ЯДНАЕ ПЕСНЯ СЛАВЯНСКІЯ НАРОДЫ

Общество

Жартоўны вакальны гурт «Чэрвеньскія балагуры» і сябры раённага клуба «Майстры Ігуменшчыны» Тамара Шалупенка і Ірына Фабінюк узялі ўдзел у VI Адкрытым абласным фестывалі славянскіх культур «Няма вузаў свяцейшых за братэрства», які праходзіў на Украіне, у пасёлку Славянасербск Луганскай вобласці.

— У першы дзень наша дэлегацыя пазнаёміліся з дзейнасцю цэнтральнай раённай бібліятэкі, раённага краязнаўчага музея, наведала Свята Архідзіякана-Стэфанскі Храм, пабывала з экскурсіяй у горадзе Луганску, — распавядае намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Аксана Качановіч. — Увечары, у рамках адкрыцця святочных мерапрыемстваў, разам з народным ансамблем народнай песні і музыкі «Дзянніца» з пасёлка Дрыбін Магілёўскай вобласці, «Чэрвеньскія балагуры» выступалі ў пасёлку Металіст Славянасербскага раёна. Іх канцэртныя нумары гледачы прымалі «на ўра».

У другі фестывальны дзень прайшлі конкурс кашавараў і казацкай кухні «Казацкая слабада», выстава-прэзентацыя мясцовых тэрыторый раёна, майстар-класы народных майстроў Славянасербскага раёна і гасцей «Славянасербія Майстровая», гала-канцэрт творчых калектываў Украіны і Луганскай вобласці, гасцей з Расійскай федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. На асобных пляцоўках прадставілі сваю творчасць нашы майстар саломапляцення Тамара Шалупенка і майстар вышыўкі Ірына Фабінюк.

Гурт «Чэрвеньскія балагуры» ўзнагароджаны Дыпломам «За захаванне, папулярызацыю лепшых узораў славянскай культуры і ўдзел у адкрытым абласным фестывалі славянскіх культур «Няма вузаў, свяцейшых за братэрства», прысвечаным 75-годдзю ўтварэння Луганскай вобласці і 260-годдзю засялення Славянасербіі».

Падчас фестывалю неаднойчы гучалі думкі аб тым, што межы паміж нашымі славянскімі народамі існуюць толькі на карце, а такія культурныя мерапрыемствы спрыяюць яднанню.

 

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ.

Фота з сайта газеты «Славянасербскія весткі» і  Аксаны Качановіч

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *