ЗА ЎДЗЕЛ У СУБОТНІКУ — ДЗЯКУЙ! НОВЫМ СМЕТНІКАМ СКАЖАМ: «НЕ!»

Общество

Мы ўжо даўно планавалі паставіць агароджу вакол могілак вёскі Астравіты. Вяскоўцы таксама звярталіся з такой просьбай. Таму на працягу ўсяго летняга перыяду мы збіралі грошы на гэтыя мэты. Да таго ж, трэба было правесці і работы па добраўпарадкаванні — высекчы зараснікі, прыбраць шматгадовыя кучы смецця, паваленыя дрэвы, якія пачыналі ўжо гнісці…

У двух населеных пунктах — Дыі (у іх асобныя могілкі, але размешчаныя непадалёк ад могілак згаданай суседняй вёскі) і Астравітах — мы павесілі аб’явы аб маючым адбыцца там і там суботніку, зрабілі падворны абход з запрашэннем узяць удзел. Мерапрыемства па добраўпарадкаванні прызначылі на Дзяды, каб усе ахвотныя пасля прыбірання могілак сваіх родных і блізкіх маглі папрацаваць і на грамадскай тэрыторыі.

Непасрэдны ўдзел у суботніку ўзялі работнікі нашага сельвыканкама. Асобна працавалі рабочыя, якія ўстанаўлівалі плот. Прыемна, што і вяскоўцы адгукнуліся, прыйшлі на дапамогу. Мужчыны прыхапілі з дому сякеры і бензапілы. Бензінам іх забяспечваў сельвыканкам.

Вельмі ўразіў усіх нас Віктар Вяргейчык, які прыбыў на суботнік на экскаватары-пагрузчыку, выдзеленым бясплатна ПТУП «ТэхнаМюнстэр»! Дзякуючы гэтай тэхніцы мы змаглі прыбраць і кучы смецця, і вялізныя камяні, і спілаваць некаторыя дрэвы, якія ўжо нахіліліся і былі аварыйна небяспечнымі. Пасля гэтага і высякання зараснікаў на могілках вёсак Дыя і Астравіты з’явіліся ладныя прасветы.

Канешне, мы не паспелі зрабіць усё, што хацелі, але большую частку запланаванага выканалі. Сардэчна дзякую тым вяскоўцам, хто ўзяў актыўны ўдзел у суботніку. У вёсцы Дыя гэта — Рыгор Задзіран, Надзея Вяргейчык, Аксана Лісіца, Марыя Папова, Лідзія Бандарык, Валянціна Суша, у в.Астравіты — Мая Мажутка, Уладзімір Канапака (працаваў з бензапілой), Пётр Андрончык, Васіль Трыпуз, Аляксандр Вяргейчык (працаваў з бензапілой)… І многія іншыя жыхары гэтых вёсак і г.Мінска, якія на Дзяды прыехалі да родных магіл і згадзіліся папрацаваць на грамадскай тэрыторыі.  Разам з вамі мы зрабілі богаўгодную справу! І, вядома, ушанавалі памяць тых, хто пахаваны. Зразумела, што ў сваёй працы мы абапіраемся на людзей. А больш нам, па сутнасці, няма на каго разлічваць…

Карыстаючыся момантам, звяртаюся не толькі да жыхароў свайго Чэрвеньскага сельсавета, а і ўсяго раёна, бо праблема гэтая сапраўды датычыць усіх. Шаноўныя, калі вы прыязджаеце і прыходзіце, каб прыбраць месцы пахавання сваіх родных, блізкіх, знаёмых, сяброў, суседзяў, калі ласка, выкідвайце смецце толькі ў прызначаныя для гэтага месцы! І пажадана — не пад самы плот. Справа ў тым, што смецце на ўсіх вясковых могілках прыбіраецца толькі сіламі работнікаў сельвыканкама.

У якасці прыкладу возьмем пахаванне вёскі Астравы. Тэрыторыя вялізная. І звычайна некаторыя людзі, якім далёка несці смецце ў прызначанае месца, выкідваюць яго проста за плот. І такія стыхійныя сметнікі вырастаюць у месцах дваццаці, не меней, у тым ліку — і з боку дарогі. І калі тэхніку для ліквідацыі смецця ў прызначаным месцы — пагрузчык і машыну — мы просім звычайна ў «Райаграсервісе», дык у выпадку з’яўлення стыхійных звалак даводзіцца браць у рукі сахор і самім смецце збіраць, грузіць і звозіць. Бывае, прычэп даводзіцца чапляць нават да сваёй машыны.

Таму давайце ўсё ж, па-першае, паважаць працу іншых, а па-другое, не ператвараць святыя месцы пахавання і тэрыторыі вакол іх у сметнікі. Па прынцыпу: няхай ляжыць абы-дзе, толькі не каля могілак, над якімі апякуемся. Пасля вашага прыбірання пахаванняў, шаноўныя, чысціня і парадак павінны быць вакол, каб вы нікому не стваралі лішніх праблем.

Наталля СВІРЫДОВІЧ,

старшыня Чэрвеньскага сельвыканкама.

Фота аўтара

Здымкі зроблены на могілках в.Астравіты

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *