ДЗВЕ ПОСТАЦІ Ў ЛІТАРАТУРЫ

Общество

Напрыканцы верасня ў рамках літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» адбылася сустрэча, прысвечаная 190-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, драматурга, перакладчыка, крытыка, краязнаўцы Уладзіслава Сыракомлі.

Пра яго жыццё і творчасць распавяла бібліятэкар Кацярына Дзямахіна. Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж адзначыў, што паэт шмат зрабіў для развіцця новай беларускай літаратуры. Ён прадэманстраваў кнігу з асабістай бібліятэкі «Уладзіслаў Сыракомля» (1857 г.), перавыданне якой адбылося ў Мінску ў 1992-ім годзе. Уладзімір Георгіевіч прадэманстраваў прысутным не толькі фотаздымкі, але і герб Сыракомлі, марку, паштоўку, медаль, зроблены да 100-годдзя з дня смерці паэта. Гучалі вершы Уладзіслава Сыракомлі «Каралі», «Вячорная», «Ужо птушкі пяюць усюды» і запіс песні «Когда я на почте служил ямщиком» у выкананні Аляксандра Вядзернікава.

Вераснёўскае пасяджэнне клуба было прысвечана і яшчэ адной постаці беларускай літаратуры — Сяргею Грахоўскаму, да 100-годдзя з дня яго нараджэння. Пра жыццё і творчасць беларускага пісьменніка на літаратурнай гадзіне «Сталасць думкі, маладосць душы» падрабязна распавяла бібліятэкар Алена Адамовіч. Яна ўзгадала цікавыя звесткі пра юбіляра з успамінаў яго дачкі Таццяны.

Вершы паэта «Я цябе прыгадаў», «Як я жыў без цябе», «Ветразь», «На апошняй вярсце», «Ціхія пенсіянеры», «Верш на Свабоду» чыталі сябры клуба Софія Картавусава, Зоя Сушкевіч, Марыя Чаган, Наталля Ліфанава, Яўген Мшар, Яўген Несцяровіч. З задавальненнем паслухалі прысутныя песню ў выкананні Багдана Андрусішына (Данчыка) на верш Сяргея Грахоўскага «На апошняй вярсце».

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела

абслугоўвання і інфармацыі  Чэрвеньскай ЦРБ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *