ШТО НОВЕНЬКАГА Ў ВАС?

Общество

Наталля ГАМЕЗА, в.Велікаполле:

— Нашу сям’ю чакае значная падзея — дачка Дар’я праз некалькі тыдняў выйдзе замуж. Жаніх яе мясцовы, родам з Любішына. Сябруюць ужо даўно. Старэйшых сыноў я ўжо ажаніла, а цяпер вось і дачушка стварае сваю сям’ю. Нягледзячы на тое, што працуюць маладыя ў Мінску, вяселле святкаваць будуць у Чэрвене, у рэстаране. Гасцей запрасілі нямала — прыкладна 70 чалавек. Планаваць вяселле не так проста, але мы ўжо падрыхтаваліся — загадзя купілі сукенку, заказалі месцы ў рэстаране і г.д. Усё астатнія пытанні вырашаюць самі дзеці.

 

Дзмітрый РУСЕЦКІ, в.Чарнаградь:

— Самае значнае, што адбылося ў нашай сям’і апошнім часам — паступленне малодшай дачкі Юлі ў навучальную ўстанову. Яна пайшла вучыцца за медсястру ў Мінск. Доўга не магла вызначыць, куды ісці вучыцца і па якой спецыяльнасці. Зараз яна жыве на кватэры разам са старэйшай дачкой Галяй (тая ўжо працуе). Мы хвалюемся, пакуль Юля вучыцца толькі два месяцы, прывыкае да новага распарадку, новых людзей, да жыцця ў вялікім горадзе. Прыязжаюць дзеці прыкладна праз два тыдні, як у іх атрымоўваецца. Дапамагаем ім, як можам. Крыху нязвыкла, што засталіся з жонкай удваіх. Але мы трымаем хатнюю жывёлу — свіней, карову, курэй, працуем, таму сумаваць няма часу!

 

Ніна Сямёнаўна АЖАР, в.Крываполле:

— Нядаўна мы з мужам ў Мінску былі — зяць адзначаў юбілей. Святкавалі ў дарагім рэстаране, нам так спадабалася! Было шмат людзей, прыгожая абстаноўка, розныя смачныя стравы… Вялікі дзякуй дзецям за тое, што звазілі нас у сталіцу!

Жывём мы з гаспадаром у згодзе, трымаем курэй і сабачку. Бо ўжо на пенсіі, цяжка спраўляцца з гаспадаркай. Маем траіх дзетак і шасцёра ўнукаў. Жывуць яны ўсе ў Мінску, але наведваюць кожныя выхадныя. Між іншым, у старэйшых дзяцей у вёсцы ёсць дачы, таму ў сезон яны часта знаходзяцца тут. Ды і малым на прыродзе весела. Дзеці нас шкадуюць, берагуць, не дазваляюць цяжка працаваць.

Тэлефанавала Кацярына ШУМКО

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *