У ШКОЛЕ АДКРЫЛІ ПАКОЙ КАСМАНАЎТЫКІ!

Общество

Незвычайнае мерапрыемства адбылося ў гэты аўторак у СШ №2 г.Чэрвеня. Тут адкрылі музейны пакой касманаўтыкі!

На ўрачыстасць завіталі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч, дырэктары гарадскіх школ і гімназіі, педагогі і вучні школы, карэспандэнты “раёнкі”, раённага радыё, канала “СТВ”… А галоўнае – на свята атрымалася прыехаць нашаму земляку, выпускніку СШ №2 1988-га года, лётчыку-касманаўту, сённяшняму жыхару расійскага Зорнага гарадка Алегу Навіцкаму! Прыйшоў ён на адкрыццё музейнага пакоя разам з мамай, Валянцінай Эдуардаўнай.

Узрадаваліся падзеі і шаноўным гасцям не толькі ўсе прысутныя. Сама прырода перапыніла дажджавы марафон роўна на той час, пакуль ладзілася ўрачыстасць. І нават дазволіла выйсці з-за цёмных пагрозлівых хмараў яркаму сонейку. І гэта, відаць, быў своеасаблівы знак – падтрымка добраму пачынанню.

Прыгожымі словамі прывіталі прысутных, распавялі пра космас і палёт да МКС Алега Навіцкага вядучыя — вучні дзявятага класа Карына Высоцкая і Дзмітрый Колтун. А пасля перадалі слова намесніку старшыні райвыканкама Але Шахоцька. Яна зазначыла, што шчаслівая, бо нарадзілася ў горадзе, адкуль родам і самы сапраўдны касманаўт. Выказала меркаванне, што палёт у космас — гэта не столькі цуд, колькі тытанічная праца. І назвала адкрыццё музейнага пакоя сімвалам таго, што кожны хлопчык, кожная дзяўчынка са звычайнай школы, размешчанай у маленькім правінцыйным гарадку, сваёй упартасцю, цярплівасцю, працай зможа дасягнуць касмічных вышынь у любой галіне. А звяртаючыся да Алега Навіцкага, Ала Канстанцінаўна зазначыла, што гэтае свята — у яго гонар.

Падзяка з вуснаў вядучых начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларысе Асановіч за энтузіязм, творчую ініцыятыву, адданасць справе, дзякуючы чаму і адбываецца адкрыццё пакоя касманаўтыкі, — і вось ужо яна тлумачыць прысутным, што гэта — толькі пачатак. У далейшым экспазіцыя будзе пашырацца і папаўняцца. Ларыса Валянцінаўна выказала спадзяванне, што школьнікі Чэрвеньшчыны, як і іх аднагодкі з суседняй Смалявіччыны, настолькі зацікавяцца касмічнай тэмай і стасункамі са знакамітым земляком, што таксама захочуць паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе — Гагарынскіх чытаннях, якія штогод ладзяцца ў суседняй Расіі.

Што ж датычыцца выступлення на ўрачыстасці нашага касманаўта, дык ён пачаў з жарту. Маўляў, а нам такога не задавалі! Чым выклікаў гучны смех прысутных і адразу ж наладзіў з імі кантакт.

— На самай справе, я вельмі крануты, — працягнуў Алег Навіцкі. — Дазвольце павіншаваць усіх з пачаткам новага навучальнага года, пажадаць поспехаў. Школьнікам — у вучобе, настаўнікам — у нялёгкай справе навучання і выхавання. Я вельмі ўдзячны за тую працу, якую кожны з вас уклаў у гэты музейны пакой. Упэўнены, што ўсё там зроблена цудоўна! Са свайго боку, абяцаю дапамагаць усім, чым змагу. Дзякуй вам!

Адзін з самых урачыстых момантаў свята — пераразанне чырвонай стужкі на ўваходзе. Касманаўт відавочна хвалюецца: такое дзеянне — упершыню. Але вось ужо ўсё зроблена як патрэбна, і ўслед за Алегам Навіцкім удзельнікі мерапрыемства заходзяць у пакой касманаўтыкі. Невялічкі, ён не ўмяшчае ўсіх жадаючых. Таму яны глядзяць і слухаюць з калідорчыка.

Перад першымі наведвальнікамі — стэнды з фотаздымкамі, выставы — касмічнага харчавання і асабістых рэчаў нашага касманаўта, два яго спецыяльныя касцюмы, два буклеты пра Алега Навіцкага і яго экіпаж, выпушчаныя энтузіястам з Брэста Міколам Панасюком…

— Мне ёсць дзе цяпер захоўваць рэчы! — ізноў дасціпна жартуе касманаўт.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларыса Асановіч паведамляе, што музейнаму пакою сёння дораць тэлевізар з вадкакрысталічным экранам. Яго прымацуюць на сцяну, і там можна будзе дэманстраваць прэзентацыі касмічнай тэмы альбо слайд-шоу…

Экспанатаў шмат. І цікавых! А хто ж можа найбольш поўна пра іх распавесці? Канешне, уладальнік! І вось па прапанове Алы Шахоцька Алег Навіцкі — распавядае (ды так, што заслухаешся!):

— Пачну з касмічных прадуктаў харчавання. На станцыі частка з іх заключана ў такія кансервы. Гэта маленькая бляшанка, а ёсць крыху большая. Маецца спецыяльны падагравальнік ежы, куды гэтыя бляшанкі ўкладваюць. Ён уключаецца, яны награваюцца, а потым ён самастойна адключаецца. А вось гэта — так званы аварыйны запас. Там знаходзяцца галеты, абязводжаны тварог, чарнасліў… Тыя прадукты, якія даюць шмат энергіі, а месца займаюць мала. І ў такой упакоўцы (па памеры — не больш за пачак маргарыну! — С.А.) яны знаходзяцца пастаянна ў караблі на працягу ўсяго палёту — на выпадак таго, што калі экіпаж раптам выканае пасадку незапланаваную, дык касманаўтам было б чым харчавацца. Ён разлічаны на трое сутак на кожнага… Хлеб — рознага выгляду. Зроблены спецыяльна маленькімі кавалачкамі. Каб касманаўт яго не крышыў, не кусаў, а ўкінуў у рот і быў задаволены і шчаслівы…

У цюбіках засталіся толькі прыправы. Астатняе — кансервы, абязводжаная ежа. Вось, напрыклад, салата з бурака — як кардон. Тут пакет зразаецца, запаўняецца вадой (100 мілілітраў). Клапан зроблены так, што правёў рукой — і вадкасць ужо не праліваецца. Чакаеш не менш за 10 хвілін, пакуль салата напітваецца вадой. Бурачковая салата, па-мойму, ідзе з арэхамі. Тады памяў крыху пакет, абрэзаў… І пачынаецца самае прыемнае…

Што датычыцца сталовых прыбораў, дык яны змяшчаюцца ў спецыяльных укладках. Відэлец, лыжка, нажніцы для ўскрыцця такіх пакетаў… Кожны ўкладку падпісаў, бо ва ўсіх касманаўтаў яны аднолькавыя.

Наступны экспанат — эмблема нашага карабля. Яе прыдумаў я як камандзір.Тут занатаваны прозвішчы ўсіх членаў экіпажа. Пад імі — зоркі са шлейфамі, якія накіроўваюцца да МКС. Колеры — з тых мясцінаў, адкуль касманаўты родам. Сонечныя панелі зроблены ў выглядзе рымскіх лічбаў, якія чытаюцца, як «33». Калі мы ляцелі, на МКС была 33-яя экспедыцыя.

Вялізны фотаздымак нашага экіпажа, які займае цэнтр пакоя, выкананы за некалькі гадзін да пасадкі ў касмічны карабель перад спускам на Зямлю. Гэта — клопат тых людзей, якія застаюцца на станцыі. Яны дапамагаюць нам апранацца, рыхтавацца. Гэта — амерыканскі модуль. А калі праляцець далей, дык там знаходзіцца модуль, да якога і быў прыстыкаваны наш карабель.

Яшчэ тут прадстаўлена ўкладка для інструментаў, якая мацуецца на адзенне і закрываецца, каб інструменты не разляталіся ў бязважкасці, бо пасля іх проста не збярэш! Люстэрка, якое прымацоўваецца на скафандр. Гэта для таго, каб правяраць правільнасць закрыцця гермашлема, кантраляваць становішча замкоў… А пры жаданні можна паглядзець у ілюмінатар, але — толькі такім чынам, праз люстэрка. Бо камандзір знаходзіцца ніжэй за ўсіх у спускальным апараце. А ў кожнага бортінжынера ёсць свой ілюмінатар, ім зручна так глядзець. Яшчэ з дапамогай люстэрка можна праверыць стан кожнага члена экіпажа.

Пальчатка — ад скафандра «Сокал». Калі мы пакідалі Байканур, іх крыху запэцкалі. Люк спускальнага апарата быў залеплены граззю, бо сам апарат зрабіў пасля прызямлення пару кульбітаў. Пальчаткі — цудоўная рэч, вельмі надзейная! Простыя замкі прыдуманы нашымі канструктарамі. На фота бачыце, як пальчаткі складзены — мяккай часткай да нагі, каб не было непрыемных адчуванняў.

А гэта — патранташ для праверкі ўзроўню аміяку ў паветры. Яшчэ ёсць штурманскі наручны гадзіннік, атрыманы, калі я выпускаўся з лётнага вучылішча. Кожны выпускнік забяспечваўся наборам абмундзіравання, уключаючы лётную вопратку і паўсядзённую. Планшэт лётчыка. Гадзіннік, які падаравалі пасля заканчэння акадэміі імя Гагарына. Журналы. Фотаздымкі экіпажаў. Ёсць кніга парашутнай падрыхтоўкі, дзе вядзецца ўлік кожнага скачка, заданне на яго і г.д. План падрыхтоўкі экіпажа нашай экспедыцыі на касмадроме Байканур. Тут распісаны кожны дзень, уключаючы фізпадрыхтоўку, масаж ды іншае. Па гэтаму графіку экіпаж працуе два тыдні да старту. Камбінезон для падрыхтоўкі да палётаў, палётны касцюм, шлемафон — прыналежнасць скафандра — з двума мікрафонамі, з дапамогай якіх вядзецца сувязь з Зямлёй. Медыцынскі пояс, які знаходзіцца на табе пад скафандрам. Падчас нашай актыўнай дзейнасці Зямля пастаянна атрымлівала інфармацыю па стану здароўя — тэмпература, пульс… Кожнаму члену экіпажа — і асноўнаму, і дублюючаму — выдавалі вось такі бэйдж. Пілотка таксама мая, я ў ёй хадзіў на службу…

Аповед скончаны, а ўрачыстасць — доўжыцца. Чым жа здзівіць госця? Хлебам-соллю, зазначае Ларыса Асановіч, яго ўжо сустракалі падчас папярэдняга мерапрыемства. Сувенірную прадукцыю, вырабленую дзіцячымі рукамі, таксама дарылі. А цяпер надышла чарга… мёду! У адмыслова распісаным гаршчочку і ў сотах. Як сімвал таго, што Чэрвеньшчына здаўна славілася пчалярствам!

— Нездарма на гербе горада — пчолы! — падхоплівае тэму лётчык-касманаўт.

А ў яе працяг уручае дырэктару гарадской СШ №2 Таццяне Аляшкевіч яшчэ адзін — найкаштоўнейшы! — экспанат. Сцяжок з гербам Чэрвеня, які пабываў у космасе! І як доказ гэтага — пячаткі МКС. З датай стыкоўкі і расстыкоўкі са станцыяй карабля «Саюз ТМА-06М», якім камандаваў Алег Навіцкі. Яшчэ адна рэч — з КОСМАСУ! Неверагодна! І, тым не менш, — праўда…

Таццяна Міхайлаўна шчыра дзякуе знакамітаму выпускніку школы за ўсе каштоўныя экспанаты і — абяцае беражліва іх захоўваць. А яшчэ — заўсёды чакаць Алега Навіцкага. У школе, у музейным пакоі… Са спадзяваннем, што ён будзе сябе тут адчуваць, як дома…

Далейшы працяг урачыстасці — падтрыманне даўняй традыцыі: у знак памятных падзей садзіць дрэвы. Дзейства, знаёмае касманаўтам па тыднях перад стартам на Байкануры. Як зазначыла дырэктар школы Таццяна Аляшкевіч, гэтыя дзевяць туй — пачатак алеі Касманаўтаў, якая будзе пашырацца і расці.

Шчырыя словы школьнікаў у адрас самага галоўнага чалавека ў жыцці Алега Навіцкага — мамы — выклікалі ў Валянціны Эдуардаўны слёзы на вачах. Ёй — кветкі ад школьнікаў. І свой букет сын таксама ўручае маме.

Першы водгук у «Кнізе запісаў» музейнага пакоя касманаўтыкі пакідае, вядома, наш знакаміты зямляк. Фота на памяць, стасункі з прысутнымі… І вось ужо Алег разам з мамай накіроўваецца да сваёй машыны. А ў памяці яго — найлепшыя ўспаміны пра свята, адметнасці музейнай экспазіцыі «На шляху да мары»… У яго гонар…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *