Дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Aндрэй Бягун:
— Тэрыторыя нашага лясгаса складае 71,7 тысячы гектара, з іх 64,1 тысячы гектара пакрытыя лесам. Яна падзелена на 23 майстэрскіх участка, 100 абходаў.
У склад арганізацыі ўваходзяць дзевяць лясніцтваў, вытворчы майстэрскі ўчастак «Загор’е», базісны гадавальнік і лесапаляўнічая гаспадарка.
У лясгасе працуе 335 чалавек. Яны старанна і карпатліва займаюцца вырошчваннем высокапрадуктыўных насаджэнняў, нарыхтоўкай і вывазкай драўніны спажыўцам.
Сёлетняе прафесійнае свята мы сустракаем са станоўчымі вынікамі і добрым настроем. Асноўныя вытворчыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця за перыяд, які прайшоў з пачатку года, выкананы. У прыватнасці, інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 677 мільёнаў рублёў пры плане 650. За сем месяцаў года нарыхтавана больш за 65 тысяч кубаметраў ліквіднай драўніны. Нягледзячы на цяжкасці з рэалізацыяй, мы актыўна шукаем рынкі збыту, дзякуючы чаму больш за 68 тысяч кубаметраў драўніны прадалі.
Лесаўзнаўленне ажыццёўлена на 456 гектарах пры гадавым плане 530. З улікам восеньскіх пасадак разлічваем гэты паказчык перавыканаць. На 20 працэнтаў да леташняга паказчыка ўзрасла выручка ад вядзення паляўнічай гаспадаркі.
У Год беражлівасці паказчык па энергазберажэнню дасягнуў у лясгасе мінус 7,3 працэнта пры гадавым плане мінус 6,2. Аб’ёмы вытворчасці прадукцыі склалі да адпаведнага перыяду мінулага года 108 працэнтаў. Больш чым на 600 тысяч долараў ЗША рэалізавалі драўніны на экспарт — у Польшчу, Латвію, Германію, Фінляндыю, Кітай.
Рост прадукцыйнасці працы склаў 118 працэнтаў. Нарыхтоўка драўніны вядзецца з выкарыстаннем сучаснай шматаперацыйнай тэхнікі — своеасаблівых «лясных камбайнаў», якія дапамагаюць палегчыць спрадвечна цяжкую працу ў лесе.
Для ўдасканалення вытворчага працэсу сёлета набылі 9 тралёвачных лябёдак, 7 бензапіл, аўтамашыну «МАЗ», трактар «МТЗ».
Павялічылася заработная плата працаўнікоў. За кошт росту аб’ёмаў вытворчасці атрыманы прыбытак, які выкарыстоўваецца на сацыяльныя выплаты. Па магчымасці праводзім рэканструкцыю і ўзводзім новыя адміністрацыйныя будынкі лясніцтваў, абсталёўваем іх сучаснай аргтэхнікай, будуем і набываем жыллё для нашых спецыялістаў.
Дасягнутае — вынік напружанай працы калектываў усіх лясніцтваў, кожнага работніка. Асабліва хочацца адзначыць Натальеўскае, Хутарскае, Валмянскае, Грабянецкае і Раваніцкае лясніцтвы, якія ўзначальваюць Дзмітрый Васілеўскі, Андрэй Галкоўскі, Міхаіл Варэнік, Аляксандр Корзун і Юрый Гоман.
З году ў год прыгажэе наш раён, і ў гэтым ёсць немалая заслуга лесаводаў. Уменне наводзіць парадак, творчае стаўленне да добраўпарадкавання тэрыторый ляснога фонду, сядзіб лясніцтваў, месцаў адпачынку вартыя высокай адзнакі.
Па традыцыі да прафесійнага свята лепшыя работнікі лясгаса атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Сёлета Ганаровай граматай Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання адзначаны вадзіцель на вывазцы лесу вытворчага майстэрскага ўчастка «Загор’е» Іван Ярашэвіч, Граматай аб’яднання — інжынер лясгаса па паляўнічай гаспадарцы Анатоль Гоман.
Нагрудныя знакі «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» уручаны леснікам Мікалаю Ладуцьку з Чэрвеньскага лясніцтва, Міхаілу Краснагіру і Міхаілу Крывіцкаму з Валмянскага лясніцтва, Аляксандру Галко з Грабянецкага доследна-вытворчага лясніцтва, нагрудныя знакі «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь» — леснікам Рыгору Калтовічу з Чэрвеньскага і Генадзю Пасудзеўскаму з Натальеўскага лясніцтваў, а таксама ляснічаму Валмянскага лясніцтва Міхаілу Варэніку, Грамата Мінскага абкама прафсаюза работнікаў лесу — майстру вытворчага майстэрскага ўчастка «Загор’е» Валянціне Аліферка. Вялікая група работнікаў заахвочана Граматамі, Удзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі адміністрацыяй Чэрвеньскага лясгаса.
Шчыра віншую з прафесійным святам калег, шаноўных ветэранаў працы, усіх, чый лёс знітаваны з яго вялікасцю лесам! Зычу кожнаму моцнага здароўя, поспехаў у нашай нялёгкай працы, узаемаразумення, дабрабыту ў сем’ях. Упэўнены, што наперадзе наш калектыў чакае далейшае стабільнае развіццё і новыя дасягненні.
Ляснічы Чэрвеньскага лясніцтва Мікалай Сікірыцкі палюбіў лясныя абшары з маленства. А як інакш, калі ў яго, сына участковага аб’ездчыка лесу, бацькава праца заўсёды была навідавоку? Ды і сам ён далучыўся да яе рана, імкнучыся дапамагаць тату ў лясных клопатах. Так і звязаў сваё жыццё з лесам. І верны яму вось ужо 35 гадоў працы…
Сёлета ў Мікалая Мікалаевіча — шаноўны юбілей, з якога бярэ адлік заслужаны адпачынак.
— З пасады ляснічага Чэрвеньскага лясніцтва пачынаў пасля заканчэння інстытута, на ёй і заканчваю, — з усмешкай заўважае ён.
Асобным радком ў працоўнай біяграфіі Мікалая Сікірыцкага пазначана праца дырэктарам Чэрвеньскага лясгаса. За адзінаццаць з паловай гадоў пад яго кіраўніцтвам шмат чаго было зроблена. А галоўным набыткам сам ён лічыць умацаванне матэрыяльнай базы вытворчага цэха і добраўпарадкаванне яго тэрыторыі.
Азіраючыся на гады, пражытыя ў еднасці і любові з лесам, Мікалай Сікірыцкі верыць, што плён яго працы з удзячнасцю ацэняць нашчадкі, беражліва прыняўшы ў спадчыну шумлівыя бярозавыя гаі і напоўненыя празрыстым водарам хвоі бары.
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу адбылося ўрачыстае пасяджэнне Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, на якім дзесяць работнікаў Чэрвеньскага лясгаса атрымалі ўзнагароды. Сярод іх — ляснік Валмянскага лясніцтва Міхаіл Краснагір, майстар вытворчага майстэрскага ўчастка «Загор’е» Валянціна Аліферка і інжынер па паляўнічай гаспадарцы Анатоль Гоман.
Матэрыялы да Дня работнікаў лесу падрыхтаваў Ігар Адамовіч.
Фота аўтара