Сябры “Бонды” зладзілі чарговую пазнавальна- краязнаўчую паездку

Общество

(Заканчэнне)

Наступны накірунак — у Воўпу. Па дарозе заязджаем у Масты, каб паглядзець на новы падвясны мост праз раку Нёман. Рака тут асабліва велічная і прыгожая, а мост  хісткі і злёгку пагойдваецца, калі на ім збіраецца шмат людзей. З задавальненнем фатаграфаваліся на фоне гэтага маста і цудоўнага наваколля.

Воўпа

Таксама мае непасрэднае дачыненне да Радзівілаў. Бо хоць і было мястэчка ўласнасцю роду буйных землеўладальнікаў  Сапегаў, але жонка аднаго з яго прадстаўнікоў — Караліна — паходзіла з Радзівілаў. Тут, у Воўпе, з часоў Сапегаў існуе самы велічны ў Беларусі драўляны касцёл. У ім захаваўся прыгожы і такі ж стары алтар. У ніжняй частцы алтара змешчаны гербы, сярод якіх герб Сапегаў — «Ліс» — двойчы перакрыжаваная срэбная страла ў чырвоным полі. Крыж азначае дабрадзейнасць, а страла — перамогу. Вакол гэтага герба вянком размешчаны яшчэ чатыры — фундатараў касцёла. Алтар зроблены напачатку 18 стагоддзя  ў чорных адценнях з пазалотай, упрыгожаны калонамі з гронкамі вінаграду. У цэнтры — абраз распяцця, а па баках — драўляныя фігуры Святых Яна і Казіміра. У  касцеле ёсць яшчэ два бакавыя алтары.

Перад уваходам у храм на высокіх пастаментах стаяць два выразаныя з дрэва анёлы, вышыня якіх больш як два метры. Побач з касцёлам шмат старых пахаванняў.

Гэта і шмат чаго іншага цікавага мы пабачылі, калі наведаліся ў Воўпу.

Гудзевічы

Невялікая вёска ў 55 кіламетрах ад Гродна — апошні пункт намечанага маршруту. Цікавасць уяўляла не столькі сама вёска, як яе знакаміты жыхар — вядомы ў Беларусі краязнаўца, настаўнік беларускай мовы і літаратуры (зараз на пенсіі) Алесь Мікалаевіч Белакоз. Гэта яго намаганнямі быў створаны мясцовы дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. У ім сабрана  каля 15 тысяч экспанатаў. Пабудавана і традыцыйная сялянская хата, куды абавязкова запрашаюць турыстаў. Зазірнулі ў яе і мы. Сапраўды, слухаць аповед музейнага экскурсавода і аглядаць прадстаўленыя там старадаўнія рэчы было цікава.

Але найбольшых эмоцый выклікала размова з Алесем Мікалаевічам, які прадстаў перад намі з меднай бляхай на ілбе і ледзь перасоўваючы ногі. Сапраўды, гэта вельмі хворы чалавек, але насуперак усім безнадзейным прыгаворам медыкаў, працягвае жыць, сустракацца з людзьмі, пісаць брашуры. Пераконваў нас, што медная пласцінка сунімае яму галаўны боль, а ўвогуле медзь дапамагае пры самых розных хваробах. Лячэнне рознымі сродкамі народнай медыцыны, пра якія Алесь Мікалаевіч ахвотна распавёў, выклікала зацікаўленасць. А мясцовы экскурсавод падарыла ўсім жадаючым крэмній — натуральны сродак ачышчэння вады. Сам Алесь Мікалаевіч у якасці прэзента перадаў чэрвеньцам дзве свае брашуры. Адна з іх — “Крамянёўка”, а другая — “Самарослая методыка”. У першай аўтар піша пра лекавыя ўласцівасці крамянёвай вады, як правільна яе самому зрабіць, што патрэбна чалавеку, каб доўга жыць і працаваць, а ў другой дзеліцца ўласным педагагічным вопытам, набыткамі ў выкладанні школьных прадметаў. Некаторыя з яго разважанняў падаліся спрэчнымі, але ўсё ж тое-сёе ад мудрага чалавека можна калі не пераняць, то ўзяць да ўвагі. З такімі думкамі развіталіся з гэтым добразычлівым Алесем Мікалавеічам і Гудзевічамі.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *