ЗА ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ ТРЭБА ВЫСТУПАЦЬ АКТЫЎНЕЙ…

Общество

На пачатку жнівеньскага пасяджэння раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў яе старшыня, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька акрэсліла праблемы, якія па-ранейшаму існуюць на Чэрвеньшчыне. А гэта — выраб, захаванне і рэалізацыя самагону плюс вадзіцелі, якія знаходзяцца за рулём у стане алкагольнага ап’янення. У тым ліку з арганізацый  і прадпрыемстваў раёна — нягледзячы на перадрэйсавыя агляды. Работа па папярэджанні такіх сітуацый павінна быць узмоцнена.

Аналіз суіцыдальнай актыўнасці насельніцтва ў раёне за сем месяцаў гэтага года прадставіў урач псіхіятр-нарколаг Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Дзмітрый Кулеўскі. З гэты час жыхарамі здзейснена 9 суіцыдаў, за адпаведны перыяд мінулага года — столькі ж. Таксама зарэгістравана 7 спробаў звесці рахункі з жыццём (летась — 8). Усе  сем асобаў агледжаны ўрачом-псіхіятрам і накіраваны на стацыянарнае лячэнне. Дзмітрый Кулеўскі падкрэсліў, што асноўнымі фактарамі рызыкі здзяйснення суіцыдаў з’яўляюцца: адсутнасць сям’і, пастаяннай работы, алкагалізм, расстройствы асобы і неўратычныя, дэпрэсіі, злоўжыванне алкаголем.

Каб знізіць суіцыдальную актыўнасць насельніцтва, Чэрвеньская цэнтральная раённая бальніца праводзіць пастаянную работу. Урач-псіхатэрапеўт кансультуе ўсіх пацыентаў з прыкметамі суіцыдальных паводзінаў. У месцах масавага знаходжання людзей размешчана інфармацыя аб аказанні экстраннай псіхалагічнай дапамогі. У працоўных калектывах, установах адукацыі праводзяцца лекцыі і прафілактычныя гутаркі.

Таксама Дзмітрый Кулеўскі агучыў шэраг прапаноў: працягнуць работу па раннім выяўленні асобаў з прыкметамі суіцыдальных паводзінаў; па навучанні ўрачоў і сярэдняга медыцынскага персаналу па іх выяўленні; урачу-псіхатэрапеўту і медыцынскаму псіхолагу праводзіць кансультаванне сем’яў, члены якіх звялі рахункі з жыццём; працягнуць псіхаадукацыю насельніцтва і міжведамаснае ўзаемадзеянне паміж усімі суб’ектамі прафілактыкі. Падчас абмеркавання гэтага пытання старшыні сельвыканкамаў абмалёўвалі канкрэтныя сітуацыі і прасілі дапамогі ў іх вырашэнні. Размова атрымалася сапраўды зацікаўленай і карыснай.

Са справаздачай аб рабоце па прафілактыцы п’янства і алкагалізму на тэрыторыі Раваніцкага сельсавета выступіла старшыня тамтэйшага сельвыканкама Вольга Тарасік. Яна зазначыла, што для выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па пераадоленні і папярэджанні п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гады на тэрыторыі сельсавета працуе адпаведная камісія. За сем месяцаў гэтага года праведзена тры яе пасяджэнні. Сярод разгледжаных пытанняў — удакладненне спісаў асобаў, якія злоўжываюць спіртным; разгляд інфармацыі, што паступіла з Чэрвеньскага РАУС; справаздача аб рабоце Раваніцкай участковай бальніцы па прафілактыцы п’янства і барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва і рабоце ўстаноў культуры па арганізацыі вольнага часу жыхароў сельсавета. Падчас пасяджэння тамтэйшай камісіі заслухана пяць чалавек, якія здзейснілі правапарушэнні менавіта ў стане алкагольнага ап’янення. За імі замацаваны дэпутаты і ўстаноўлены кантроль участковага інспектара.

У спісе жыхароў Раваніцкага сельсавета, якія злоўжываюць спіртным, па стану на 1.01.2013 года было 9 чалавек, на 1.07 — 6 (адзін накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, другі закадзіраваўся, трэці захварэў і кінуў піць самастойна, уладкаваўся на працу). З астатнімі зацікаўленыя ведамствы працягваюць працаваць.

Як паведаміла Вольга Тарасік, члены камісіі таксама праводзяць рэйды па крамах (за справаздачны перыяд іх — 22) з мэтай кантролю за захаваннем правілаў гандлю алкагольнай прадукцыяй. Фактаў рэалізацыі спіртнога і табачных вырабаў непаўналетнім не выяўлена.

Асаблівая ўвага ў Раваніцкім сельвыканкаме надаецца сем’ям, дзе ёсць непаўналетнія, а іх бацькі былі заўважаны ў злоўжыванні алкаголем. Рашэннем Савета прафілактыкі ўстаноў адукацыі дзеці прызнаюцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а работа з сем’ямі праводзіцца ўсімі зацікаўленымі. Аднак з дзвюх сем’яў сёлета дзяцей давялося забраць, бо сітуацыя там была сапраўды сацыяльна-небяспечнай. У выніку адной маці дзіця ўжо вернута, бо яна закадзіравалася, уладкавалася на працу. Дзеці з другой сям’і пакуль знаходзяцца ў прытулку.

Па выніках наведвання сем’яў бацькі запрашаюцца на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Раваніцкага сельвыканкама. За першае паўгоддзе было выклікана 14 чалавек, некаторых давялося запрашаць па 2-3 разы. На 1.07.2013 года на тэрыторыі сельсавета пражывае 7 сем’яў, дзе 14 дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. За справаздачны перыяд, як і летась, не выяўлена ніводнага выпадку злоўжывання алкаголем і здзяйснення правапарушэнняў непаўналетнімі.

Вольга Тарасік распавяла таксама, што на тэрыторыі сельсавета вядзецца барацьба з самагонаварэннем. Праведзена 5 рэйдаў па выяўленню адпаведных ачагоў, зарэгістраваны тры факты рэалізацыі вадкасці, што ўтрымлівае спірт, на даму. На прафілактычны ўлік за сістэматычнае здзяйсненне правапарушэнняў у п’яным выглядзе ўзята ў Чэрвеньскі РАУС два чалавекі (летась — столькі ж). А што датычыцца вядзення здаровага ладу жыцця, удзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах, задавальнення чытацкай цікаўнасці, дык на тэрыторыі Раваніцкага сельсавета ёсць усе неабходныя для гэтага грамадскія аб’екты.

Як зазначыла напрыканцы пасяджэння раённай камісіі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Гоман, адна з асноўных задач зацікаўленых ведамстваў — выяўленне тых асобаў рознага ўзросту, хто толькі пачынае піць, і вядзенне з імі актыўнай мэтанакіраванай работы, каб вярнуць іх да нармальнага ладу жыцця — без бутэлькі.

Па выніках пасяджэння камісіі кожны з суб’ектаў атрымаў канкрэтныя даручэнні.

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *