МІНСК-БАЙКАНУР-КАЛІТА: АСНОЎНЫЯ ВЕХІ ЖЫЦЦЯ АЛЯКСАНДРА КАЧАНА

Люди и судьбы

(Працяг. Пачатак у №№165-166)

Ну, а я прайшоў такі шлях. Напачатку — інжынер аддзялення. Затым доўга працаваў у службе ўзбраення, па-іншаму гэта — служба галоўнага механіка. Потым апынуўся ў групе — намеснікам па выпрабаваннях. Гэта — падрыхтоўка касмічных апаратаў да запуску па тэхнічнай пазіцыі. Увесь тэхналагічны працэс, арганізацыя яго…

Пакуль служыў на гэтых пасадах, камандзір палка накіраваў мяне ў Маскву вучыцца. Я скончыў яшчэ адну акадэмію — Маскоўскую імя Дзяржынскага, якая дазваляла павысіць шанцы пры праходжанні па службовай лесвіцы. Бо калі першасная адукацыя з’яўляецца вышэйшай па агульным паняцці, дык другая акадэмія дае вышэйшую ваенную адукацыю. І ты можаш займаць больш высокія пасады.

Паколькі я вучыўся ўжо, мяне перавялі ва ўпраўленне і прызначылі ў новаўтвораны аддзел эксплуатацыі. Гэта па тыпу службы галоўнага механіка, толькі пры гэтым кадравым упраўленні. Зборы праводзілі, ладзілі шмат паездак. Я тады паглядзеў і Плясецк, і нашы іншыя падраздзяленні, інстытуты ваенныя, пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі.

— А беларусы сярод іх былі?

— Былі, але няшмат. Са мной служыў адзін…

Мяне прасоўвалі па кар’ернай лесвіцы. Прызначылі начальнікам навукова-даследчага аддзела. Гэта пасада палкоўніка. Я на ёй і заканчваў службу. Хаця прапаноўвалі і іншыя, больш высокія. Але гэта былі ўжо 90-ыя… Я паглядзеў, што там пачало рабіцца…

Уся структура была, я так разумею, пабудавана расіянамі. А затым казахі пачалі прэтэндаваць на права кіравання самім горадам. У цэнтральнай частцы Байканура — увесь сэрвіс: рэстараны, крамы, кінатэатры, клубы… А яшчэ там жывуць афіцэры. А самі пляцоўкі, на якіх адбываюцца падрыхтоўкі да запускаў і пускі, знаходзяцца ў межах 30-50 кіламетраў. Таму кожную раніцу садзішся ў цягнік — і едзеш туды.

— У цягнік?!

— Ну, матавоз называецца. Усё гэта звязана чыгункамі, зразумела. Едзеш, дзень там, вечарам зноў у цягнік — і дахаты. Вось і атрымліваецца: у 7 гадзін раніцы пайшоў — у 7 гадзін вечара вярнуўся. Павячэраў, паспаў — і зноў усё спачатку…

— А скончылі вы службу ў званні палкоўніка?

— Не, але гэта, зноў-такі, асобная гісторыя. Справа ў тым, што калі я зразумеў, што нічога добрага ўжо не прычакаю, вырашыў звальняцца. А там тэрміны… Калі падпалкоўнік мог звольніцца ў 45, дык палкоўнік — у 50. Пяць гадоў — гэта многа. І я напісаў рапарт, каб мне званне не прысвойвалі. Гэта, мабыць, быў такі адзінкавы выпадак, усе вельмі дзівіліся. Рапарт задаволілі. Калі падышоў тэрмін, званне мне не прысвоілі. А потым прыйшоў новы Закон аб праходжанні службы. Там усё памянялася. Але я не стаў нічога вяртаць, хаця і можна было…

— Самыя яркія моманты службы?

— Першы год быў азнаямляльным. А ў наступным, 1975-ым, я стаў сведкам знамянальнай гістарычнай падзеі — праграмы «Саюз-Апалон». Па тых часах увесь касмадром стаяў на вушах! Чакалі прыезду амерыканцаў. Вакол гэтага было мора ўсяго незнаёмага. Памятаю, нават выпусцілі эксклюзіўныя цыгарэты «Саюз-Апалон». Пазней яны пайшлі ў серыю, а напачатку… Іх прадавалі толькі на Байкануры. Памятаю, прыехаў у Мінск у адпачынак, прывёз пару пачкаў. Тут быў фурор!

Ну, а яшчэ ўражанні… Калі я перайшоў у службу ўзбраення, з’явілася магчымасць, умоўна кажучы, прысутнічаць на стартавых пляцоўках. Але не разам з усімі стаяць, а, так бы мовіць, назіраць з-за вугла.

Выходзіш, а да ракеты, якая ўзлятае, застаецца прыблізна метраў трыста. І вось яна ўжо ідзе ў неба. Адкрываеш рот, каб барабанныя перапонкі не палопаліся. Грохату, канешне… Прыгожа, калі ў добры дзень ракета ўзлятае. Паўпрыцемкі, адбываецца аддзяленне ступеняў і ўтвараецца крыжык… Памятаецца таксама, як першы «Буран» запускалі (касмічны карабель, працягласць палёту — 205 хвілін, палёт і спуск на Зямлю прайшоў у аўтаматычным рэжыме пад кіраваннем бартавога камп’ютара. Гэты факт увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса. — С.А.).  Праўда, мы далёка былі. Тады ўвесь горад у стэп выехаў, чакалі. Прыгожае відовішча. Крычалі ўсе, махалі, машыны сігналілі… Але адзін «Буран» узляцеў — і на гэтым усё скончылася. Чагосьці там не хапіла…

— Раскажыце пра сутнасць сваёй работы, службы. Што канкрэтна вы рабілі?

— Кар’ерная сцежка так вяла, што рукамі я працаваў толькі першыя два гады, у аддзяленні. Рабіў на кампрэсарнай станцыі — падсобнай сістэме, якая забяспечвала тэхнічную пазіцыю зжатымі газамі — азотам, геліем, вадкім азотам… Вось стаяў збоку будынак, у ім працавалі 5-6 салдат і я — начальнік гэтай кампрэсарнай станцыі.

— Гайкі круцілі?

— Я?! Канешне! Без гэтага не бывае. Хаця не, яшчэ ад чалавека залежыць — гатовы ён круціць ці не. Справа ў тым, што гэта я так патрапіў. Увогуле, лейтэнанты прызначаліся інжынерамі аддзяленняў у іншыя месцы. Асноўная колькасць афіцэраў займалася чым? Усё, што робіцца на касмічным апараце любога тыпу, робіцца практычна толькі рукамі афіцэраў. Салдат туды пускаюць вельмі абмежавана — у падсобныя. А залезці на борт, адкруціць раз’ём, гайку — усё робяць афіцэры. Прычым, робіць, скажам, лейтэнант, а над ім стаяць два назіральнікі. Адзін — з навукова-даследчага аддзела, а другі — прадстаўнік ад прамысловасці. Яны глядзяць, каб чалавек зрабіў усё правільна. І затым у спецыяльным журнале за кожную аперацыю, якая пазначана ў тэхналагічным графіку падрыхтоўкі, ставяць свае подпісы — выканаўца, кантралёр ад доследнага ўпраўлення, кантралёр ад прамысловасці. Гэта — сістэма трайнога кантролю.

— А вы самі былі ў касмічным караблі? Унутры?

— Не, толькі ў спісаных. А вось па «лунніках» лазіў. Была такая праграма даследавання Месяца, якая так і не завяршылася. Але я па прыездзе яшчэ бачыў у мантажным корпусе макеты апаратаў для дастаўкі чалавека на Месяц і вяртання яго на Зямлю.

— Аляксандр Дзмітрыевіч, а вам не хацелася па маладосці пабываць у космасе?!

— Ды не. І служба на Байкануры, як я ўжо зазначаў, — выпадковасць. Да таго ж, чым больш прасоўваешся па кар’ернай лесвіцы, тым больш ператвараешся ў камандзіра. А я па натуры такі чалавек, што трэба ўсё сваімі рукамі…

— Ну, пра гэта яшчэ пагаворым. А вось ці былі ў вас на Байкануры выпадкі — смешныя, страшныя, якія б запомніліся?

— Ды ўсяго было… Страшна, калі ракета ўзрываецца. На кожны пуск ствараецца так званая выратавальная каманда. Я быў аднойчы начальнікам такой. Яна-то, па сутнасці, фармальная, непрадбачанымі сітуацыямі займаюцца зусім іншыя спецыялісты.  І вось падчас аднаго пуску ракета не ўзляцела. Прама на старце касмічны апарат сістэмай аддзялення быў прыбраны з ракеты, а яна грохнулася…

— Хтосьці загінуў?!

— Не. У ракеты ёсць сістэма выратавання. Пакажу на фотаздымку. Тут, уверсе, знаходзіцца касмічны апарат, а вось тут — рухавік выратавання. Па кругу соплы. Гэта цвёрдапаліўная невялікая ракета. І калі раптам штосьці адбываецца, якіясьці адхіленні, ідзе аддзяленне ўсёй гэтай «галавы». І сама вялізная ракета застаецца на стале, а касмічны карабель выводзіцца на вышыню ў два кіламетры. Пасля гэтага ўключаецца сістэма парашутавання, і апарат спускаецца.

Я служыў на так званым «гагарынскім» старце. Практычна ўсе запускі ішлі адтуль, за рэдкім выключэннем…

— І вось такім выключэннем летась стаўся страт транспартнага пілатуемага карабля «Саюз ТМА-06М» пад камандаваннем нашага з вамі земляка Алега Навіцкага…

— Так, ён ішоў з 31-й пляцоўкі, я ведаю. Сістэма адна, упраўленне адно, але ў яго склад уваходзяць дзве часткі — дзве пазіцыі, два стартавыя комплексы. Яны ідэнтычныя абсалютна і знаходзяцца кіламетрах у дзесяці адзін ад другога. Па тэхналогіі запуску не мае значэння, адкуль. Проста ёсць традыцыі…

— Аляксандр Дзмітрыевіч, а ваша дзейнасць усё ж мела адносіны да стартаў касмічных караблёў?

— Так атрымалася, што з пункту гледжання пілатуемай часткі я па свайму праходжанню службы не займаўся касмічнымі бартамі, а стаяў дзесьці збоку. Адзінае, што рабіў у свой час, — прывозіў касмічныя апараты з аэрадрома ў часць, калі прызначалі начальнікам калоны. Так і служыў.

А калі Савецкі Саюз разваліўся… Прыходзіш на працу… Святла — няма, цяпла — няма… Фінансаванне скончылася. І пайшоў развал.

(Працяг будзе) Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *