БЕЛАРУСЬ БАЧЫЦЬ У ІНТЭГРАЦЫІ МАГУТНЫ ФАКТАР ДЛЯ ДЫНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗЯРЖАЎ

Общество

Беларусь бачыць у інтэграцыі магутны фактар для дынамічнага развіцця дзяржаў. Аб гэтым заявіў 24 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках праведзенага ў Мінску пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

«Беларусь з самых ранніх этапаў інтэграцыі паслядоўна прытрымлівалася пазіцыі, што інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы дзейнічаюць на карысць эканамічнага развіцця іх удзельнікаў,  а ў канчатковым выніку — на карысць простых людзей, грамадзян гэтых дзяржаў», — сказаў беларускі лідар.

«Мы ні перад кім не закрываем дзверы ў наша аб’яднанне. А калі хто-небудзь яе перад сабой зачыніць сам, гэта будзе ненармальна. Нашы народы вельмі многае звязвае, каб мы адгароджваліся адзін ад аднаго», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што інтэграцыйнае аб’яднанне адкрыта для ўдзелу іншых дзяржаў, якія падзяляюць яго мэты і гатовы прыняць на сябе патрабуемыя абавязацельствы. «Адзіная эканамічная прастора сёння — гэта каласальны рынак з вельмі вялікай колькасцю спажыўцоў. Гэта значныя магчымасці для прамысловай кааперацыі, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, інавацыйнага развіцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, паспяховасць інтэграцыйнага праекта прабудзіла цікавасць да ўстанаўлення з Мытным саюзам рэжыму свабоднага гандлю ў такіх краін, як В’етнам, Новая Зеландыя, дзяржаў Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, а таксама Індыі, Ізраіля, іншых краін і эканамічных блокаў.

«Усім відавочна, што крызісныя з’явы, якія маюць месца ў сусветнай эканоміцы, значна лягчэй перажыць разам. Менавіта таму Беларусь выступае за актывізацыю інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

***

«Беларусь, безумоўна, вітае далучэнне да Мытнага саюза новых партнёраў. Гэта робіць яго больш устойлівым. Таму дзверы ў наша аб’яднанне заўсёды адкрыты і для іншых краін», — сказаў беларускі лідар.

«Мы бачым намер Арменіі далучыцца да нашага інтэграцыйнага аб’яднання, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак трэба дакладна разумець, што Арменіі і іншым неабходна прайсці той жа шлях інтэграцыі, які прайшлі ўжо Беларусь, Казахстан і Расія, і прыняць на сябе ўсе абавязацельствы ў поўным аб’ёме без усялякіх выключэнняў».

Што датычыцца Украіны, то Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць таго, каб яна, рухаючыся ў бок ЕС, не закрыла для сябе магчымасць удзелу ў Мытным, а ў далейшым — і ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

«Гэта няпростыя пытанні. Па іх нам трэба будзе сёння знайсці ўзважаныя рашэнні, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы павінны даць дакладны сігнал нашым урадам, у якім напрамку ім рухацца далей».

***

Развіццё інтэграцыі павінна ўяўляць сабой рух наперад ва ўстараненні любых бар’ераў на шляху ўсебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, —  заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён са шкадаваннем заўважыў, што сёння, нягледзячы на праведзеную работу, колькасць выключэнняў і абмежаванняў не зменшылася, па некаторых напрамках нават узрасла.

«Мы не можам плённа рухацца далей, не выканаўшы нашы папярэднія дамоўленасці. Не дасягнуўшы тых прагматычных або, калі хочаце, практычных мэт інтэграцыі, аб якіх мы неаднаразова заяўлялі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што асноўным пытаннем сённяшняга пасяджэння з’яўляецца падрыхтоўка праекта дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. «Ад таго, які дагавор мы створым, будзе залежаць і поспех нашага новага інтэграцыйнага аб’яднання, і яго прывабнасць для іншых краін», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, гэта непасрэдна паўплывае на развіццё ўзаемаадносін паміж дзяржавамі вялікага рэгіёна.

Прэзідэнт Беларусі лічыць сімвалічным, што ў Мінску атрымліваюць пуцёўку ў жыццё найбольш важныя інтэграцыйныя рашэнні. Так, з прыняццем у лістападзе 2009 года ў беларускай сталіцы Мытнага кодэкса і Адзінага мытнага тарыфу пачалося практычнае функцыянаванне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

«У кожнага партнёра, вядома, сваё бачанне перспектыў. Гэта нармальна. Аднак мы абавязаны знайсці тыя рашэнні, якія задавольваюць усіх. На наш погляд, гэта магчыма», — адзначыў беларускі лідар.

«Як прапанаваў Нурсултан Абішавіч (Назарбаеў. — Заўвага БЕЛТА), па тых спрэчных пытаннях, якія ў нас, безумоўна, ёсць, трэба не хапаць адзін аднаго за грудзі і тармасіць, а даручыць спецыялістам, урадам у сціслыя тэрміны, каб не парушаць нашых дамоўленасцей па далейшаму руху наперад, выпрацаваць прымальныя рашэнні, магчыма, на аснове кампрамісаў», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кіраўнікі дзяржаў «тройкі» да пачатку пасяджэння абмеркавалі практычна ўвесь парадак дня. «Мы закранулі шмат пытанняў, якія падлягаюць абмеркаванню і ў гэтым, і ў больш шырокім складзе», — сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі запрасіў калег выказацца па актуальных пытаннях інтэграцыі.

***

Расія гатова пайсці на ўстараненне ўсіх выключэнняў і абмежаванняў у рабоце МС. Аб гэтым заявіў 24 кастрычніка Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках праведзенага ў Мінску пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

У той жа час Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія чакае такіх жа крокаў і ад партнёраў па Мытнаму саюзу. «Мы разумеем, што для нашых партнёраў важна ўстараніць гэтыя выключэнні, звязаныя з нафтай, нафтапрадуктамі і гэтак далей, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Мы гатовы. Для нас гэта страта бюджэту, але мы гатовы гэта зрабіць».

«Разлічваем на тое, што і партнёры пойдуць нам насустрач, устараняючы тыя выключэнні, якія для іх, як яны лічаць, важныя», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што размова ідзе аб пошуку балансу інтарэсаў, які прадугледжвае, што, калі гэтыя выключэнні з правіл у рамках Мытнага саюза будуць устаранёны, то яны павінны быць устаранёны ўсе. «Чаму мы гаворым аб нейкіх уступках? — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы. — Мы павінны рухацца збалансавана і ўлічваючы інтарэсы адзін аднаго».

Паводле яго слоў, гэта запатрабуе пэўнага часу. Казахстанскі бок прапанаваў формулу, па якой да пэўнага часу будуць узгоднены тэрміны і рух па гэтых выключэннях. «Мы пагадзіліся, лічачы, што гэта разважлівы і прафесійны падыход», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта раўнапраўная пастаноўка пытання. Ён падкрэсліў, што Беларусь гатова працаваць без выключэнняў і абмежаванняў. «Так, гэта ўзмацненне канкурэнцыі ў асобных сектарах. Але калі мы ад сваіх партнёраў патрабуем і просім, каб гэтых выключэнняў не было, то мы павінны рабіць адпаведныя крокі», — сказаў беларускі лідар. Ён дадаў, што ў гэтым выпадку Беларусь не будзе патрабаваць таго, каб быў нейкі прамежак часу адаптацыі па тых ці іншых пытаннях. «Таму я лічу, што мы ў самыя сціслыя тэрміны прымем рашэнне, якое будзе задавольваць і Расійскую Федэрацыю, і Казахстан, і Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

***

Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна заставацца пляцоўкай для плённага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Аб гэтым заявіў 24 кастрычніка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках пашыранага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД у Мінску.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што СНД з’яўляецца арганізацыяй, якая мае рэальныя перспектывы для развіцця. «Нягледзячы на розныя знешнепалітычныя і знешнеэканамічныя прыярытэты асобных краін, СНД павінна заставацца пляцоўкай для дыскусій і плённага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння», — падкрэсліў ён.

Уладзімір Макей таксама дадаў, што пашыранае пасяджэнне СМЗС прайшло канструктыўна, а рашэнні былі прыняты кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў СНД практычна без агаворак і якіх-небудзь умоў.

Старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў адзначыў, што напярэдадні была праведзена добрая падрыхтоўчая работа, якая дала магчымасць аператыўна правесці пасяджэнне СМЗС. Ён адзначыў, што шэраг пытанняў, якія разглядаліся на пасяджэнні, былі ініцыіраваны Беларуссю. Напярэдадні асобныя пытанні, абазначаныя ў парадку дня, выклікалі жывыя дыскусіі, аднак рознагалоссі былі зняты дзякуючы гатоўнасці пайсці на кампраміс. Гэта дало магчымасць адобрыць усе дакументы, вынесеныя на абмеркаванне СМЗС у Мінску. Сяргей Лебедзеў паведаміў, што наступнае пасяджэнне СМЗС СНД пройдзе ў Маскве 4 красавіка — з такой прапановай выступіла Расійская Федэрацыя.

Паводле БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *