СЯБРЫ “БОНДЫ” ЗЛАДЗІЛІ ЧАРГОВУЮ ПАЗНАВАЛЬНА- КРАЯЗНАЎЧУЮ ПАЕЗДКУ

Общество

 

Касцёл у Новай Мышы

(Працяг)

Сталовічы.

Як распавёў экскурсавод, Сталовічы былі ўласнасцю Радзівіла Сіроткі. Яго сын Жыгімонт уступіў у рыцары Мальтыйскага ордэна і адкрыў тут камандорства гэтага ордэна. Яшчэ цікавая мясціна тым, што ў 1771 годзе пад Сталовічамі адбылася бітва, у якой 900 воінаў таленавітага палкаводца Суворава разбілі пяцітысячны корпус гетмана Агінскага. Загінула шмат людзей. У памяць аб бітве непадалёк царквы пастаўлены валун з надпісамі па-беларуску і па-польску: «12 IX 1771 тут адбылася бітва канфэдэратаў гетмана М.К.Агінскага з войскамі А.Суворава», «Pokoj ich duszom» (“Пакой іх душам”).

Нам расказалі, што калісьці ў Сталовічах ладзіліся вялікія кірмашы, на якія з’язджалася мноства люду купіць тавар, прадаць, штосьці добрае нагледзець, пераняць або завесці патрэбнае знаёмства. Мне гэта ўяўляецца, як Гогалеўская “Сорочинская ярмарка”. Вось бы патрапіць на такую! Але, на жаль, былое не вяртаецца, а кірмашоў тут даўно няма. Каму што трэба, едуць у горад Баранавічы, да якога амаль што прымыкае гэтая вёска. А там і крамаў шмат, і базар не адзін. Мы ў Баранавічы не заязджаем, а збочваем направа, на трасу Брэст-Масква, потым зноў направа — у Новую Мыш.

 

Новая Мыш

Ёсць яшчэ і Старая Мыш — яна непадалёк Новай.

Узнікла Мыш на беразе ракі Мышанка. Назвы нязвыклыя і тояць нямала здагадак. Адны мяркуюць, што назва мае балтыйскі корань “машаз”, які азначае “маленькі”. Іншыя бачаць паходжанне ад літоўскага слова “мышкас” — “лясісты”. А самім жыхарам падабаюцца рамантычныя легенды, адну з якіх паклаў у аснову сваёй балады беларускі паэт Ян Чачот. Яго дзяцінства прайшло тут, а таму часта свае творы ён падпісваў: “Ян з-пад Мышы”. У 1996 годзе на пастаменце з белай цэглы землякі паставілі бюст Яну Чачоту.

Нам экскурсавод распавёў такую легенду: жыў баярын Мышка, у якога была дачка-прыгажуня. Закахаўся ў яе баярскі слуга і вырашыў сілаю ўзяць. Дзяўчына кінулася ў раку, каб пераплыць на іншы бок і выратавацца, але сіл не хапіла і затанула. Усе шкадавалі красуню, таму і рэчку назвалі яе імем.

У сапраўднасці баярына Мышкі не існавала. Уладарамі былі Хадкевічы, Сіняўскія, Юдзіцкія, Масальскія і Несялоўскія.

Нас Новая Мыш сустрэла касцельным звонам — запрашэннем на Святую Імшу, куды мы адразу і накіраваліся. Звонку будынак

Прэабражэнская царква

зусім просты, але ўнутры яго — сапраўдная прыгажосць і багацце: драўляныя скульптуры, маляваныя абразы з 17 стагоддзя, тры разьбяных алтары ў два ярусы… Усё прывозілася з іншых беларускіх храмаў. Напрыклад, радзівілаўскія алтары, амвоны, арган трапілі ў 1905 годзе з зачыненага нясвіжскага касцёла бенедыктаў.

Ад экскурсавода мы пачулі, што не так даўно падчас рэстаўрацыі касцельнага абраза Маці Божай на дошках пад фарбай паказалася больш старая выява — Маці Божай Бялыніцкай. Пра яе распавядаецца такая гісторыя: славуты абраз Маці Божай Бялыніцкай знаходзіўся ў кармелітаў у Бялынічах. Падчас трынаццацігадовай вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, каб захаваць яго, вырашылі адправіць у Кракаў. Але каля Ляхавіч коні спыніліся і не захацелі рухацца. Таму камендант Ляхавіцкага замка і гаспадар Мышы Станіслаў Юдыцкі пакінуў цудадзейны абраз у замку. А праз нейкі час Ляхавіцкі замак быў абкладзены войскамі царскага ваяводы Хаванскага. Жыхары маліліся перад абразам Маці Божай аб выратаванні. Неўзабаве варожыя войскі адступілі. Маці Божую Бялыніцкую лічылі вызваліцельніцаю Вялікага Княства Літоўскага.

Прэабражэнская царква

У Новай Мышы насупраць каталіцкага храма месціцца драўляная Прэабражэнская царква. Нам пашчасціла патрапіць і сюды — якраз ішла нядзельная служба. Дата будаўніцтва гэтай святыні 1859 год (на 34 гады пазней, чым касцёла). У ёй знаходзіцца вельмі прыгожы бела-залаты іканастас другой паловы 19 стагоддзя.

…У прыўзнятым настроі накіроўваемся далей у заходнім напрамку да запланаванага агляду славутасцяў сучаснага раённага цэнтра Дзятлава.

 

Дзятлава

Гэта цяперашняя назва гарадка ў Гродзенскай вобласці, а калісьці яна гучала: Здзяцела (або Здзецела). У той час тут было невялікае паселішча, а не горад. Радзівілаўскай уласнасцю яно стала ў 1685 годзе. У студзені 1708-га, падчас Паўночнай вайны, у тутэйшых мясцінах размяшчаліся расійскія войскі і ў Дзятлаве быў Пётр I. Калі мястэчкам авалодалі шведы, яны ўшчэнт спалілі яго разам з замкам. І толькі праз 30 гадоў Радзівілы аднавілі тут сваю сядзібу, пабудавалі палац. Багаты зяць Мікалая Радзівілы — Станіслаў Солтан — адкупіў Здзяцела і пачаў эфектыўна гаспадарыць. Былі пабудаваны невялікая папяровая фабрыка, цагельны завод, паштовая станцыя… У 1812 годзе ён, як і значная частка беларускай шляхты, вітаў французскія войскі, выступіў на баку Напалеона. Пасля смерці Станіслава Солтана спадчына перайшла сыну — Адаму, палкоўніку войска кароннага. Ён прыняў удзел у паўстанні 1831 года, і таму яго палац і фальварак у Дзятлаве былі скасаваны і перададзены ў казну.

Прыгожы трохпавярховы палац багатых гаспадароў захаваўся і зараз уваходзіць у тэрыторыю мясцовай бальніцы. Наўкола вельмі маляўнічыя мясціны, побач з палацам — тры возеры. Усё гэта мы ўбачылі, праязджаючы праз горад. Удалечыні ад палаца прыцягвае ўвагу касцёл. Мясцовы ксёндз па дамоўленасці чакаў нас у ім, каб мы змаглі агледзець гэтую ўнікальную святыню. На яе пабудову фундаваў Сапега напачатку 17 стагоддзя, а пазней на перабудову — Радзівіл. Многае дагэтуль захавалася. На фасадзе касцёла і ў нішах мы ўбачылі шмат цікавых скульптур. На жаль, святар спяшаўся па справах і нічога пра касцёл нам не распавёў. І фатаграфаваць не дазволіў, спасылаючыся на тое, што ў святыні знаходзяцца надта старадаўнія рэчы, якім можа пашкодзіць яркае святло фотаўспышкі.

…У Дзятлаве марасіў летні дождж, які злёгку прытушыў наш прыўзняты настрой. А, магчыма, і час абеду патрабаваў крыху прыцішыць наш турыстычны бег. Таму ўсе абрадаваліся, калі з’явілася прапанова паласавацца фірменным сырам мясцовага сыраробнага завода, чыя прадукцыя славіцца цудоўнай якасцю. Наведаліся ў краму, дзе закупілі яго. Бралі памногу, каб хапіла сабе і сябрам. Прадавец была прызвычаена да такога наплыву пакупнікоў, абслугоўвала хутка, дагаджаючы кожнаму ў выкананні той ці іншай просьбы. І праз колькі часу з важкімі пакетамі мы паспяшаліся да свайго аўтобуса.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *