У ПЕРШЫ КЛАС — З РАДАСЦЮ

Общество

Восем хлопчыкаў і дзяўчынак сёлета прыйшлі ў першы клас Лядзенскай школы. Штораніцы з радасцю і натхненнем яны спяшаюцца сустрэцца са сваёй першай настаўніцай — Таццянай Віктараўнай Шукановай. То ўсмешлівая, то сур’ёзная, але заўсёды абаяльная і добразычлівая, яна таксама з нецярплівасцю чакае кожнай сустрэчы са сваімі выхаванцамі. Яно і не дзіўна: гэта толькі другі яе першы клас…

Ураджэнка Гомельшчыны, Таццяна Віктараўна пераехала на Чэрвеньшчыну праз некаторы час пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Напачатку рабіла педагогам-арганізатарам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Грабянецкай школе, жыла ў той жа вёсцы. Пасля выйшла замуж у Ляды, зараз працуе тут.

Гэты навучальны год стаўся адметным у яе жыцці. Як зазначае з усмешкай настаўніца, яна сама «пайшла другі раз у першы клас». Ды не адна, а разам з дачушкай Дашай, для якой такі досвед — самы першы! Другая ж дачушка, Марына, таксама штораніцы ідзе з мамай і сястрычкай у навучальную ўстанову, але — у дзіцячы садок.

— Люблю дзяцей, — шчыра прызнаецца Таццяна Шуканова. — Хочацца, каб у іх усё атрымлівалася як найлепш. Дарэчы, першы клас — самы цяжкі і адказны, бо дзеці яшчэ не ўсведамляюць сябе вучнямі, а працягваюць, так бы мовіць, гуляць у школу. Таму іх трэба напачатку арганізаваць, навучыць сядзець за партамі падчас урокаў, ужывацца ў калектыве, правільна трымаць прылады… Ды шмат усяго! А яшчэ ж, як патрабуе праграма, навучыць чытаць, пісаць, лічыць… І ўсё гэта — на ўроку даўжынёй у 35 хвілін, бо хатніх заданняў у першым класе няма… І ўсё трэба тлумачыць ярка і вобразна, з элементамі гульні. Гэта, вядома, складана. А з другога боку… Першакласнікі — яны такія шчырыя… Ім усё цікава, усё хочацца паспрабаваць. Яны так цягнуцца да цябе… Шмат працы і з бацькамі. Да таго ж, настаўнік у вёсцы — заўсёды пад увагай. За табою назіраюць: як апранута, як працуеш, якая твая сям’я, што ў цябе робіцца ў двары, расце ў агародзе… Даводзіцца адпавядаць.

Безумоўна, шмат часу ў Таццяны Віктараўны вымагае падрыхтоўка да ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў. Апрача ўсяго іншага, яна выкладае ў сваіх вучняў маляванне і фізкультуру. Зрэшты, ні з першым, ні з другім прадметам, зазначае, цяжкасцяў не мае. Маляванне — яе захапленне па жыцці. Ёсць здольнасці, жаданне і… ёсць карціны. Для сябе, для душы… Ну, а ўласная фізічная форма дазваляе выкладаць фізкультуру на належным узроўні. А калі што незразумела, заўсёды можна спытацца ў калегі — настаўніка гэтага прадмета.

Хочацца шчыра пажадаць Таццяне Віктараўне і яе маленькім выхаванцам шмат сумесных адкрыццяў, захапляльнага падарожжа ў Краіну ведаў, радаснага настрою — штодня.

Апошні, між іншым, узнікае яшчэ на падыходзе да Лядзенскай школы. Дастаткова толькі зірнуць на прыгожую самаробную рознакаляровую ўваходную браму з надпісам «Школа, добразычлівая да дзіцяці», прайсціся па тэрыторыі, упрыгожанай кветкамі і разнастайнымі кампазіцыямі, зайсці ва ўтульнае фае, дзе ўсё аформлена не афіцыйна, а вельмі цёпла, па-хатняму, узняцца ў клас… А там усмешкай сустракае любімая ўжо настаўніца — Таццяна Віктараўна: «Добрай раніцы!» І няхай штодзень яна сапраўды будзе — добрай…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *