастацкай, галіновай літаратуры.

Мне пашанцавала, што ў нас — добрае начальства, дружны калектыў. Падабаецца супрацоўнічаць з «раёнкай», выступаць на раённым радыё. Прыемна чуць затым водгукі ад родных, сяброў, знаёмых… Словам, я рада, што ў мяне прафесія — сапраўды любімая…

Занатавала

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *