АДПРАЎКА… З БАЯНАМ

Молодежная политика

Завяршаецца адпраўка ў войска восеньскага прызыву. Усяго ў армію ў лістападзе пайшло амаль сорак чэрвеньскіх хлопцаў. Напрыканцы мінулага тыдня ў армію ад’язджалі юнакі, якія будуць служыць у Барысаве, у войсках супрацьпаветранай абароны.

Раніцай да ваенкамата прыйшло шмат сяброў, бацькі, родныя, дзяўчаты. Ля ганка весела іграў гарманіст, гучалі песні, частушкі. Моладзь, падбадзёрваючы адзін аднаго, нават танчыла, сабраўшыся ў круг. Дзяўчаты крыху сарамліва туліліся да сваіх хлопцаў, імкнучыся пяшчотна абняць. Матулі церабілі ў руках торбы з хатнімі пачастункамі «на дарогу». Таты і дарослыя мужчыны з радні стаялі моўчкі, са спакойна-летуценнымі ўсмешкамі, відаць, прыгадвалі свой адыход у войска. Чыйсьці сябар мяккім, але вельмі ўпэўненым голасам даводзіў свайму таварышу-навабранцу: «Нічога дрэннага не здарыцца, усё будзе добра!.. Я точна вось так два гады таму стаяў тут, таксама мяне праважалі, нават таксама фатаграфавалі ў газету. Адслужыў, і ўсё цудоўна!»

А на фотаздымак для «раёнкі» на гэты раз патрапіла сям’я Бабічаў з Натальеўска. Мама Алла і тата Уладзімір праважалі малодшага сына Валеру. Да іх далучылася Валерава дзяўчына, Аліна. Не прамінуў патрапіць у кадр апошніх хвілін перад адпраўкай і душа кампаніі — вясёлы баяніст.

 

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *