З мэтай каардынацыі дзейнасці структурных падраздзяленняў райвыканкама, раённых арганізацый, грамадскіх аб»яднанняў па падрыхтоўцы і правядзенню святкавання 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта, у адпаведнасці з якім створаны раённы арганізацыйны камітэт, распрацаваны планы мерапрыемстваў па яго падрыхтоўцы і святкаванню ў раёне.
На працягу 2013-2015 гадоў будуць абследаваны жыллёвыя і бытавыя ўмовы інвалідаў, удзельнікаў вайны і пры неабходнасці аказана адрасная сацыяльная дапамога або зроблены за кошт сродкаў мясцовага бюджэту рамонт кватэр і дамоў адзінока пражываючых грамадзян — ветэранаў вайны, сямей ваеннаслужачых, загінуўшых партызан і падпольшчыкаў. Плануецца праводзіць комплексныя медыцынскія агляды гэтых катэгорый грамадзян, арганізоўваць аказанне медыцынскай дапамогі ў раённых установах аховы здароўя і рэспубліканскіх санаторна-курортных установах. Інвалідам і удзельнікам вайны забяспечаць бясплатнае карыстанне паслугамі стацыянарнай тэлефоннай сувязі.
Цікавымі і змястоўнымі будуць культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. На працягу гэтага і наступных гадоў у кінатэатрах прадэманструюць мастацкія, хранікальна-дакументальныя фільмы аб Вялікай Айчыннай вайне. Аддзел адукацыі, спорту і турызму, раённая арганізацыя ветэранаў запросяць прыняць удзел у рэспубліканскіх акцыях «Дарогамі вызваліцеляў», «Я памятаю, я ганаруся!», раённы камітэт БРСМ — у маладзёжным марафоне «Дзякуй за Перамогу», у ваенна-патрыятычным злёце «Мы — нашчадкі Перамогі» і ў грамадзянска-патрыятычных праектах «Беларусь маладая», «Свет Вялікай Перамогі», а раённая арганізацыя «Беларускае таварыства «Веды» — у абласной патрыятычнай акцыі «Радзіма! Адзінства! Перамога!». Школьнікам і навучэнцам прапануюць прыняць удзел у акцыях па аказанню шэфскай дапамогі ветэранам «Ваша перамога — наша вызваленне», «Мой падарунак ветэрану», «Ветэран жыве побач», у ваенна-спартыўных гульнях «Зарніца», Арлёнак», «Бастыёны мужнасці», у творчых конкурсах «З чаго пачынаецца Радзіма?», на лепшы малюнак, расказ або верш «Ордэн майго дзеда», у віктарыне «Што ты ведаешь пра Вялікую Айчынную вайну». Ужо цяпер праводзіцца конкурс сярод моладзі «Дакументальны сведка вайны».
У раённым краязнаўчым музеі, бібліятэках і установах раёна будуць пастаянна праходзіць тэматычныя экспазіцыі і выставы. У 2015 годзе ва ўстановах адукацыі плануецца правесці конкурс музеяў Баявой славы «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем». Распрацоўваюцца тэматыкі экскурсійна-турыстычных маршрутаў па гістарычных месцах раёна, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, будуць праводзіцца Вахты памяці з мэтай актывізацыі архіўна-доследнай работы па ўстанаўленню імёнаў, лёсаў і месцаў пахавання загінуўшых. Непасрэдна падчас святкавання памятных дат паўсюдна будуць праводзіцца ўрачыстасці, канцэрты, ушанаванні ветэранаў, уручэнні ім памятных падарункаў і сувеніраў. Дэлегацыя раёна прыме ўдзел у святочных мерапрыемствах на мемарыяльных комплексах «Хатынь», «Курган Славы» і «Лінія Сталіна», у рэспубліканскім мітынгу-рэквіеме «Паклонімся вялікім тым гадам» і раённым на мемарыяльным комплексе Папова Града.
Людміла РАБЕЦКАЯ