ПРЫЦЯГНУТЫ ДА АДКАЗНАСЦІ

Аграрный сектор

На мінулым тыдні адбылося пазачарговае пасяджэнне райвыканкама, на якім разглядаўся стан спраў у жывёлагадоўлі. Аб гэтым праінфармаваў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі Віктар Ляснеўскі. У прыватнасці, ён адзначыў, што за апошні месяц адбылося змяншэнне валавага надою малака амаль ва ўсіх гаспадарках, некаторыя рэалізавалі яго на малочныя заводы другім гатункам. Выяўлены падзёж маладняку. Акрамя таго, па выніках праверкі Дзяржкантролю вобласці засведчаны прыпіскі малака ў ААТ «Лядзенскі», КСУП «Ганута-Агра» , «Раванічы». А ў апошняй гаспадарцы — яшчэ і кармоў.

З гэтай нагоды старшыня райвыканкама Іван Муха строга спытаў з кожнага кіраўніка за дапушчаныя недапрацоўкі ў жывёлагадоўлі. «Патрэбна дакладная арганізацыя працы, захаванне належнай тэхналогіі кармлення, строгай тэхналагічнай дысцыпліны, — сказаў ён. — А ў іншых кіраўнікоў павярхоўныя адносіны да сваіх абавязкаў, абыякавае стаўленне да кадраў. Атрымліваецца — людзі працуюць, а вынікаў належных няма. А потым выяўляюцца прыпіскі, скажэнне статыстычнай справаздачнасці «. Па яго меркаванню, кіраўнікі сельгасарганізацый спрабуюць лічбамі кампенсаваць сваю бяздзейнасць.

Старшыня райвыканкама запатрабаваў у бліжэйшы час навесці парадак, дамагчыся рэальнай ацэнкі стану спраў у кожнай гаспадарцы, не забываючыся пра выкананне прагнозных паказчыкаў. «Лепш сумленна прызнацца, што недапрацавалі, чым сфальсіфікаваць і атрымаць ілжывы дабрабыт, — падкрэсліў ён. — Гэта тычыцца, першую чаргу, ААТ «Лядзенскі», «Раванічы», «Крыніца Ігуменшчыны», «Чэрвеньскі райаграсервіс», ПСГ «Дамавіцкі», КСУП «Ганута-Агра», у якіх кантралюючымі органамі раёна таксама былі выяўлены скажэнні статыстычнай справаздачнасці па валаваму надою малака і яго таварнасці».

У прынятым рашэнні ўсе вінаватыя за недобрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, дапушчанае зніжэнне прадукцыі жывёлагадоўлі, скажэнне статыстычнай справаздачнасці прыцягнуты да адказнасці. Так, дырэктар ААТ «Раванічы» Аляксандр Кавалёў вызвалены ад займаемай пасады. Кіраўнікам КСУП «Ганута-Агра», ААТ «Лядзенскі», «Чэрвеньскі райаграсервіс», ПСГ «Дамавіцкі» аб’яўлены вымовы. Яны пазбаўлены за жнівень надбавак за складанасць і напружанасць працы. Намесніку начальніка ўпраўлення па жывёлагадоўлі Віктару Ляснеўскаму, начальніку аддзела эканомікі і рыначных адносін Аляксандру Каратчэні і галоўнаму бухгалтару ўпраўлення Таццяне Цітавец аб»яўлены вымовы, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івану Малахаву — заўвага.

Людміла РАБЕЦКАЯ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *