УПАЛЯВАЛА

Общество

Крамы ў гэтай вёсцы няма. Адлегласць ад яе да цэнтральнай сядзібы крыху больш за кіламетр. Тут яны і карысталіся паслугай. У адзін з гэткіх дзён пакупнікі з той вёскі прынеслі ашаламляльную вестку. Недарэчная гісторыя здарылася мінулым вечарам, і была нагэтулькі абсурднай, што імгненна абляцела наваколле. Вяскоўцы, якія заходзілі ў краму, пацяшаліся:

— Вось дык пашчасціла нашай Ганцы, з адзінага стрэлу пацэліла ў зайца, нават футра не пашкодзіла.

Гумар падтрымлівалі і іншыя:

— Наша Ганка — удаліца кругом, не кожнаму гэтак шанцуе.

У хуткасці ў краму зайшла і сама гераіня дзіўнай гісторыі. Найбольш дасціпныя ўжо і да яе палезлі з запытаннямі:

— Прызнавайся, Ганка, ці доўга цэлілася. А мо твая стрэльба са снайперскай наводкай?

Жартаўніка тут жа падтрымлівалі іншыя, даводзячы кабету да белага калення:

— Дзеля чаго расчахліла арудзію, калі гэтак ёмка замініравала?

Раззлаваная Ганка выставіла дулю насмешнікам і моўчкі пакінула краму. Пры іншых абставінах яна і сама не супраць паскаліць зубы, на язык — віртуёз. Цяпер жа, пасля моцнага перапуду, ёй было не да смеху. Перад прыходам у краму Ганка пабывала ў знахаркі. Раней яна і сама (як і многія) не давала веры яе лекам, але вось прыспічыла.

А выпадак з ёй сапраўды быў настолькі абсурдным і недарэчным, што і сама потым будзе здзіўляцца.

Працавала Ганка даяркай, з фермы вярталіся позна і, як звычайна, гуртам. Усе жанчыны з фермы заўзятыя выпівохі, таму і трымаліся разам. Яны ўжо выйшлі з калгаснага двара, як Ганцы раптам прыспічыла да ветру. Яна паімчалася за кароўнік. Тут, з тыльнага боку будынка, пачыналася калгаснае поле, крыху лявей — вузкая палоска лазняку. Прыпыніўшыся, сяброўкі мянцілі языкамі і раптам пачулі роспачны ўскрык. Крыху перачакаўшы, пачалі гукаць. У адказ — цішыня. Узгадаўшы жахлівы ўскрык, ісці адны засцерагліся, паклікалі на дапамогу вартаўніка — у таго газавы ліхтар быў.

Ганка ў беспрытомнасці ляжала, закуліўшыся тварам у снег, з аголенымі ягадзіцамі. Некаму прыйшло на думку: “Ганку згвалтавалі”. Вартаўнік, пачуўшы гэтую лухту, нават сплюнуў ад прыкрасці ды паказаў на дыміўшуюся “міну”. Ганцы падцягнулі падштанікі і прыняліся расціраць твар снегам. Яна імгненна ажыла, у непаразуменні ўставілася на сябровак. Што з ёй здарылася і чаго крычала, не магла сказаць.

Калі яна здзейсніла тое, за чым ішла, нехта моцна нападдаў ёй пад зад. А вось ці крычала — не памятае, мо, і закрычала з перапуду. Цяпер усе пачалі ўглядацца ў снег, вышуквалі сляды, але, акрамя сваіх, іншых не выявілі. Аднак больш годным следапытам быў вартаўнік: амаль побач з усё яшчэ дыміўшайся “мінай” нерухома ляжаў заяц-русак. Сваё шэрае футра ён ужо памяняў на зімовае, белае, таму на снезе быў непрыкметны. Бедалага ляжаў яшчэ цёплы, сканаў нядаўна. Цяпер убачылі і адбітак яго, а побач — лісіныя сляды. Заяц, відаць, ласаваўся лазой, а ліса падпільнавала яго, потым гналася за дабычай. Роспачны ўскрык Ганкі павярнуў лісу, і яна ўжо імчала ў адваротным накірунку. Заяц жа, відаць, не прыкмеціў “расчахлёную арудзію”, вось і наляцеў з усяго маху, закуліўшы і нямала напалохаўшы кабету. Ад жаху і дадатковага роспачнага ўскрыку сканаў сам — не вытрымала сэрца бедалагі.

— Вязе кабеце на прыгоды, — пасміхаліся некаторыя.

Не гэтак і даўно яна вызначылася пры іншых абставінах. І хоць асаблівай віны за Ганкай не значылася, але гісторыя непрыемная, з цяжкімі наступствамі.

 

Марыя БЯЖАН, г.Чэрвень

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *