Весткі з бібліятэк

Общество

Валевачоўскай сельскай.

СВАЮ КРАІНУ ВЫВУЧАЕМ У ГУЛЬНІ

Вучні шостага і восьмага класаў Валевачоўскай СШ з задавальненнем паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні «Мая Радзіма — Беларусь». Іх каманды назвалі немудрагеліста — «А» і «Б», а вось спаборніцтва разгарнулася нежартоўнае.   Пачалі з размінкі ў выглядзе пытанняў-адказаў. Балы за яе не налічваліся, затое дзеці настроіліся на конкурс.

Першы тур мы прысвяцілі дзяржаўнай сімволіцы. Школьнікі адказвалі на пытанні пра герб, сцяг і гімн, тлумачылі, што абазначаюць колеры і выявы, прыгадвалі словы гімна. Другі тур быў літаратурным. Падчас яго канкурсанты дэманстравалі свае веды па біяграфіях і творчасці нашых знакамітых пісьменнікаў. А калі адказы ім ніяк не даваліся, прапаноўвалася некалькі варыянтаў, з якіх трэба было выбраць правільны.

Затым надышла чарга трэцяга тура — фальклорнага. Пытанні задаваліся па нацыянальным арнаменце, асаблівасцях беларускіх святаў, пра багоў, якіх шанавалі нашы продкі. А ў чацвёртым туры — геаграфічным — дзеці дэманстравалі свае веданні самага-самага ў гэтай галіне, прыгадваючы самы старажытны горад, самае доўгае возера і г.д. Спыніліся мы таксама і на нацыянальных парках Беларусі.

Усім удзельнікам конкурсу найбольш спадабаўся пяты тур, калі трэба было адгадваць беларускія народныя загадкі. А яны былі рознымі: лёгкімі і складанымі, вясёлымі, жартоўнымі і інтэлектуальнымі…

І калі да апошняга тура каманды па балах ішлі практычна роўна, плячо ў плячо, дык на загадках каманда «Б» зарабіла на два балы болей. А галоўнае, што ўсе атрымалі добры настрой і значна пашырылі свае ўяўленні пра адметнасці Беларусі.

Алена САДЧАНКА,

бібліятэкар

 

 

Лядзенскай сельскай

НАША ЎВАГА — АДЗІНОКІМ І СТАЛЫМ

Асаблівасць бібліятэчнай працы з дзецьмі — не толькі ў мерапрыемствах, але і ў жывых стасунках з аднавяскоўцамі, падтрыманні з імі сувязяў, што карысна як для дзяцей, так і для дарослых. Вось і на пачатку кастрычніка  мы зладзілі акцыю наведвання на даму адзінокіх, састарэлых, ветэранаў працы, настаўнікаў з літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Гары-гары, мая зорка», ахапіўшы там самым і Дзень пажылых людзей, і Дзень настаўніка, і Дзень маці.

Зазначу, што вяскоўцы заўсёды вельмі ўдзячныя за такую да іх увагу. Яны гасцінна прымаюць юных самадзейных артыстаў, гутараць з імі, частуюць цукеркамі, падпяваюць і… атрымліваюць зарад бадзёрасці, адчуваюць сваю запатрабаванасць.

Гэтым разам з вучнямі трэцяга класа Лядзенскай школы мы наведалі жыхароў адзінаццаці хатаў. І ў кожнай чыталі вершы, спявалі песні, дарылі кветкі і добры настрой. Наш шаноўны Казімір Ваўжынцавіч Вяржбіцкі разам з малым Лёнем Карканіцам нават праспяваў «Тры танкісты». Атрымалася хораша, задорна, з душой. Усе наведаныя на даму шчыра дзякавалі за сапраўднае свята, зладжанае для іх.

Святлана КЛЕПЧА,

бібліятэкар

 

 

Чэрвеньскай дзіцячай

СУПРАЦОЎНІЧАЕМ АКТЫЎНА І ВЫНІКОВА

На святочную праграму «Лепей мамы не знайсці» мы запрасілі вучняў чацвёртага класа СШ №2 г.Чэрвеня разам з іх мамамі, бабулямі і настаўніцай Ірынай Віктараўнай Невяроўскай.

Хачу зазначыць, што стасункі з гэтымі дзецьмі доўжацца ўжо трэці год. Яны — пастаянныя ўдзельнікі нашых мерапрыемстваў, наведваюць дзіцячую бібліятэку ў прызначаныя дні. Спадзяёмся, такая актыўнасць ідзе школьнікам на карысць, развівае іх, узбагачае духоўна, пашырае кругагляд, вучыць працаваць з кнігамі і перыёдыкай.

Напачатку бібліятэкары распавялі пра гісторыю ўзнікнення Дня маці ў Беларусі. У літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай самаму дарагому чалавеку на зямлі, узялі ўдзел як дарослыя, так і дзеці. Гучалі песні, чыталіся вершы. Вучні зладзілі нават невялікую інсцэніроўку, уручылі мамам віншавальныя паштоўкі.

Усе з цікавасцю ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах і віктарынах, прапанаваных падчас гульнявай праграмы. Трэба было прыгадаць як мага больш песень пра маму, патрэбныя казкі, працягнуць прыказкі на тэму сям’і… Не проста адгадаць загадкі аб прафесіях, але і правільна назваць, дзе і кім працуюць мамы.

Цікавым атрымаўся інтэрактыўны конкурс, падчас якога трэба было «прыгатаваць» абед — выбраць патрэбныя словы, якія называлі інгрэдыенты, для пэўнай стравы. Атрымалася дзесьці нават весела і смешна, але ў асноўным дзеці справіліся без падказак мам. Вось такое адбылося душэўнае мерапрыемства.

А літаральна праз пару дзён да нас завітаў гэты ж клас — на духоўна-маральны ўрок па дзявятай біблейскай запаведзі — пра хлусню і падман. Яго, як заўсёды, правяла настаўніца нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскай царквы Валянціна Усенка. Яна вельмі адказна ставіцца да падрыхтоўкі. А перш чым распачаць гутарку па наступнай тэме, абавязкова папытаецца, пра што ішла размова на папярэднім духоўна-маральным уроку. І дзеці звычайна распавядаюць вельмі падрабязна і грунтоўна.

Падчас гэтага ўрока яны пачулі ад настаўніцы шмат прыкладаў па тэме — з літаратуры, гісторыі, Бібліі і з жыцця, а таксама задалі многа пытанняў і атрымалі адказы. Гучалі падчас мерапрыемства і песні ў гонар вялікага свята — Пакроваў.

Алена МАТВЕЕВА,

намеснік дырэктара Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі

 

«ВЕРАСОК» ПРАЦУЕ ТВОРЧА

Пасля летніх вакацый мы ізноў распачалі актыўную работу з клубам  «Верасок», у які ўваходзяць вучні шостага класа СШ №2 г.Чэрвеня. Першае пасяджэнне прайшло ў выглядзе літаратурна-краязнаўчага ўрока з рубрыкі «Яны нарадзіліся на Чэрвеньшчыне», прысвечанага 95-годдзю нашага земляка, беларускага пісьменніка Міхася Пянкрата.

Выкарыстоўваючы сучасныя тэхнічныя сродкі, дзецям прапанавалі прэзентацыю, куды ўвайшлі расповед пра жыццёвы і творчы шлях паэта. Гучалі яго вершы, дэманстравалася шмат фотаздымкаў з асабістага архіву, перапіска з замежнымі сябрамі, часопісамі «Вожык» і «Кракадзіл»… Напрыканцы бібліятэкары падрыхтавалі агляд выставы яго кніг пад назвай «Ведрыцкія напевы».

Ну, а другое пасяджэнне прайшло па тэме «Птушкі — нашы сябры». Дзеці шмат чаго новага і адмысловага даведаліся з прэзентацыі — калектыўнай работы бібліятэкараў, якую рыхтавалі да раённага семінару. Тут былі і вусныя старонкі часопіса, і галасы птушак, і класічныя музычныя творы, і вершы…

Безумоўна, цікавымі для дзяцей сталіся гульні і віктарыны. У апошніх перамаглі, прадэманстраваўшы шырокі кругагляд, Паша Галубец і Улад Краснагір. Яны атрымалі прызы ад дзіцячай бібліятэкі.

Любоў ДЖАФАРАВА,

бібліятэкар

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *