МЫ ХЛЕБ ВЫРОШЧВАЕМ!

Аграрный сектор

Аляксей ЛУХВЕРЧЫК (на здымку злева), механізатар ААТ «Запольскае»:

— Мне трыццаць гадоў, а пацверджанне на ваджэнне трактара я атрымаў яшчэ на УПК. Адразу і пачаў працаваць у тагачасным  калгасе імя Калініна. Потым нас аб’ядналі  і стала  гаспадарка называцца «Запольскае». У нас шмат механізатараў, якія працуюць на адным месцы ўжо шмат гадоў. Не скачуць туды-сюды па свету, каб «лёгкі хлеб» знайсці.

Мне, напрыклад, дом далі ад гаспадаркі. У Шасціснопах жыву. Ажаніцца вось толькі няма калі! Усё праца і праца, пастаянна заняты, усё часу не хапае як след узяцца за выбар дзяўчыны!..

У рабоце больш за ўсё падабаецца ўборачная. Падабаецца ўбіраць хлеб, новае поле пачынаць, потым глядзець, як з’яўляецца ўсё больш зжатых радоў…

На трактары таксама люблю працаваць: сеяць, падкормліваць. Прыемна назіраць, як зерне переўтвараецца ў калоссе. Не ўмею я прыгожа гаварыць, каб на словах усё перадаць. Увогуле, ганаруся прафесіяй, бо гэта сапраўдная справа для нармальнага вясковага мужыка. Хлеб вырошчваем, кармы нарыхтоўваем, каб пасля было малако і мяса. Самае неабходнае людзям здабываем, як жа гэтым не ганарыцца!..

 

 

Сяргей КУДЛЯНКОЎ, механізатар  ААТ «Запольскае»:

— Калі я быў малы, мы з бацькамі пераехалі ў Заполле з Чарнобыльскай зоны. Гэта было дваццаць тры гады таму. У Заполлі я і вырас. Пасля школы паступіў у Смілавіцкае вучылішча. Там атрымаў прафесію механізатара. Уладкаваўся ў «Запольскае» трактарыстам, так і працую тут па сённяшні дзень.

Чалавек я хоць і вясёлы, але не шматслоўны. Таму не надта ведаю, як растлумачыць, за што я люблю і ганаруся сваёй прафесіяй. Проста люблю араць, сеяць. Люблю выязджаць у поле на трактары. Люблю прыроду, падабаецца назіраць, як вясна надыходзіць, ажывае зямля…  Потым к зіме ўсё сцішваецца, «зварочваецца», зямля адпачывае, набірацца моцы.

Таксама мне ў маёй рабоце падабаецца тэхніка, люблю пакорпацца ў рухавіку, сам нешта адрамантаваць, разабрацца ва ўсіх хітрыках якога-небудзь прыстасавання, дэталі. Потым так прыемна, што сам да ўсяго дайшоў і сам зрабіў, справіўся.

Зараз у мяне ёсць свая сям’я, трое дзяцей — дзве дачкі і сын. Звычайны мой дзень пачынаецца ў шэсць раніцы. Спачатку спраўляюся па хатняй гаспадарцы, потым іду на працу.

Зімой мы менш загружаныя, але ўсё ж работы хапае: трэба  тэхніку падрыхтаваць да сяўбы, каб не прамарудзіць і ў час распачаць  веснавыя работы. Зямля ж чакаць не будзе.

Летам падчас жніва, калі працую на камбайне, даводзіцца пачынаць дзень  з шасці раніцы і да позняга вечара шчыраваць на палетках. Змораны дадому вяртаешся, але  прызвычаіўся і мне падабаецца.

Сёлета мы з напарнікам першае месца ў раёне занялі сярод моладзі. Пастараліся!..

 

Наталля Каралькевіч. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *