ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ СЯМ’Я — ЖЫЦЦЯ АСНОВА

Общество

У фарміраванні асобы дзіцяці бяруць актыўны ўдзел дашкольныя ўстановы і школа, лагеры і працоўныя атрады, кнігі, тэатр, радыё, кіно і тэлебачанне, увесь лад нашага жыцця. Усё гэта, вядома, так, але ўплыў сям’і — асаблівы, ён пачынаецца з першых крокаў дзіцяці. А таму ўзровень маральнай культуры бацькоў, іх перакананні, жыццёвыя планы і мэты, вопыт сацыяльных стасункаў, сямейныя традыцыі і нормы паводзінаў, словам, уся атмасфера сям’і мае вырашальнае значэнне ў выхаванні. Кожны бацька, кожная маці і розумам, і сэрцам павінны ўсвядоміць, што ў сям’і няма і не можа быць больш важных і ганаровых абавязкаў перад дзяржавай, народам, чым выгадаваць сваіх дзяцей сапраўднымі людзьмі.

Сям’я з’яўляецца найважнейшым фактарам, які ўплывае на фарміраванне асобы. Менавіта тут дзеці проста і натуральна далучаюцца да жыцця. У сям’і закладваюцца асновы разумення імі свету, з першых гадоў яны засвойваюць маральныя каштоўнасці, сацыяльныя нормы, культурныя традыцыі. Выхаванне дзіцяці самым цесным чынам звязана з праблемай сфармаванасці асобы бацькоў. Каб выхаваць у хлопчыкаў і дзяўчынак спагадлівасць, маральнае стаўленне да людзей, бацькам неабходна самім быць на належным узроўні.

Напярэдадні новага навучальнага года адміністрацыя нашай установы адукацыі сумесна з пракурорам Аляксандрам Шабалінскім, намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталляй Сцяжко і інспектарам па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Юліяй Буркун правяла рэйд па сем’ях вучняў. Галоўная яго мэта — падрыхтоўка да новага навучальнага года, абследаванне жыллёва-бытавых умоў пражывання, гутарка з бацькамі і дзецьмі. Мы наведалі 9 сем’яў рознага статусу — шматдзетныя, малазабяспечаныя, няпоўныя… З вёсак Горкаўская Слабада, Ляды, Прамень… Як вядома, у вёсцы кожная сям’я пад увагай: усе пра ўсё і пра ўсіх ведаюць. Таму схаваць якія-небудзь праблемы проста немагчыма.

У самым пачатку мы наведалі шматдзетную сям’ю, выхаваннем у якой займаецца маці. Тут, у асобным добраўпарадкаваным доме, пражываюць пяцёра дзетак. Самому старэйшаму 15 гадоў, а самаму малодшаму няма і года. Падышоўшы да хаты, міжволі спыняемся, але не ад багацця кветак і дагледжанасці, а ад быльнягу пад акном і вакол дома. Калі ж зайшлі ў будынак, убачылі хаатычна раскіданыя рэчы, гару нямытага посуду… Самой гаспадыні ў хаце не аказалася — паехала за харчаваннем у Чэрвень (час —15.30!). Бабуля, што засталася даглядаць малое, мірна глядзела тэлевізар. Унучак бегаў па непрыбраным пакоі ў хадунках. Ложкі не засланыя, непапрасаваныя рэчы гарой ляжалі на крэслах. На працягу года ў гэтую сям’ю не патрапіў ні псіхолаг, ні педагог сацыяльны, ні класны кіраўнік — не пускалі. А дарэмна. Бо калі б па-чалавечы пагутарылі, дык такога ў доме не ўбачылі б…

Заходзім да наступнай сям’і. Сын ва ўзросце чатырох гадоў бегае па хаце. У адным з пакояў «накрыты» стол. У доме нікога не відаць. Бруд, хаос, беспарадак. Уваходных дзвярэй няма, падлогі ў адным з пакояў — таксама, замест пасцельнай бялізны — куча нейкага адзення. З аднаго пакоя выйшла маці гаспадыні. І на ўсе пытанні мы чулі толькі выкрыкі: старшыня павінен тое, старшыня павінен гэта. Прабачце, а што абавязаны вы? У адказ — цішыня. Хлопчык ахвотна ішоў на кантакт. Было бачна, што ўмее прыбіраць за сабой посуд, бо прыбіраў са стала. Дзіця наведвае садок у Чэрвені. Малы вельмі хацеў вярнуцца туды, дзе яму так добра…

У трэцяй з наведаных сем’яў — двое дзяцей. Бацькі працуюць. На момант наведвання ў доме быў адносны парадак. Падрыхтаваная ежа стаяла на стале пад газетай. Але на пытанне: «Дзе гаспадыня дома?» бацька адказаў, што не бачыў з учорашняга вечара. А справа ў тым, што маці дзяцей схільная да «раптоўных падарожжаў», амаральнага ладу жыцця. Але ж і тата таксама не адрозніваецца спакойным норавам і цвярозасцю. Дзеці прадстаўленыя самі сабе. У гэтым годзе за летнія месяцы яны двойчы праходзілі аздараўленне ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем на базе ўстановы, гэта значыць,  васямнаццаць дзён былі пад наглядам. Да пачатку навучальнага года дзеткі часткова падрыхтаваныя. Дадзеная сям’я прызнана ў сацыяльна небяспечным становішчы  з 26 сакавіка гэтага года. На працягу трох гадоў яна перыядычна ставілася і здымалася з рознага віду ўлікаў…

Падыходзім да яшчэ аднаго добраўпарадкаванага дома, на даху якога размясціліся пластмасавыя фігуркі буслоў. Але ў агародзе і вакол дома —бур’ян. У доме нікога не аказалася, хоць сям’я — шматдзетная: трое дзяўчынак школьнага ўзросту. Бацька і маці працуюць. Здавалася б, дарослыя ведаюць, што такое чысціня і парадак, але, напэўна, да іх хаты такія паняцці не адносяцца…

У вёсцы Прамень мы наведалі тры сям’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У кожным доме неабходны рамонт — як касметычны, так і капітальны. Адна сям’я выхоўвае дачку, вучаніцу другога класа. На момант наведвання маці знаходзілася дома, ад яе зыходзіў пах спіртнога. Як яна патлумачыла — «гэта ад ўчорашняга». На руках у жанчыны бачныя былі сляды збіцця. Мы прайшліся па пакоях, дзе ўбачылі раскіданыя рэчы, недастатковую колькасць пасцельнай бялізны і мэблі. Да пачатку навучальнага года дзяўчынцы закуплены сшыткі, ручкі і алоўкі, школьная форма. Маці абяцала, што пасля зарплаты абавязкова ўсё дакупіць.

У другой сям’і выхоўваецца трое дзяцей, тут чакаюць чацвёртага. У гэтым навучальным годзе першая дзяўчынка ідзе ў першы клас, але яшчэ не закупленыя школьныя прыналежнасці, спартыўная форма. У пакоі, дзе спяць дзеці, ідзе рамонт, у астатніх пакоях патрэбна генеральная ўборка, падклейка адарваных шпалераў. Неабходна таксама замена электраправодкі, набыццё люстраў.

У доме наступнай сям’і знаходзілася адна дачка, бацькі былі на працы. Дзяўчынцы яшчэ не набылі школьныя прылады, адзенне. Яна паказала свой пакой, у якім ёсць неабходная мэбля і пасцельныя прыналежнасці. Бацькі схільныя да ўжывання спіртных напояў і скандалаў, якіх дзяўчынка баіцца. З-за такіх паводзінаў дарослых дзіця з сям’і забіралі і змяшчалі ў сацыяльны прытулак у 2010 годзе. На працягу дванаццаці месяцаў вялася карпатлівая праца ўстановы з сям’ёй. Здавалася б, становішча палепшылася, і сям’я была знятая з уліку. Але, тым не менш, заставалася на кантролі пастаянна. А сёлета зноў была прызнана ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзяўчынка хоча жыць у сям’і, а не ў прытулку, і бацькі гэта разумеюць. Ды толькі «зялёны змей» зноў стаў зацягваць, а значыць, сталі частымі скандалы. Сям’ю неаднаразова выклікалі на савет прафілактыкі ўстановы адукацыі, на камісію па справах непаўналетніх пры Лядзенскім сельвыканкаме. Паляпшэнне адбываецца адразу, але на непрацяглы тэрмін. А затым зноў пачынаецца ўзмоцненая праца…

Яшчэ ў адной сям’і выхоўваюцца тры дачкі, усе — школьнага ўзросту. Маці з бацькам у разводзе. Гаспадыня гасцінна запрасіла ў хату. Зайшоўшы ў памяшканне, адчуваем пах фарбы. Ідзе рамонт. Пакой дзяўчынак ужо адрамантаваны. Для навучальнага года ўсе закуплена. А быў жа час, калі сям’я знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы: маці сістэматычна не выходзіла на працу, вяла амаральны лад жыцця, зусім не ўдзяляла ўвагі дзецям. А цяпер вока цешыць чысціня і парадак, усмешкі на дзіцячых тварыках. Калі дзеці любяць маці і яна дзеля іх змяніла сваё стаўленне да жыцця, значыць, мы ўсе разам зрабілі добрую справу…

Кожнай сям’і былі дадзены рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых недахопаў, з усімі былі праведзены індывідуальныя гутаркі па выхаванні дзяцей і выкананні сваіх бацькоўскіх абавязкаў.

Праз тры дні адміністрацыя нашай установы адукацыі сумесна са старшынёй апякунскага савета і класнымі кіраўнікамі наведала большую частку астатніх сем’яў (27) і тыя, якім быў дадзены час на выпраўленне недахопаў. І што мы ўбачылі? Усе хібы выпраўлены! Чысціня, парадак… Бацькі з задавальненнем запрашаюць у дом, на свае падворкі. Хіба ж нельга было адразу навесці парадак, закупіць дзецям неабходную вопратку і школьныя прыналежнасці?! Няўжо дарослым людзям трэба пастаянна паказваць на недахопы, рабіць заўвагі, нават, калі неабходна, пагражаць адабраннем дзяцей?!

Увогуле, паспяховае выхаванне дзіцяці магчыма толькі ў такой сям’і, дзе пануе сяброўства, любоў і павага паміж мужам і жонкай, дзе ў дзяцей выхоўваюць лепшыя якасці, прад’яўляюць да іх высокія маральныя патрабаванні.  Добрая сям’я — тая, дзе муж і жонка разумеюць адзін аднаго, разам радуюцца, перажываюць, дзе дарослыя ўмеюць разам працаваць і адпачываць, выхоўваць дзяцей.

Наш настрой, стаўленне да людзей, самастойнае жыццё дарослых дзяцей шмат у чым залежаць ад той атмасферы, якая пануе ў сям’і. Калі мы з цеплынёй успамінаем наша дзяцінства, дык, вядома, не таму, што яно было бесклапотным з матэрыяльнага боку. Шчаслівае дзяцінства можа быць толькі ў тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць у шчаслівых сем’ях. Тут дзеці не заўважаюць свайго шчасця, як паветра, якім яны дыхаюць. Яны гарманічна развіваюцца, жывуць шматколерным жыццём, цікавымі марамі.

Часцяком можна пачуць: добрая тая сям’я, дзе вырастаюць добрыя дзеці. І гэта справядліва. Бо, у рэшце рэшт, лёс дзяцей вызначаюць не выдатныя парывы, мары і словы, а агульны мікраклімат сямейнага жыцця, яго танальнасць, мэтанакіраванасць. Нярэдка людзі кажуць: «Глядзіце, ніякіх спецыяльных мэтаў сям’я не ставіла, а дзеці выраслі выдатнымі». Нічога выпадковага ў гэтым няма, таму што бацькі такой сям’і жылі мэтанакіраваным і радасным жыццём маленькага калектыву, дзе ўсе любяць адзін аднаго, ніхто нікому не абавязаны, дзе пануе атмасфера ўзаемнасці, цяпла, сапраўднага клопату. А гэта і ёсць па-сапраўднаму добры псіхалагічны клімат. Дзеці, якія выраслі ў такой сям’і, проста не могуць быць дармаедамі і эгаістамі…

Ірына ЗМАЧЫНСКАЯ, дырэктар Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *