Народны каляндар. Верасень

Общество

Халодны верасень, але сыты.

Верасень — з досвіткам дзень.

У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.

У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.

Як настане верасень — гаспадарам поўна гумно і кішэнь.

Вресень, руин, риень, зарев — гэтым старабеларускім найменням дзевятага месяца года адпавядае сучаснае беларускае верасень, што паходзіць ад слова «верас» (менавіта ў гэты час расліна пачынае красаваць).

Шматгадовыя назіранні за звялай прыродай і паводзінамі жывёлы адлюстраваны ў мудрых народных прыкметах. Воблакі цягнуцца з поўначы на поўдзень — на сонечнае надвор’е, а наадварот — чакай непагадзь. Вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень. Тлушчам пер’е ў гусей, качак і курэй пакрываецца — халады набліжаюцца. Воблакі нізка сцелюцца — чакай халадоў. Калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца — абавязкова чакай позняй зімы.

5 верасня. Дзень пакутніка Лупы, як і наогул першая дэкада верасня, прызнаваўся ўдалым для азімай сяўбы — тады, маўляў, «на Лупа будзе жыта купа». Павер’е магло нарадзіцца не толькі на падставе гукавога падабенства, але і па зрокавых асацыяцыях: «У дзень памяці святога Лупы нельга сеяць жыта, таму што на ўсёй ніве будуць «лупы» — жыта ўзыйдзе і вырасце плешынамі». Так, адзін і той жа вобраз у залежнасці ад мясцовай традыцыі надзяляўся супрацьлеглым стаўленнем да сялянскай працы ў гэты дзень.

7 верасня. Варфаламей. Імя гэтага святога (у народзе — Баўтрамея) рыфмавалася з адпаведнымі аграрнымі работамі: «Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей». У гэты ж дзень прадугледжваўся адлёт у вырай буслоў, іх зварот праз дзевяць месяцаў падмацоўваў тлумачэнне, што дзяцей прыносяць менавіта гэтыя птушкі: «Святы Баўтрамей высылае буслоў на дзяцей».

11 верасня. Калінавік (Іван Калінавік, Ян, Галавасек, Іван Крываўнік, Галаварэз). Назва замацавалася ад царкоўнага наймення дня — “Адсячэнне галавы Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподня Іаана”. У народзе ўсталяваліся за ім бытавыя прыкметы і павер’і. Лічылася, што нельга рэзаць, сячы круглае (капуста, бульба і г.д.) і нават есці.  У народзе гаварылі: “Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й адзін упрашу”, “Ян па лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў”.

21 верасня. Праваслаўнае свята Раства Маці Божай шмат у чым пераклікалася з Прачыстай, але было як бы рангам ніжэй, што выявілася і ў назвах: Малая (меншая, другая) Прачыстая (у параўнанні з Вялікай, большай, першай), Другі святок. Пачынаўся адлік дням чарговай пары года: «Другі святок — восень, браток». Была і свая назва ў гэтага свята, што з найбольшай яскравасцю сведчыла пра канчатковы набытак селяніна з яго нівы: Багач. Ён настройваў на далейшыя работы: «Багач — бярыся за рагач (саху), ідзі пад авёс гараць»; «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку». Ад цяжкіх работ пад восень ужо добра такі стамляліся жанчыны: «Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы».

24 верасня. Хвядора, Сяргей, Герман, Дзмітры. Продкі казалі: «На Тадору ўсякае лета канчаецца».

27 верасня. Звіжанне (Уздзвіжанне, Хрыст, Часнэйка). Свята «закрывання» зямлі на зіму, якое звязана з вужамі і мае значэнне «руху». Лічылася, што сонца і прырода «грае, здзвігаецца», «іграе і дрыжыць» усімі колерамі. «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы»; «К Звіжанню ўсё далжно быць здзвінута — гэта значыць увесь хлеб азімы і яравы павінен быць звезены з поля»; «Дзвіжанне — гадзюкі здзвігаюцца ў кучу». У гэты дзень не хадзілі у лес, бо там нібы гадзюкі і вужы збіраліся ў клубкі, каб схавацца ў норы на зіму. Існуе легенда, што ў цара гадзюк на галаве ёсць залатыя рожкі. Трэба раніцай на Звіжанне ўпільнаваць, калі будзе грэцца на сонцы клубок гадзюк з царом і ўдарыць па ім адзін раз — схапіць рожкі і збегчы. Лічыцца, што такая карона здымае ўсе замкі і запоры. Лоўка ёю карыстацца зладзеям. Загаварвалі кароў ад гадзюкі.

У назіраннях за прыродай значная роля адводзіцца птушкам, якія забіралі з сабой лета. “Узвіжанне – апошні воз з поля рушыў, а птушкі ў вырай пацягнуліся”; “Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла”.

29 верасня. Віктар, Дарафей, Людміла, Язэп, Ісак. У каталіцкім календары гэта дзень Міхаіла, які прадказваў надвор’е: “Калі на Міхала з поўначы вее, то не мей на пагоду надзеі”. Ясная ноч абяцала трывалую зіму.

Калі на працягу верасня ліст на дрэвах трымаецца моцна – зіма няскора прыйдзе.

Падрыхтавана па сайтах інтэрнэта

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *