“НАГАЎКАЛІСЯ”

Общество

Пуцёўкай ў Дом адпачынку сястру Ганкі заахвоціў калгас. За добрасумленную працу. А там ёй і на кавалера падфарціла. Прывезла яна яго напачатку ў якасці госця. А ён так загасцяваўся, што ўжо дзесяць год мінула. Працуе падвозчыкам кармоў на адной з ферм. Напачатку выпіваў рэдка, але з кім павядзешся, ад таго і набярэшся.

У вёсцы яго звалі Хахол — ён з Украіны. Летам яго наведвала сястра. Нязвыклая да п”янкі, папаўшы ў кагорту “сясцёр-беларусак”, паддалася на іх гасціннасць і назюзюкалася. Праз гэта і трапіла ў жудасную гісторыю. У жывёлаводаў конь заўжды пад рукой. Яны і заявіліся ўсім гуртам ў краму, якраз атрымалі зарплату. Як зазначыла Ганка — “пагуляць ад душы ёсць за што”. Прыкупіўшы належную колькасць спіртнога і закусі, прыгадвалі дзе адзначыць прыезд сваячаніцы, каб надоўга запомніла сустрэчу з “сёстрамі ад Беларусі”. Вырашылі святкаваць на прыродзе. За дачным пасёлкам і накрылі паляну. Часу хапала — кароў ганялі на дзень.

Калі запас “чарніла” закончыўся, Ганка заявілася ў краму зноў. І пачала выхваляцца, якое стратэгічнае месца яны выбралі. Шкада толькі, што бегаць  за “фаўстамі” далекавата. Час блізіўся к вечару, калі ў краму заявілася ўся гэтая кагорта, каб папоўніць запасы.

— Павесяліліся ад душы! — тараторыла Ганка, засоўваючы ў торбу пляшкі з віном. І, нібы адкрываючы тайну, прыцішана паведаміла: “А з гэтым пасля працы ўжо пабалюем.”

Жанчына з іх вёскі заўважыла: ”Ідзі ўжо на дойку, чмо. Вы і так набаляваліся, глядзець на вас мутарна. Вунь абляпілі падводу, як мухі сметнік.”

Захудалая каняка з цяжкасцю цягла той воз.

Таму больш бадзёрыя злезлі і шпарылі следам, поўнячы наваколле разудалым шматгалоссем. Віноўніца свята, зусім раскіслая, заставалася на падводзе. Поплеч з ёй уладкавалася Ганка і падтрымлівала апаўзаўшую госцю, так як “сястра Украіны”, доўгачаканая і паважаная, заўпарцілася і не жадала прылегчы. Вясёлы картэж ужо быў на ўскрайку вёскі, калі роспачна “раскігатала” госця: “Ой, нага ў калэсі!”

Ганка тут жа падтрымала яе весела, заліхвацкі: “Праўду кажаш, сястрыца, і напіліся, і нагаўкаліся. Пасесяліліся ад душы.” І тут жа параіла вазніцы пракаціць сястру з вецярком. Хахол, які кіраваў “карэтай”, сцебануў каня і той, адчуўшы пякучы боль, ірвануў галопам. Госця, нема зароўшы, звалілася з возу, а следам і Ганка. На шчасце захудалая каняка тут жа супынілася. Усе, хто ішоў ззаду, гучна залямантавалі: “Цішэй едзеш — далей будзеш!” Ганка, не зважаючы на чамусьці прыціхшую госцю, карэмзалася, каб устаць, ды гэтак жа весела выгукнула: “Куча рагоча, хто болей хоча?”

Ухапіўшыся за кола, каб зручней было падняцца, раптам змоўкла, хмель адляцеў імгненна. З кола, аголенай косткай выпінала акрываўленая нага госці. Ацверазеўшая Ганка параіла ўсім заткнуцца. Анямеўшыя гулякі нерухома стаялі над беспрытомнай пакалечанай жанчынай, не адважваючыся дакрануцца да яе.

— Вось табе і нагаўкаліся, — заўважыў вясковец, які назіраў за гарлапанамі, калі тыя з”явіліся яшчэ напачатку вуліцы.

Каб не тое разудалае шматгалоссе, ён і не звярнуў бы ўвагі, даўно сядзеў бы перад тэлевізарам. Цяпер давялося дапамагаць вызваліць пакалечаную госцю з кола і аказаць пасільную дапамогу.  На шчасце “хуткая” апраўдала сваю назву, прыімчалася сапраўды хутка. Невядома, калі цяпер вышкрабецца ”сястра Украіны”. Накаркала Ганка — надоўга яна запомніць “сясцёр-беларусак”.

Вось вам і “нага ў калэсі”.

Марыя БЯЖАН, г.Чэрвень

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *