ТАВАРЫ З ЧЭРВЕНЬШЧЫНЫ — НА ВЫСТАВЕ Ў МІНСКУ

Экономика

Больш за 70 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу ўзялі ў сераду ўдзел у абласной выставе спажывецкіх нехарчовых тавараў, якая прайшла ў Мінску. Чэрвеньшчыну прадставілі на ёй Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка і таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сетка».

Смілаўчане прывезлі на выставу больш за 20 найменняў тавараў: разнастайныя мадэлі валёнак, а таксама коўдры і падушкі. Прадукцыя фабрыкі карыстаецца трывалым попытам у спажыўцоў. Так, за 9 месяцаў года прадпрыемства рэалізавала 98 тысяч пар валёнак, з іх каля 60 тысяч — на экспарт. Выручка ад замежных паставак склала 415 тысяч долараў ЗША. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года экспарт валенага абутку павялічыўся на 19 працэнтаў.

Другі ўдзельнік абласной выставы — ТАА «Сетка» — працуе ў раёне больш за сем гадоў. Прадпрыемства, якое месціцца ў вёсцы Заполле, вырабляе і пастаўляе на айчынны рынак металічную сетку, агароджы, вароты, веснічкі, слупы, дрот, лаўкі, сметніцы і іншае. Гэтая прадукцыя запатрабаваная ў арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і насельніцтва.

Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Алены Шлома, стэнды з таварамі, што вырабляюцца на Чэрвеньшчыне, выклікалі цікавасць у наведвальнікаў выставы. Яны ахвотна бралі прайс-лісты і каталогі прадукцыі і нашых вытворцаў.

Ігар АДАМОВІЧ

Фота з выставы прадастаўлена Аленай Шлома

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *