Паэтычная творчасць настаўніка

Общество

Валерый ЗАХАРАЎ,

г.Чэрвень

* * *

Я імкліва ўзлячу ў восень,

Як падхоплены ветрам лісток —

Там прастору хапае ўдосталь

І амаль не стае перашкод.

 

Я імкліва ўзлячу ў неба,

Даганяючы птушак палёт,

Мне ў вольнасці з імі трэба

Адшукаць накірункі дарог.

 

Кожны з нас

па зямной дарозе

Крыж жыццёвы па-свойму нясе:

Хто з палёгкаю,

хто ў знямозе —

Па пяску, камянях ці вадзе.

 

Крыж жалезны

ці будзе драўляны —

Ён заўсёды як сутнасць быцця.

Кожны год мой —

глыбокая рана,

Калі моцна закута душа.

 

Мне б пакінуць прасторы

свету,

Калі крылы — узмах пары рук…

Я ўзлятаю з чародамі ў неба,

Каб паменшыць хоць трохі

пакут.

* * *

Глядзі ў сінь… Кажы — цяпло,

Хоць наступіла восень.

А мне так хочацца ў святло

Сцюдзёна-колкіх росаў.

 

А мне жадаецца ў прастор,

Дзе птушак дружныя чароды

Плывуць паволі ў безліч зор,

Не выбіраючы дарогі.

 

А я хачу, як знічка, зноў

На стог духмяны ўпасці,

Адчуць пяшчоту валасоў

І позірк сонны, ранні.

 

І чуць усплёскі хваль у сне

І салаўіны пошчак летні.

І сумаваць, што прыйдзе дзень —

І ўсё пакіне дзесьці.

 

Зноў збіць на лузе трохі рос,

З табой прайшоўшы поруч,

Аддаўшы золку моўчкі ноч,

А дню — пачуццяў мора.

 

Каб плыць упэўнена ў ім,

Не быць нявольнікам настрою,

Каб утрымацца ўдваіх

У часе моцнага прыбою.

 

Глядзі ў сінь… Кажы — цяпло:

Ёсць лета бабіна і ўвосень.

Не ачарсцвей… Ступі ў святло

Забытых летніх росаў.

 

* * *

На жаль, не дома, а далёка

Ад летняй бацькаўскай зямлі,

Дзе часам ліпеньская спёка

Прыносіць сэрцу халады.

 

Дзе круглы месяц,

быццам кола,

Вядзе шчымліва да мясцін,

К якім у сталасці — дарога,

А ў юнацтве — шмат сцяжын.

 

Там лёгка можна заблудзіцца

І не знайсці абрысаў след

Даўно загубленай крыніцы,

Што збегла раптам

на той свет.

 

Пусцее сад… І жоўкне лісце.

Начныя вогнівы зарніц…

Усё жыццё шукаю выйсце

Забытых дзедавых крыніц.

 

Ілля дажджлівы…

Спас мядовы…

І ліст у жнівеньскі Пятрок —

Дзе тых крыніц зямныя сховы,

Дзе прыхаваны іх выток?

 

Канава тая, быццам сцежка,

Што праставала пад грудок?

З яго калісьці (думаў — вечна!)

Струменіў жвавы ручаёк.

 

Каб асака не заглушала

Зямлі дармовае піццё,

Дзед глыбіў шчыра і аддана

Яе люстэркавае дно.

 

І рос струмень, пачуўшы волю,

І, як падлётак, рваўся ўверх…

Здаецца мне, што сваю долю

Уклаў я толькі ў адзін след.

 

Адбітак мой — ён, невыразны

Перад асенняю парой,

З расою ранняю схаваны,

Шукае цэльнасці зямной.

 

Ды знаю, мабыць, пазнавата

Рабіць ізноў за крокам крок:

Менш цісне след…

Не адчувае

Зямлі сцюдзёнай той выток.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *