ПЕРАХОДНЫ КУБАК ЗНОЎ У «БУДАЎНІКА»

Спорт

Мінулымі выхаднымі на гарадскім стадыёне ў Чэрвені прайшоў 10-ы футбольны турнір памяці трэнера чэрвеньскага «Коласа» і зборных нашага раёна Яўгена Вараб’я.

Арганізавала спаборніцтвы Чэрвеньская СДЮШАР пры спонсарскай падтрымцы ПМК-237 і кампаніі ТМК-«Альфа». Удзел у іх узялі каманды «Будаўнік», «Энергетык», «СДЮШАР», «Вуліца Барыкіна» «Будаўнічы ліцэй» і «Ігумен» з райцэнтра, а таксама клуб аматараў футбола «Смілавічы».

У першы дзень прайшлі гульні ў групах. У групе «А» відавочным фаварытам быў «Будаўнік», які перамог усіх сваіх сапернікаў: «Ігумен» — 3:1, «Чэрвеньскі ліцэй» — 2:1 і «Смілавічы» — 3:0. Другую пуцёўку ў фінал з двума перамогамі атрымаў клуб аматараў футбола «Смілавічы».

У групе «Б» першае месца занялі футбалісты «Вуліцы Барыкіна», якія выйгралі ў «СДЮШАР» — 2:0 і згулялі ўнічыю з камандай «Энергетык» — 0:0. Каманда СДЮШАР, дзякуючы перамозе над энергетыкамі, выйшла ў фінальную частку спаборніцтваў з другога месца.

У нядзелю турнір прадоўжыўся паўфінальнымі матчамі. У першым з іх «Будаўнік» учыніў разгром «СДЮШАР» — 7:1, а ў другім футбалісты «Вуліцы Барыкіна» пасля нічыёй у асноўны час — 2:2 — вырвалі перамогу па пенальці ў КАФ «Смілавічы». Смілаўчане затым выйгралі матч за трэцяе месца ў СДЮШАР — 5:2 .

Фінальны матч «Будаўнік» — «Вуліца Барыкіна» выдаўся надзвычай багатым на эмоцыі і скончыўся з лікам 3:1.

Такім чынам, чэрвеньскія будаўнікі трэці раз запар заваявалі пераходны кубак турніру. За каманду выступалі Аляксандр Захарэвіч, Сяргей Купровіч, Аляксей Сасункевіч, Уладзімір Тарасік, Юрый Пятроўскі, Вячаслаў Целяціцкі, Дзмітрый Чысты, Яўген Канашэвіч, Ігар Філічонак, Аляксандр Мрынскі і Дзяніс Трапашка.

Медалі ад Чэрвеньскай СДЮШАР футбалістам, каманды якіх занялі першае і прызавыя месцы, уручылі жонка Яўгена Вараб’я Людміла Аляксандраўна і яго унук Станіслаў.

Лепшымі ігракамі спаборніцтваў у камандах-фіналістах прызнаны Павел Лаўрык («СДЮШАР»), Андрэй Суша (КАФ «Смілавічы»), Максім Шалабнёў («Вуліца Барыкіна») і Вячаслаў Целяціцкі («Будаўнік»). Яны ўзнагароджаны прызамі ад чэрвеньскай ПМК-237.

Прызы лепшага іграка турніру ад кампаніі ТМК-«Альфа» і СДЮШАР атрымаў Дзмітрый Чысты з каманды «Будаўнік». Уладальнікам прыза лепшага бамбардзіра фінальнай часткі спаборніцтваў ад кампаніі ТМК-«Альфа» стаў Дзяніс Трапашка  («Будаўнік»). Прызамі Федэрацыі футбола Мінскай вобласці заахвочаны Ігар Шмідаў («Вуліца Барыкіна») і Максім Аладка («СДЮШАР»), прызам Чэрвеньскага будаўнічага ліцэя — Арцём Аўраменка («Будаўнічы ліцэй»).

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *