ТРЭЦІ СЕЗОН — ПЕДАГАГІЧНЫ МАРАФОН

Общество

Пяць вучэбных дзён мінулага тыдня для настаўнікаў, выхавальнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі, маладых спецыялістаў, кіраўнікоў і іх намеснікаў атрымаліся вельмі насычанымі. Бо з сёмага па адзінаццатага кастрычніка ў раёне ладзілі педагагічны марафон — ужо трэці па ліку. Кожны дзень меў пэўную тэматыку, а то і некалькі. Удзел у разнастайных мерапрыемствах бралі адпаведныя спецыялісты.

Першы дзень прысвяцілі настаўнікам-прадметнікам. У яго рамках прайшло адкрыццё педагагічнага марафону. Затым настаўнікі праслухалі лекцыю, паўдзельнічалі ў тэсціраванні па тэме «Як пазбегнуць сіндрому прафесійнага выгарання ў педагагічнай дзейнасці», майстар-класах. А настаўнікі фізікі, хіміі і матэматыкі атрымалі запросіны на міні-турнір юных фізікаў. Удзельнікаў марафону ў гэты дзень прымала гімназія №1 імя У.Караля г.Чэрвеня.

Восьмага кастрычніка аб’явілі Днём педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі і Днём маладога спецыяліста. Мерапрыемствы ладзіліся на базе Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.Чэрвеня і СШ №4. Тых, хто працуе з дашкольнікамі, чакала выстава гульнявага і дыдактычнага матэрыялу, вырабленага сваімі рукамі, па тэме «Дашкольнікі за эканомію і беражлівасць», прэзентацыя «Эканомія электраэнергіі ў быце», інтэрактыўныя гульні з педагогамі, дзелавая гульня «За эканомію і беражлівасць», прэзентацыя дзіцячай вопраткі «Свет фантазіі», а таксама абмеркаванне пытанняў выхавання беражлівасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту з вопыту работы ясляў-сада в.Заполле.

Разнастайныя формы работы прапанавалі педагогам са стажам да пяці гадоў. Гэта — лекцыя «Самаадукацыя як крыніца індывідуальнага росту педагога», практыкум «Інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў выкладанні вучэбных прадметаў», метадычныя рэкамендацыі «Алгарытм пабудовы мультымедыйнай прэзентацыі», майстар-класы (ўрокі педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй).

Трэці дзень стаўся Днём работніка дадатковай адукацыі, класнага кіраўніка і Днём работніка сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Удзельнікі педмарафону наведалі Цэнтры дзіцячай творчасці г.Чэрвеня і г.п.Смілавічы, СШ №3 і гімназію №1 імя У.Караля г.Чэрвеня. Людзі творчыя пазнаёміліся з прэзентацыяй рэсурсных цэнтраў выхавання, выставамі творчых работ дзяцей, узялі ўдзел у майстар-класах педагогаў дадатковай адукацыі. Для класных кіраўнікоў і бібліятэкараў у трэцяй гарадской школе падрыхтавалі прэзентацыі бібліятэчных праектаў «Бібліятэка ў культурнай прасторы», а таксама майстар-клас. Педагогі сацыяльныя і педагогі-псіхолагі ўзялі ўдзел у рабоце праблемных секцый і творчых груп па тэме «Арганізацыя работы ўстаноў адукацыі па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх», семінары «Арганізацыя работы ва ўстановах адукацыі па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў».

У чацвер у рамках педагагічнага марафону ладзілі Дзень работніка метадычнай службы, педагагічных СМІ і Дзень работніка спецыяльнай адукацыі — на базе гімназіі №1, СШ №2 і СШ №3 г.Чэрвеня. Адпаведныя спецыялісты ўзялі ўдзел у метадычным аб’яднанні намеснікаў дырэктараў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце і настаўнікаў матэматыкі, метадычных дыялогах на разнастайныя тэмы, педагагічным кансіліуме «Арганізацыя метадычнай работы ва ўстановах адукацыі», прэзентацыі гуртка юных карэспандэнтаў «Шквал» (СШ №4 г.Чэрвеня) ды іншых мерапрыемствах. Настаўнікі-дэфектолагі і тыя, хто працуе ў інтэграваных класах, пазнаёміліся са стварэннем у апорнай установе адукацыі ўмоў для ўключэння дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў адукацыйную прастору, наведалі майстар-клас настаўніка-дэфектолага і выхаваўчае мерапрыемства «У коле сяброў», паўдзельнічалі ў тэматычным відэапраглядзе.

У пятніцу на базе СШ №4 г.Чэрвеня зладзілі Дзень кіраўніка. Падчас яго адбылося пасяджэнне Школы маладога кіраўніка, семінары-практыкумы, метадычнае аб’яднанне дырэктараў.

 

Анжэла РЫМАШЭЎСКАЯ,

намеснік начальніка

аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *