ТАКІЯ ДЫРЭКТАРЫ НЕ ЗАБЫВАЮЦЦА…

Люди и судьбы

Сённяшні мой аповед — аб дырэктары колішняй Рэчкаўскай школы Ніне Іосіфаўне Лугаўцовай. У мяне нават не знаходзяцца словы, каб ахарактарызаваць яе, але паспрабую. Інтэлігентная, статная, абаяльная, патрабавальная, дысцыплінаваная, сардэчная, прыгожая, строгая… Гэта быў кіраўнік школы, які адпавядаў сваёй пасадзе, сваёй прафесіі. Яна ўмела кіравала як вучнёўскім, так і настаўніцкім калектывам. Ніколі не спазнялася на сваё працоўнае месца. А трэба адзначыць, што жыла Ніна Іосіфаўна ў трох кіламетрах ад школы — у вёсцы Гарадок. У дождж, у завею, у сцюжу, у мароз яна адмервала шлях да сваёй роднай школы, дзе адпрацавала ў якасці дырэктара больш за 30 гадоў.

Не аднаму пакаленню настаўнікаў яна перадала свой вопыт, працуючы на педагагічнай ніве. Ніна Іосіфаўна — географ. Яе ўрокі ўзгадваюцца і цяпер, праз многа гадоў. Калі ты пабываў на іх, дык, здаецца, пабываў на ўсіх абшарах зямнога шару! Шмат аповедаў лілося з яе вуснаў — аб розных краінах, якія цікавілі не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Яна дзялілася і асабістымі ўспамінамі аб ўласных вандроўках па краіне падчас вучобы і працы. Такое не забываецца.

Шаноўная Ніна Іосіфаўна, вам перадаюць прывітанне настаўнікі, якія працавалі ў школе пад вашым кіраўніцтвам. Гэта Тамара Міхайлаўна Міцкевіч, Святлана Алегаўна Бутар, Тамара Міхайлаўна Касцевіч ды іншыя. Яны добрым словам прыгадваюць вас і той час, калі працавалі ў нашай Рэчкаўскай школе. Ваш вопыт вельмі ім спатрэбіўся ў педагагічнай працы ў іншых школах.

Асабіста я вам удзячна за вашы клопат, добразычлівыя адносіны, патрабаванні да ўрокаў, павучэнні не толькі ў педагагічнай працы, але і ў жыцці. Нізкі вам паклон, дарагая Ніна Іосіфаўна!

Рэгіна ШАЛУПЕНКА,

в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *