Заўтра ў нашай краіне адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка

Общество

 

Мікалай Арсеньевіч Пракоф'еў

Нямала такіх  верных прафесіі і прадпрыемству працаўнікоў як Сяргей Іванавіч Міралевіч,  Мікалай Арсеньевіч Пракоф’еў,  Сяргей Канстанцінавіч Канапелька і Віктар Мікалаевіч Дадаеў   ў філіяле «Аўтамабільны парк  №20»  горада Чэрвень ААТ «Мінаблаўтатранса».  Багаты працоўны стаж мае большасць вадзіцеляў.  Многія сюды ўладкоўваліся адразу пасля службы ў войску і ўжо не шукалі лёгкага хлеба.  Колькі кіламетраў наездзілі за сваё жыццё, цяпер і падлічыць цяжка. Але галоўнае не ў даўжыні гэтых дарог, а тое, што былі яны безаварыйныя… Напрыклад, Сяргей Канстанцінавіч Канапелька беражна захоўвае Ганаровы нагрудны значок «За безаварыйную работу» першай ступені. А механік Сяргей Іванавіч Міралевіч, які ў аўтапарку з 1987 года,  ахвотна распавядае пра  бацьку Івана Пятровіча, свайго брата Івана Іванавіча, якія  ўсё жыццё працавалі тут вадзіцелямі — на аўтобусах, грузавых машынах. Зазначае, што не прамінулі роднае для іх сям’і прадпрыемства таксама сын і пляменнік.

Сяргей Іванавіч Міралевіч

— Больш як сто гадоў набяжыць, калі падлічыць колькі ўсяго працуюць у Чэрвеньскім аўтапарку Міралевічы, — з задавальненнем падкрэслівае Сяргей Іванавіч. — У маладосці мы нават і не разважалі, куды падацца. Бацька  працуе ў аўтапарку, значыць і наш шлях туды. На жаль, яго ўжо няма сярод нас, а вось матуля жыве. Ёй  90 гадоў.  Я ведаю, яна ганарыцца сваімі дзецьмі. Мы ніколі не адлыньвалі ад працы і жывём паміж сабой дружна, з людзьмі ладзім…

Сяргей Канстанцінавіч Канапелька

Калектыў аўтапарка — гэта 115 чалавек, розных па характару і ўзросту, але старанных і адказных. Болей як 30 з іх займаюцца перавозкамі пасажыраў, а 26 — грузаў. Усіх іх, а таксама тых, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, прасіла павіншаваць праз газету колішняя старшыня прафсаюзнага камітэта, а цяпер старшыня савета ветэранаў аўтапарка  Галіна Мікалаеўна Гантарэнка, пажадаць усім моцнага здароўя, сямейнага шчасця і лёгкіх дарог. Дарэчы, сама Галіна Мікалаеўна ні адзін дзесятак гадоў працуе тут.  Добразычлівая і адкрытая да людзей, яна не толькі па роду сваёй прафесійнай дзейнасці, а і ад шчырага сэрца клапоціцца пра тых, хто побач з ёй.

Віктар Мікалаевіч Дадаеў

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *