ДЗЕЦІ МАЛЮЮЦЬ БЯСПЕЧНУЮ ПРАЦУ І… АТРЫМЛІВАЮЦЬ ДЫПЛОМЫ

Общество

З дзясятага чэрвеня па першага кастрычніка гэтага года на Міншчыне ладзіўся трэці абласны конкурс выяўленчага мастацтва сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на тэму «Бяспечная праца — мая шчаслівая будучыня». Яго арганізатарамі выступілі ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскі абласны вучэбна-метадычны кабінет, Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

На конкурс было даслана больш за 100 работ у трох узроставых катэгорыях. Прадстаўнічае журы выбірала пераможцаў і прызёраў у шасці намінацыях. А іх ушанаванне адбылося 15 кастрычніка на Чэрвеньшчыне.

… На яркім аўтобусе з надпісам «Школьны» ехаць на мерапрыемства было весела! Бо з Чэрвеня ў Запольскую СШ, якой выпала прымаць гасцей з усёй вобласці, накіроўваліся не толькі спецыялісты з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама разам з яго начальнікам Ларысай Асановіч, але і юныя артысты — выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці г.Чэрвеня, а таксама іх педагогі і дырэктар Люцыя Дужава. За размовамі і жартамі, назіраннямі за яркімі-яркімі рознакаляровымі лясамі, што праплывалі за вокнамі аўтобуса, шлях падаўся зусім кароткім…

А ў фае Запольскай школы ўдзельнікаў мерапрыемства чакалі яго арганізатары з Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы на чале з дырэктарам Алай Шыдлоўскай і метадыстам Святланай Хасяневіч. У прызначаны час яны распачалі вясёлую забаўляльную праграму. Арыгінальны, дасціпны, завадны Карлсан (педагог дадатковай адукацыі ЦДТ г.п.Смілавічы Уладзімір Місцейка) і звонкагалосы Мастак-інтэлектуал (педагог дадатковай адукацыі ЦДТ г.п.Смілавічы Таццяна Трыгубяк) простымі зразумелымі словамі распавялі пра конкурс, яго мэты і звярнулі ўвагу прысутных на выставу малюнкаў канкурсантаў, якая размясцілася ў фае. А пасля запрасілі юных мастакоў напісаць на сімвалічных рознакаляровых папяровых далоньках свае самыя таямнічыя жаданні і развесіць іх на Дрэве цудаў — каб спраўдзіліся.

Затым самых актыўных і несарамлівых запрасілі паўдзельнічаць у вясёлых гульнях і конкурсах. Дзецям, відавочна, спадабаліся забаўлянкі ад Карлсана і Мастака. Словам, запальвалі ўсе разам!

Ну, а потым з добрым настроем разышліся за гэтымі ж героямі (плюс Клоун) па трох майстар-класах, якія ладзілі педагогі дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы Ірына Пазняк, Надзея Альхімёнак і Вольга Нежавец.

… Вырашыўшы пайсці ў групе за вясёлым Карлсанам, асабіста я трапіла на майстар-клас па вырабе маленькай лялькі-абярэга. Ірына Пазняк вельмі хораша патлумачыла, што да чаго. А колькі цікавага за невялікі адрэзак часу паспела расказаць пра звычаі нашых продкаў! Як лялькі даўней рабіліся без іголкі і нажніцаў. Усё адрывалася, перакусвалася, скручвалася-звязвалася, запляталася… Ніткі браліся чырвоныя — супраць сурокаў, на валасы лялькі звычайна ішоў лён. Тканіны, зразумела, таксама натуральныя. Прычым… адрываліся кавалкі ад старой вопраткі мамы ці таты — лічылася, што там застаецца іх моцная добрая энергетыка, якая ахоўвае малых ад злых духаў. Па гэтай жа прычыне ў лялькі-абярэга не было твару — каб злыя сілы не нашкодзілі… Нават дарослыя на майстар-класе Ірыны Пазняк адчулі сябе крыху дзецьмі…

Абед для юных мастакоў — і вось ужо ўсе збіраюцца ў вялікай актавай зале, дзе грунтоўная ўпрыгожаная сцэна, экран, шмат месцаў і… дужа халодна. Сагравае толькі атмасфера, якая пануе тут.

Са сцэны гасцей мерапрыемства вітаюць Мальвіна і Бураціна — выхаванцы ЦДТ г.п.Смілавічы Яна Асадчая і Софія Канапацкая. Па адмысловым сцэнарыі да іх далучаецца ўжо вядомы Мастак — Таццяна Трыгубяк. І вось ужо казачнае яднаецца з сучаснасцю…

Вядучыя прадстаўляюць ганаровых гасцей — начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандра Аўдзеева, галоўнага спецыяліста ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Святлану Кісель, начальніка мастацкага аддзела Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Вольгу Цімохіну і спецыяліста Вольгу Лявер, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларысу Асановіч.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася Святлана Кісель, зазначыўшы:

— Мы хочам прыцягнуць вашу ўвагу да праблем бяспекі працы не толькі ва ўстановах адукацыі, але і там, дзе працуюць вашы бацькі — з мэтай прафілактыкі траўматызму. А яшчэ — актывізаваць творчую дзейнасць не толькі дзяцей, але і педагогаў. Прыемна што сёння 70 лепшых мастакоў і графікаў атрымаюць дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў, а пераможцы — яшчэ і сувеніры. Гэта — цудоўныя дасягненні, бо калі параўноўваць з 2011-ым годам… Тады ўсяго толькі 9 работ былі прызнаны дастойнымі ўзнагарод. А сёлета нам нават цяжка было выбіраць. Улічваліся і адпаведнасць малюнкаў тэматыцы, і творчая індывідуальнасць аўтара… Усе вы актыўна папрацавалі, у тым ліку і адпачываючы ў дзіцячых аздараўленчых лагерах усіх тыпаў падчас летніх вакацый, і ва ўстановах дадатковай адукацыі… Што яшчэ паказаў конкурс? Мабыць, тое, што дзеці неабыякава ставяцца да таго, дзе і як працуюць іх бацькі, перажываюць, каб праца была бяспечнай і каб штодзень мама і тата вярталіся дахаты…

Уласна цырымонію ўзнагароджання Святлана Кісель правяла разам з Аляксандрам Аўдзеевым. Каб захаваць інтрыгу, пачалі з дыпломаў трэцяй ступені. Затым надышла чарга дыпломаў другой ступені… І вось ужо на сцэне адзін за адным з’яўляюцца пераможцы — у розных узроставых групах, розных намінацыях. І сярод іх — вось наша галоўная інтрыга! — трэцякласніца гімназіі №1 г.Чэрвеня Яна Камінская. Пры дапамозе мамы, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гэтай установы адукацыі Наталлі Камінскай Яначка стварыла эмблему конкурсу (камп’ютарная графіка). Арыгінальную работу журы ацаніла вельмі высока!

Падзякаваў пераможцам і прызёрам начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аўдзееў. А затым усіх чакаў невялікі канцэрт, у які ўвайшлі самыя яркія нумары, прадстаўленыя юнымі талентамі Чэрвеньшчыны. Дарэчы, песні гучалі і падчас самога мерапрыемства.

Не толькі спявалі на сцэне, але і стваралі запамінальныя вобразы выхаванка ЦДТ г.п.Смілавічы Валерыя Жукавец, навучэнка гімназіі №1 г.Чэрвеня Надзея Буднік, выхаванка ЦДТ г.Чэрвеня Ганна Лагуцкая. З дапамогай танцавальных груп цэлае шоу зладзілі выхаванкі ЦДТ г.Чэрвеня Дар’я Баторшына і Ганна Косарава. Добра вядомая ў раёне і за яго межамі танцавальная група «Next» з гэтай жа ўстановы дадатковай адукацыі літаральна зачаравала ўсіх сваімі «Беларускімі матывамі». А на заканчэнне парадавала сваім выступленнем сённяшні педагог Запольскай школы, вельмі моцная вакалістка Чэрвеньшчыны Аксана Юхно.

І атрымалася, такім чынам, не проста шараговае мерапрыемства, а яркае запамінальнае свята, арганізатары і ўдзельнікі якога падаравалі гасцям цудоўны настрой і зарад бадзёрасці…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *