“ТЭХНІКА — ГЭТА МАЁ!”

Общество

Аляксандр АСТРАМОВІЧ, трактарыст-машыніст ААТ «Валевачы»:

Механізатарам у Валевачах я працую адносна нядаўна. Да таго жыў у Мінску, працаваў зваршчыкам. Гэту работу ведаю даўно і вельмі добра, умею многае, часта і зараз на валевачоўскім мехдвары карыстаюся сваім вопытам.

Як я патрапіў у сельскую мясцовасць? Здецца, прасцей простага: па рэкламнай аб’яве. Так-так, прачытаў, што патрабуюцца людзі на працу ў сельскую гаспадарку, і што прапаноўваецца жыллё. Праўду кажучы, гэтая акалічнасць і прывабіла больш за ўсё. Прыехаў у Валевачы. Пазнаёміўся з адміністрацыяй, расказаў пра сябе, што ўмею. Сапраўды, адразу прапанавалі жыллё, хоць зараз засяляйся, толькі заўтра выходзь на працу!..

Я паехаў у сталіцу, забраў жонку з дзецьмі, і мы пераехалі. Дом нам далі вялікі, дабротны: тры пакоі, усе выгоды, як і ў горадзе. Яшчэ ў прыдачу вясковыя прыемныя «бонусы»: сад, агарод. Так у 2009 годзе мы сталі мясцовымі жыхарамі. За гэты час нарадзілася трэцяе дзіця, дачушка Арынка, зараз ёй два годзікі і сем месяцаў.

У мяне ёсць вышэйшая адукацыя — скончыў Мінскі інстытут спецыяльных тэхналогій і маркетынгу. Нават з «чырвоным» дыпломам! Але хоць па адукацыі я інжынер-мяханік, але ў гаспадарцы таксама быў зваршчыкам. Потым праз некаторы час папрасіўся ў трактарысты-машыністы. Не імкнуся да кіруючых пасад, не цікавіць неяк мяне гэта. Вось тэхніка — іншая справа! Гэта — маё! Вельмі падабаюцца сучасныя механізмы, механізіраваныя, камп’ютарызаваныя сістэмы кіравання імі. Захапляюць сучасныя магчымасці сельскагаспадарчых агрэгатаў: абсалютна ўсё, што раней, яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, людзі рабілі рукамі, набіваючы мазалі, зараз механізавана. Чалавек менш стамляецца, ды і вынік працы больш якасны.

Вось, напрыклад, узяць пасяўны агрэгат. Выконвае ўсё ад пачатку да канца без удзелу фізічнай працы чалавека: ад апрацоўкі глебы да непасрэдна сяўбы. Раней колькі тэхнікі было патрэбна рознай, колькі працаўнікоў, колькі часу, каб выканаць гэтыя работы! А зараз адзін трактар і адзін механізатар.

Аднак тэхніка патрабуе і адносін іншых, і нават мыслення іншага. Каб справіцца з сучастнымі агрэгатамі, плённа на іх працаваць, сучасны механізатар павінен быць адукаваным і адказным чалавекам, шмат ведаць, шмат умець. Я ганаруся сваё прафесіяй таму, што на сённяшні дзень механізатар у сельскай гаспадарцы — гэта менавіта адукаваны, талковы прафесіянал. Імкнуся сам быць такім. Перад важнымі сельскагаспадарчымі перыядамі — пасяўной, уборачнай, — імкнуся, каб мой трактар быў у найлепшым стане. Калі праводжу комплексныя рамонтныя работы, вельмі дапамагае тое, што я інжынер: магу сам шмат што давесці да ладу. Калі чаго не ведаю — пытаюся парады ў калег. Што добра ведаю — сам параю, калі спытаюцца.

…Самае прыемнае ў рабоце, на мой погляд,  — бачыць вынікі сваіх намаганняў, сваёй працы. Такое бывае падчас уборачнай, пасля сяўбы азімых. Калі ўзыходзяць на полі, дзе я працаваў, густыя зялёныя шчоткі парасткаў, гляджу на гэта і  шчыра радуюся. І думаю: «Як цудоўна!..»

Занатавала Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *