ТАКІЯ НАСТАЎНІКІ НЕ ЗАБЫВАЮЦЦА…

Общество

Кожны раз перад новым навучальным годам прыгадваецца мне школа, заняткі, усялякія мерапрыемствы і мілыя сэрцу педагогі. Сёння я хачу ўзгадаць колішнюю настаўніцу Лядзенскай сярэдняй школы Алу Пятроўну Вяржбіцкую. Яна выкладала нямецкую мову, свабодна размаўляла на ёй. Інстытут замежных моў скончыла ў далёкія цяпер шасцідзесятыя і ўсю сваю працоўную дзейнасць прысвяціла Лядзенскай школе. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ала Пятроўна яшчэ шмат гадоў працягвала выкладаць свой прадмет.

Пра яе працу можна гаварыць бясконца! Гэта сапраўды педагог ад Бога. Ад яе ўрокаў, на якіх пашчасціла прысутнічаць, я была ў захапленні! Як яна ўмела выкладаць свой прадмет! Ніводны вучань не выпадаў з поля зроку педагога, і нават самыя слабыя штосьці гаварылі на мудрагелістай мове. Сваім ціхім, спакойным голасам, прывабнай усмешкай Ала Пятроўна літаральна заварожвала вучняў! Яны лавілі кожнае яе слова, паўтаралі за ёй, давалі адказы на пастаўленыя пытанні… Пры гэтым настаўніца выкарыстоўвала розны дапаможны дыдактычны матэрыял: карціны, табліцы, карткі ды іншае. Па іх вучні складалі невялічкія аповеды, вялі гутаркі адно з адным. А вучні старэйшых класаў выдатна расказвалі пра сябе, сям’ю, школу, вёску, сяброў на нямецкай мове. Шматлікія школьнікі, выдатнікі прадмета, неаднойчы атрымлівалі прызавыя месцы на алімпіядах. Вось якая цудоўная настаўніца жыве ў вёсцы Ляды! Яе ведае і памятае кожны вучань, прыгадвае з удзячнасцю.

У паўсядзённым жыцці Ала Пятроўна — сціплая, ветлівая, добразычлівая, гасцінная жанчына. Яна карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў, былых вучняў і проста знаёмых.

Здароўя табе, дарагая Ала Пятроўна, даўгалецця, нязгаснай любві да сваёй сям’і. І няхай твая прыемная ўсмешка заўсёды ззяе на вуснах!

З павагай — Рэгіна ШАЛУПЕНКА,

в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *