АД ШКОЛЫ МЕХАНІЗАЦЫІ — ДА ЛІЦЭЯ

Общество

Напрыканцы сёлетняга года Смілавіцкаму прафесіянальна-тэхнічнаму ліцэю спаўняецца 75 гадоў. Гэта значная падзея ў жыцці навучальнай установы, адной са старэйшых у Беларусі і вядомай далёка за яе межамі. Ліцэй наведалі прадстаўнікі Англіі, Афганістана, Аргенціны, В’етнама, Галандыі, Германіі, ЗША, Іспаніі, Кітая, Польшчы, Румыніі, Францыі, усіх рэспублік былога СССР.

За 75 гадоў свайго існавання былая школа механізацыі сельскай гаспадаркі ператварылася ў буйны цэнтр навучання і выхавання моладзі. Ён займае пачэснае месца на Беларусі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для сельскай гаспадаркі, меліярацыі, будаўніцтва, іншых галін вытворчасці. За гэты час каля 50-ці тысяч маладых людзей зрабілі першыя крокі ў самастойнае жыццё, да грамадскага прызнання.

Для мяне ліцей — родны. У ім я сталеў, гартаваўся. Каля 30 гадоў працаваў у ім. Мой ангел-ахоўнік — жонка Раіса Міхайлаўна аддала яму 40 гадоў.

Амаль кожнае дрэўца прайшло праз рукі мае і майстра Георгія Сцяпанавіча Дыбы. Вазілі з ім іх з навучальна-доследнай  гаспадаркі “Шчамысліца” БДУ імя У.І.Леніна. Вельмі ўразіўся, калі аднойчы пачуў, што парк за інтэрнатамі называюць «Парк кахання імя Івана Паўлавіча».  Шмат будавалі, рэканструявалі.

Аб’ездзіў большую палову былога Савецкага Саюза. Тады налічвалася 1500 навучэнцаў — самая буйная ўстанова ў 70-80 гадах 20 стагоддзя. Нялёгка было забяспечыць усім неабходным па тым часе перадавы навучальна-выхаваўчы працэс, вопыт якога пераймаў увесь СССР. У Дзяржаўным Камітэце БССР па забеспячэнню ў мяне была нават мянушка «Чем побольше!» Мяне запытвалі: ”Сколько нужно?» Я заўжды адказваў: «Чем побольше». Пры маім з”яўленні ў пэўным кабінеце, супрацоўнікі ўсміхаліся, ведалі: мне патрэбна ўсё і шмат.

З удзячнасцю ўспамінаю працу з дырэктарамі П.Е.Бычковым, А.М.Мацюхіным, М.І.Сержанковым, С.Д.Анціпенкам.

З задавальненнем прыняў прапанову цяперашняга дырэктара ліцэя Юрыя Васільевіча Корсіка выкарыстаць мой артыкул для асвятлення гісторыі навучальнай установы з нагоды яе юбілею, азнаёміць шырокае кола жыхароў раёна праз «Раённы веснік», ды і выдаць кніжку. Задумка — вельмі карысная і своечасовая. Шэраг ліцэяў маюць такія выданні, пры куды больш сціплай гісторыі і выніках.  Спадзяюся, што артыкул прыхільнікі «раёнкі» прачытаюць з цікавасцю.

ПАЧАТАК ШЛЯХУ

 

Цікавая і шматгранная гісторыя навучальнай установы пачалася ў далёкім 1938 годзе. К гэтаму часу завяршылася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У створаныя калгасы і саўгасы, МТС пачала пастаўляцца складаная тэхніка. Але спецыялістаў, якія б маглі ёю валодаць, не хапала. Таму ў 1937г. урад СССР пастанавіў стварыць школы для падрыхтоўкі механізатарскіх кадраў. Дзеля гэтага СНК БССР пераўтварыў курсавы сектар Горацкага сельскагаспадарчага інстытута ў школу механізацыі. Умоў для яе існавання не было. Інстытут сам адчуваў патрэбу ў плошчах для правядзення заняткаў.

У 1938 годзе адбылося тэрытарыяльна-адміністрацыйнае ўладкаванне раёнаў. Смілавіцкі раён увайшоў у склад Рудзенскага. Па гэтай прычыне вызваліліся памяшканні  былога райвыканкама і райкама партыі. Урад рэспублікі вырашыў выкарыстаць іх для стварэння добрай прафесіянальнай навучальнай установы. Горацкую школу перавялі ў  Смілавічы. Яна атрымала назву Смілавіцкая школа механізацыі сельскай гаспадаркі. Дакладнай даты прыняцця гэтага рашэння ў архівах знайсці не ўдалося. За гады вайны дакументы зніклі. Мяркуецца, што заняткі ў школе пачаліся пад канец 1938г. Захаваліся два фотаздымкі 1939г., на якіх зняты выпускнікі першай і другой груп шафёраў. У далёкім 1938 г. школа атрымала 4 старыя драўляныя будынкі былога райвыканкама. Два захаваліся да нашага часу. З тэхнікі мелася 2 аўтамашыны, 2 трактары, 2 прычапныя зерневыя камбайны, 1 ільноцерабілка, некалькі плугоў.

Першы дырэктар школы Уладзімір Мікалаевіч Налівайка працаваў нядоўга. Ён не пераехаў жыць у Смілавічы. У сакавіку Камісарыят земляробства БССР зацвердзіў на гэтую пасаду Пятра Сямёнавіча Іванова. Пад яго кіраўніцтвам школа дзейнічала да пачатку вайны. Загадчыкам навучальнай часткі з’яўляўся Аляксандр Іванавіч Дзямідаў, намеснікам па палітычнай частцы — Васіль Купрыянавіч Раманенка. Першымі выкладчыкамі былі В.В. Пакроўскі, Д.А. Цімашэнка, І. Картонаў, Н. Н. Фурс, М. Забэла, С.М. Санько.

Навучэнцы авалодвалі прафесіямі трактарыста, шафёра, камбайнёра, яго памочніка, ільноцерабільшчыка. Інтэрната не было, таму хлопцы кватэравалі ў жыхароў Смілавіч. Яны атрымлівалі стыпендыю ў памеры 30 руб. Харчаваліся за свой кошт. Групы спаборнічалі паміж сабой за права атрымаць чырвоны сцяг і называцца сцяганоснаю альбо чырвонасцяжнаю. Між імі праводзіліся так званыя тэхнічныя баі на лепшае веданне тэхнікі і валоданне ёю. Акрамя гэтага, усе наведвалі абаронныя гурткі. У святочныя дні ладзілася музыка. Кожны навучэнец карыстаўся бібліятэкай. Актыўна дзейнічала камсамольская ячэйка. Жаданне ўступіць у камсамол падмацоўвалася выдатнай вучобай. Выпускнікі школы з’яўляліся высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Іх ахвотна бралі на работу. Працаўладкаванне ішло па дзяржаўнай разнарадцы. Па кожнай спецыяльнасці перад вайной было выпушчана не менш як две групы.

Тагачасныя партыйныя і дзяржаўныя органы неаднаразова разглядалі становішча спраў у навучальнай установе, дапамагалі у вырашэнні праблем. Так, на пасяджэнні бюро Мінскага абкама КП (б)Б 26 кастрычніка 1939 года разглядалася пытанне «Аб становішчы камплектавання Смілавіцкай школы механізатарскіх кадраў сельскай гаспадаркі і Віцебскай калгаснай школы.”

9 чэрвеня 1940 года бюро Рудзенскага райкама КП (б) Б прыняло пастанову «Аб ходзе падрыхтоўкі мехкадраў у Смілавіцкай аблшколе мехкадраў»

Краснаслабадскі райкам РК(б)Б таксама вырашыў дапамагчы школе, аб чым паведамляў 26 лютага 1941 года Мінскаму абкаму КП(б)Б. Гэта станоўча спрыяла дзейнасці школы.

 

ЗА РАДЗІМУ!

 

Установа развівалася шпаркімі тэмпамі. Пашыралася матэрыяльная база, штогод павялічвалася колькасць навучэнцаў. Аднак мірнае жыццё перапыніла вайна. У барацьбе з ворагам спатрэбіліся веды, набытыя ў школе. Аднаму з першых яе выпускнікоў танкісту Вітольду Міхайлавічу Гінтаўту за мужнасць у баях з фашыстамі прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На яго рахунку 17 знішчаных танкаў, 4 самаходныя ўстаноўкі, 27 палявых гармат і шмат іншай тэхнікі. Яго імем названа вучылішча ў Мінску. У мірны час ён адбудоўваў Мінск і вельмі ганарыўся гэтай пачэснай справай. У музеі ліцэя яму прысвечаны стэнд.

Са шматлікімі ўзнагародамі вярнуўся з вайны інструктар Сцяпан Андрэевіч Дыба. Віктар Васільевіч Багамолаў абараняў Ленінград, скончыў вайну ў Чэхаславакіі. Адзначаны ордэнамі і медалямі. Яго жонка Лідзія Аляксееўна партызаніла ў славутай брыгадзе імя газеты «Правда». 14-гадовым хлапчуком пайшоў ваяваць у гэтую ж брыгаду будучы выкладчык і механік Мікалай Дзмітрыевіч Лухверчык. Былы зампаліт вучылішча Валянцін Васільевіч Рухлоў ваяваў танкісам, не адзін раз быў паранены. За гераізм узнагароджаны двума ордэнамі Славы. Мужна змагаліся за Радзіму 29 супрацоўнікаў вучылішча розных гадоў.

Андрэй Фёдаравіч Аўраменка ў першыя пасляваенныя гады працаваў загадчыкам навучальнай часткі, а затым выкладчыкам. Ён — удзельнік трох войнаў: па вызваленню Заходняй Беларусі, Савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай. Узнагароджаны ордэнамі  Чырвонай Зоркі Вялікай Айчыннай вайны II ступені, шматлікімі медалямі. Быў паранены. Вельмі любіў слухаць славутага спевака Івана Сямёнавіча Казлоўскага. Пры перафарміраванні яго вайсковай часці ў Маскве не пашкадаваў свайго сухога пайка, каб толькі трапіць на яго канцэрт. Лічыў гэтыя хвіліны самымі шчаслівымі ў жыцці.

Сучаснае пакаленне педагогаў і навучэнцаў не забывае імёны гэтых людзей. Яны з’яўляюцца гонарам ліцэя, з іх бяруць прыклад.

 

ВОІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТЫ

 

Выпускнік вучылішча Яўген Маратавіч Мядзведзеў мужна змагаўся ў Афганістане. Згарэў у танку, але не здаўся душманам. Яго імя носіць вуліца ў нашым пасёлку. Сённяшнія выхаванцы ведаюць пра яго подзвіг.

Адначасова з Яўгенам Мядзведзевым у группе № 26 па спецыяльнасці механізацыя меліярацыйных работ займаўся Васіль Піліпенка. Вучыўся выдатна, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім маладзёжным жыцці не толькі вучылішча , але і Беларусі. З’яўляўся членам ЦК ЛКСМБ. Удастоіўся гонару быць сфатаграфаваным на гістарычным крэйсеры «Аўрора». У Афганістане, як і Жэня, гераічна выконваў інтэрнацыянальны абавязак. Мае ўзнагароды. Але  ж успамінаць гэтыя дні ён не любіць. Афганістан перавярнуў яго душу. Там ён убачыў сапраўдны кошт чалавечага жыцця, шкоду вайны. Прыйшоў да высновы: прызванне найвышэйшага стварэння Бога не вайна, а мірная стваральная праца, каханне, падоўжанне роду. Таму стаў святаром. Зараз з’яўляецца настаяцелем храма ў горадзе Жлобіне Гомельскай вобласці. Акармляе словамі Божымі людзей.

Намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце Мікалай Мікалаевіч Шастак таксама воін-інтэрнацыяналіст. На працягу 19-ці месяцаў выконваў ён воінскі абавязак у час егіпецка-ізраільскага канфлікту 1970-1972 гг.

Сёння сняцца яму гарачая пустыня, смак егіпецкай вады, вярблюды, піраміды. Тады не меў магчымасці звярнуць увагу на сусветна вядомыя гістарычныя помнікі. Справа з’яўлялася адказнай, небяспечнай для жыцця. Там яму хацелася прысніць сваю родную вёску, бацькоў, сяброў. Такія сны падбадзёрвалі яго. Афрыку здарыцца яму наведаць яшчэ раз.

 

АДНАЎЛЕННЕ

 

Адразу пасля вызвалення Беларусі пачалося аднаўленне прафесійнай  адукацыі. Ужо ўлетку 1944 г.Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР выдала загад аб узнаўленні дзейнасці Смілавіцкай школы механізацыі. Паводле звестак Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзяржаўная штатная камісія пры Савеце Народных Камісараў БССР 6 кастрычніка 1944 г. зацвердзіла штатны расклад адміністрацыйна-кіруючага персаналу Смілавіцкай школы механізацыі сельскай гаспадаркі БССР у колькасці 14 адзінак. У школу прыйшлі былыя франтавікі: дырэктар А.І. Дзямідаў, загадчык навучальнай часткі А. Ф. Аўраменка, выкладчыкі М. І. Нізаўцоў, Н. І. Ісакаў, С. М. Санько.

Будынкі школы былі паўразбураныя. Немцы спалілі падручнікі, мастацкія кнігі, наглядныя дапаможнікі. Тэхніку, дэталі вывезлі ў Германію. Спатрэбіліся вялікія намаганні выкладчыкаў і навучэнцаў па падрыхтоўцы былых памяшканняў да заняткаў. Навучальны працэс пачаўся ўвосень 1945 г. На першым часе навучэнцы спалучалі вучобу з працай па рамонту класаў.

У мэтах забяспячэнні навучэнцаў школы да 1945/46 -га навучальнага года інтэрнатам, Народны Камісарыят земляробства БССР загадам №539 ад 27 ліпеня 1945 года абавязаў дырэктара Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума Ц.Е. Шамрая перадаць Смілавіцкай школе механізацыі сельскай гаспадаркі дом тэхнікума па вуліцы Садовай, якая павінна была закончыць аднаўленча-рамонтныя работы да 1 кастрычніка 1945 года.

Гэтую дарэвалюцыйную пабудову, атынкаваную звонку, помняць некалькі пакаленняў супрацоўнікаў. Пасля інтэрната тут месціліся лабараторыі слясарнай справы, сельскагаспадарчых машын. Потым яе выкарыстоўвалі ў якасці жылля для работнікаў. У 80-ыя гады дом знеслі і на этым месцы пабудавалі пошту.

На палях былых баёў збіралі дэталі ваеннай тэхнікі, сартавалі. Дзякуючы энтузіязму, дбайнасці педагогаў і выхаванцаў, школа стала добра працаваць, набываць аўтарытэт. Павялічылася колькасць атрымліваемых прафесій. Акрамя трактарыстаў, шафёраў, камбайнераў, пачалі рыхтаваць механікаў, электраманцёраў. Хутка расла колькасць навучэнцаў. Калі ў 1949 г. планавалася выпусціць 235 спецыялістаў, то ў 1950 г. — звыш 700. Удасканальваўся навучальна-выхаваўчы працэс.

У 50-я гады шмат было зроблена па стварэнню матэрыяльнай базы. Будаўніцтва вялося ўласнымі сіламі. Ветэраны ўспамінаюць, што кожны член калектыву ўзяў добраахвотнае абавязацельства адпрацаваць за год не менш як 100 гадзін на будоўлі. Большасць работ выконвалася пасля заняткаў. Уласнымі сіламі пабудавалі шлакабетонные майстэрні, павець для захоўвання тэхнікі, абсталявалі па новых спецыяльнасцях класы і лабараторыі. Падтрымала і дзяржава. У 1954 г. уводзіцца ў эксплуатацыю спецыяльна пабудаваны двухпавярховы цагляны будынак (у наш час перабудаваны пад кватэры). Гэта дазволіла больш якасна весці навучанне і выхаванне. У адной са старых пабудоў, дзе раней знаходзіліся класы, абсталявалі клуб. Сюды ішлі не толькі навучэнцы, але і жыхары пасёлка. Тут праводзіліся захапляючыя культурныя мерапрыемствы. Ладзіліся сустрэчы з вядомымі людзьмі дзяржавы. Вучылішча наведаў і выступіў сусветна вядомы дыктар Усесаюзнага радыё Юрый Левітан.

У 1954 г. Дзяржаўны камітэт працоўных рэсурсаў пры Савеце Міністраў БССР перайменаваў школу ў Смілавіцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 23. Педагогі і навучэнцы актыўна адгукаліся на заклікі дзяржавы. У розны час каля 2000 чалавек прынялі ўдзел у асваенні цалінных зямель. За ўдарную працу шмат хто атрымаў высокія ўзнагароды. Навучэнцаў перавялі на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне: яны пачалі атрымліваць адзенне, трохразовае харчаванне.

У пачатку 60-х гадоў, калі вучылішча ўзначаліў Пётр Яфімавіч Бычкоў, было атрымана шмат новай тэхнікі. Кабінеты і лабараторыі папоўніліся агрэгатамі, вузламі, дэталямі, інструментамі і інш. З мэтай больш эфектыўнага спалучэння тэарэтычнага і вытворчага навучання ў 1961 г. на базе былога калгаса імя Сталіна створана навучальная гаспадарка. Гэта дало магчымасць спалучаць тэорыю і практыку непасрэдна ў вучылішчы. Першым яе загадчыкам стаў В.Л. Розум. Жыццё паказала вялікую карысць такого рашэння, яго перспектыўнасць.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

(Працяг будзе)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *